У аўторак стала вядома пра пятую смерць палітвязня ў Беларусі: у Бабруйскай калоніі памёр былы сябра БСДП “Грамада” Ігар Леднік. Яму прысудзілі тры гады за антываенны артыкул у партыйным часопісе “Пазіцыя”, дзе ён абвінаваціў Лукашэнку ва ўдзеле ў развязванні вайны Расіі супраць Украіны. Ігар Леднік меў другую групу інваліднасці з-за праблем з сэрцам. У турме стан здароўя значна пагоршыўся: яго апошнія месяцы трымалі ў санчастцы Бабруйскай калоніі, але паміраць завезлі ў лякарню ў Бабруйск, дзе кваліфікаваныя медыкі ўжо не здолелі ўратаваць жыццё палітвязня. Прычынай смерці называецца спыненне сэрца. Ігару Ледніку было 63 гады.
Гэтую смерць нам пракаментаваў Алег Мацкевіч, праваабаронца „Вясны”, які быў асабіста знаёмы з Ігарам Леднікам.
Я таксама з Барысава. І мы былі знаёмыя, калі не 20, то ўжо далёка за 15 гадоў. Годзе ў 2007-2008 я з ім пазнаёміўся. Чалавек незвычайнага лёсу, незвычайнай біяграфіі. У 1990-я гады Ігар быў бізнесменам, меў дастаткова паспяховы бізнес у Барысаве. Быў багатым чалавекам. Ён мне расказваў пра свой лёс, пра тое, як ён стаў праваабаронцам, як стаў актывістам. Вось менавіта з гэтага пачалося – калі ў яго “адціснулі” гэты бізнес, ён пайшоў у суд абараняць свае правы. Нічога не атрымалася, на жаль, таму што, вы разумееце, напэўна, прычыны гэтага – таму што былі замяшаныя людзі, якія мелі большую вагу, у тым ліку ў дзяржаўных структурах.
І ён мне так і расказваў, што з тых часоў ён для сябе вырашыў займацца абаронай правоў людей. Пра яго палітычную актыўнасць шмат хто піша. Пры гэтым мала хто згадвае пра праваабарончы аспект ягонага жыцця. Ён быў праваабаронцам, апрача таго, што ён быў палітыкам, актывістам. Пачынаў ён сваю праваабарончую дзейнасць, як адзіночка, чалавек, які абараняў свае правы. Потым, наколькі мне вядома, ён супрацоўнічаў з Праваабарончым цэнтрам “Вясна” – можа быць, 1,5 – 2 гады, дакладна не ведаю, гэта было да таго яшчэ, як я прыйшоў у Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Ігар займаўся пытаннямі не толькі праваабароны ў чыстым выглядзе – абароны правоў нейкіх канкрэтных фізічных асобаў, але ў тым ліку ён займаўся пытаннямі больш глабальнымі – што тычыцца палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Ён паўсюль прасоўваў тэзіс, што гэтая сучасная ўлада не мае легітымнасці. Была такая камісія з дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання, яка зрабіла выснову, што ўжо на той час Лукашэнка не меў легітымнай улады ў Беларусі. І Ігар прытрымліваўся гэтай пазіцыі і паўсюль яе прасоўваў. Менавіта за гэта ён, я думаю, і паплаціўся ўрэшце рэшт.
Як бы Вы ацанілі стан захадаў па ахове здароўя ў месцах несвабоды ў Беларусі?
Пра якія захады можна гаварыць, зважаючы на тое, што асуджаюць такіх людзей? Ведаеце, калі супраць Ігара завялі крымінальную справу, ён ужо на той час быў вельмі-вельмі-вельмі хворым чалавекам. У яго была другая група інваліднасці па сэрцы. Ён лячыўся, доўгі час ляжаў у шпіталях. Калі яго “ўзялі” і завялі крымінальную справу – для мяне гэта было дзікунства, бо я яго бачыў на свае вочы, калі ён хварэў, калі ён яшчэ быў, так бы мовіць, звычайным грамадзянінам, без цяганняў па гэтых допытах і адміністрацыйных “соднях”. Ён вельмі кепска выглядаў.
І не дрыгнула рука ні суддзі, ні пракурора, якія выносілі гэты прысуд, якія падпісвалі абвінавачванне. Я проста не ведаю, якой цаной гэтыя людзі павінны плаціць за тое, што яны фактычна выносяць смяротны прысуд. Не важна, што яны не выпускаюць кулю ў гэтага чалавека, альбо не надзяваюць пятлю ў прамым сэнсе. Але ў пераносным сэнсе гэта так і ёсць – гэтыя людзі забіваюць іншых людзей сваімі подпісамі.
Ці ёсць, з вашага погляду, нейкі механізм, каб паўплываць на сітуацыю, калі людзей даводзяць да смерці ў беларускіх вязніцах?
Нейкіх універсальных рэцэптаў у мяне, канешне, няма. Я думаю, ні ў каго няма зараз універсальныхх рэцэптаў – паглядзіце, што адбываецца ў нашых турмах, у тых жа турмах Расіі. Гэта адбываюцца забойствы людзей, якія супрацьстаяць дыктатурам, супрацьстаяць гвалту. І гэтых людзей фізічна знішчаюць для таго, каб пабудаваць нейкую сваю будучыню.
Я думаю, што самы дзейсны інструмент – гэта працягваць тую працу, якую рабілі гэтыя людзі. І, канешне, гаварыць пра тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, каб як мага больш людзей ведалі і ўнутры Беларусі і за межамі. І каб гэта ўрэшце рэшт нейкім чынам паўплывала на тое, каб людзі, у якіх ёсць дзейсныя інструменты – я маю на ўвазе заходніх палітыкаў, заходніх бізнесменаў – нарэшце пранікліся гэтай свядомасцю і нейкім чынам паўплывалі на сітуацыю ўнутры Беларусі.
Comments are closed.