Loading

Псіхолаг з Гродна Вольга Вялічка, якая цяпер жыве ў Вільні, прадставіла чытачам сваю кнігу «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме». Выданне пабачыла свет сёлета ў Кракаве, а першая яго прэзентацыя прайшла ў беластоцкай культурніцкай прасторы Nie Teatr («Не тэатр»).

«Паказаць свет, якім яго бачаць дзеці, прычым дзеці, якія вельмі рана мусілі зразумець, што гэты свет несправядлівы»– так акрэсліла галоўную мэту выдання кніжкі яе аўтарка, прафесійны псіхолаг Вольга Вялічка, якая па роду сваёй дзейнасці працавала з дзецьмі тых, хто з палітычных прычын апынуўся ў лукашэнкаўскіх засценках.

Ірына Новік і Вольга Вялічка

Назва кнігі адсылае да вядомага многім на постсавецкай прасторы выдання «Ад двух да пяці» Карнея Чукоўскага, дзе ён распавядае аб дзіцячай мове і, калі браць шырэй, аб дзіцячай душы. Але «Ад двух да пятнаццаці» гэта яшчэ і гады зняволення, якімі сёння караюць у Беларусі нявінных людзей, ламаючы жыцці ім і, зразумела, іх дзецям.

«Гэтыя дзеці ў сваім малым узросце ўсвядомілі, што жыццё несправядлівае. На іх выліўся акіян несправядлівасці», – казала Вольга Вялічка на прэзентацыі, якую вяла гарадзенская журналістка Ірына Новік. І досвед гэтых дзяцей пераклікаецца з досведам тых, каго непасрэдна закранула машына сталінскіх рэпрэсій. Нават у кніжцы асобным раздзелам ідуць успаміны сведкаў пра жаночы лагер Алжыр (Акмолинский лагерь жён изменников родины).

Наколькі цяжка было пісаць такую кнігу, збіраць для яе матэрыял? З гэтым пытаннем я звярнуўся да аўтаркі.

«Здалёк пачну і гэта будзе мой адказ. Калі мне было гадоў 20, я глядзела на маладыя твары дзяўчат і жанчын. Тады я ўсвядоміла, чым адрозніваюцца гэтыя твары – тым, што ў людзей, якія прайшлі праз досвед, на твары гэты досвед бачны. І хачу сказаць, што за два гады я не памаладзела.

Ты сядзіш у кабінеце, да цябе залятае пяці гадовы хлопчык і кажа: «А ты ведаеш, дзе мая мама? А мая мама ў турме». Я, 15 год прапрацаваўшы з цяжкахворымі дзецьмі, на маіх вачах дзеці паміралі, і мне падавалася, што я ўжо ўсё бачыла ў гэтым жыцці, не бачыла толькі сваіх унукаў, я нават жыла з такім дывізам. А тут атрымалася, што я шмат, шмат чаго яшчэ не ведаю. І гэтая гісторыя пра тое, што зараз праходзяць беларускія дзеці, праз гэтую палітызацыю, праз бачанне і разуменне, наколькі свет несправядлівы. Самым складаным з’яўляецца вось гэта. І калі дзіцёнак сядзіць і кажа: «Ну, калі ў мяне ёсць толькі адзін варыянт мары, то без шанцаў. Я хачу, каб мой тата выйшаў. А калі б мне можна было б дзве мары, то я яшчэ б хацеў камп’ютар, каб я мог гуляць». І гэта ўсё ў дзіцячым розуме. То бок гэтыя дзеці зараз мараць пад Новы год ні пра камп’ютары, ні пра гульні, ні пра лега, яны мараць, каб бацькоў выпусцілі. І самым цяжкім, самым шакуючым для мяне менавіта гэта з’яўляецца – тое, што ў гэтых дзяцей няма дзяцінства. І наступствы гэтага будуць не толькі для гэтага пакалення, а на два, тры, чатыры пакаленні наперад».

«Калі вы хочаце даведацца пра тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, прачытайце гэтую кнгу», – раіць нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч у сваёй анатацыі да выдання Вольгі Вялічкі, якое з’явілася ў кракаўскім выдавецтве «Гутэнберг».

Comments are closed.