Сёняшнія ўлады Беларусі ўпарта змагаюцца з усім беларускім унутры краіны. Таму вельмі важна захоўваць сваю беларускую нацыянальную ідэнтычнасць тым, хто праз рэпрэсіі мусіў пакінуць Беларусь і зараз жыве ў вольных краінах. Гэта трэба і для таго, каб даносіць беларушчыну ў саму Беларусь. 2023 год Аб’яднаным пераходным кабінетам быў абвешчаны годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. Мы спыталі, што з задуманага на гэты год атрымалася ажыццявіць і якія планы надалей у прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета ў пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліны Коўшык.
— 2023 год быў абвешчаны годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. Для нас – для прадстаўніцва па нацыянальным адраджэнні, кожны год будзе годам адраджэння. Але, тым не менш – 2023 год мы хацелі падкрэсліць менавіта значнасць самога працэсу адраджэння нацыі і значнасць больш шырэйшага выкарыстання беларускай мовы.
І мы цягам гэтага году пачалі ствараць пэўныя ініцыятывы і падтрымліваць тыя ініцыятвы, якія пашыралі і тычыліся менавіта гэтых накірункаў. Яны для нас былі ў абсалютным прыярытэце. Што можна было б з вышэй узгаданага пералічыць? Мы, напрыклад, стварылі сетку школак у супрацы з Беларускай школай у Варшаве для дзяцей беларускіх эмігрантаў. Каб дзеці маглі вучыць беларускую мову, гісторыю, культуру. Нават у тых краінах, дзе гэтага школьнага кампанена няма. І зараз гэтая сетка працуе ўжо ў трох краінах. І вельмі спадзяюся, што яна будзе пашырацца далей.
Таму што там у нас ужо ўтварылася супольнасць дзяцей, настаўнікаў. І падаецца, што гэтая супольная праца вельмі патрэбная. Спадзяюся, што ў гэтым годзе і вашыя слухачы таксама будуць далучаца да гэтых школак, таму што іх становіцца ўсё больш і больш.
Мы таксама правялі шэраг канферэнцый. Я ўдзельнічала таксама, расказваючы пра ролю беларускай мовы, культуры. Справаводства кабінета было пераведзена на беларускую мову. І мы бачым, што беларуская мова ў публічнай прасторы, прынамсі, у беларускай дэмакратычнай прасторы, стала такой абавязковай – калі ты сябе паважаеш, калі ты беларус, то беларуская мова для цябе з’яўляецца мовай зносінаў.
Хацелася б, каб у нас да мовы змянілася стаўленне і мы пачалі да яе ставіцца як да нармальнасці, як да мовы, якой мы проста карыстаемся, як да мовы, якая нас не проста спалучае з нашымі каранямі, з нашымі продкамі, але якая таксама адчыняе дзверы ў будучыню. І таму, мова – гэта не проста набор словаў ці літараў. Хаця, літары таксама важныя. Але гэта таксама набор культурніцкіх кодаў, якія раскадоўваюць, альбо закадоўваюць нашу рэчаіснасць. І таму недарма служкі рэжыму зараз так змагаюцца менавіта з мовай, з літаратурай, з падручнікамі, з адукацыяй. І таму для нас было важным пачаць супрацьстаўляць ім канкрэтныя ініыятывы з нашага боку.
І натуральна, што трэба прапрацоўваць гэтыя захады. І зараз да 2024 году, я думаю, што мы пойдзем яшчэ больш падрыхтаванымі і нягледзячы на тое, што гэты год ужо прысвечаны іншай тэме, але, тым не менш, для нас прасоўванне беларускай мовы і агулам шлях нацыянальнага адраджэння застаецца адным з прыярытэтных.
Больш за тое, мы лічым, што на дадзены момант пытанне нацыянальнага адраджэння – гэта пытанне, якое звязана непасрэдна з пытаннямі незалежнасці нашай краіны. Таму так часта на самым высокім палітычным узроўні мы расказваем пра сітуацыю ў краіне. Мы расказваем пра тое, чаму важна захоўваць і падтрымліваць культурныя і адукацыйныя праекты. Таму што – гэта тое, што захоўвае нашу тоеснасць. А, калі мы будзем моцнай супольнасцю, аб’яднанай каштоўнасцямі, аб’яднанай мовай, аб’яднанай сцягам, то нас разбурыць будзе нашмат цяжэй.
І таму наступны год Аб’яднаны пераходны кабінет абвесціў годам нацыянальных традыцый. Але гэта не значыць, што працягваць справу з адраджэннем мы не будзем. І гэта справа з адраджэннем, насамрэч, расладваецца на некалькі вектараў, якімі мы займаемся: гэта пытанне культуры, гэта пытанне адукацыі, гэта пытанне гістарычнай памяці і дэкаланізацыі і гэта пытанне супрацьдзеяння прапагандзе. І ў будучым годзе мы паспрабуем перанесці націск на развіццё, аднаўленне і стварэнне новых і старых беларускіх народных традыцый.
Гэта таксама тое, чым можна займацца ў Беларусі і па-за межамі. Гэта тое, што цудоўна будуе супольнасць, гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Гэта тое, што абуджае ў нас крэатыў і мне вельмі падабаецца, як да нашых цудоўных традыцый далучаецца маладое пакаленне. Ёсць неімаверныя прыклады таго, як сучасныя прыгожыя, стылёвыя беларускі пачалі займацца архаічнымі беларускімі жаночымі спевамі, якія пачалі ладзіць канцэрты. Гэта адзін з прыкладаў.
Альбо, натуральна, у Беларусі зараз гэта нялёгка зрабіць, але можна святкаваць Купалле, можна запрашаць калядоўшчыкаў, можна ладзіць Каляды, можна адзначаць Шчодрык і Маслёнку. Усё гэта можна рабіць у сваім сямейным коле. А тут за межамі мне падабаецца, што менавіта на глебе нацыянальных традыцый нараджаюцца новыя беларускія традыцыі. Напрыклад, фестываль, які адбываецца на Купалле і называецца «Варушняк». Ён адбыўся ў Варшаве, быў вельмі папулярным. А зараз тая самя група крэатыўных творцаў робіць зімовы беларускі тэхна-фестываль, які называецца «Шчодрык». Уявце сабе, як гэта цудоўна і прыгожа.
Я асабіста вельмі падтрымліваю працу беларускіх дызайнераў, якія чэрпаюць сваё натхнене са старажытных рамёстваў. І сама сёлета ўпершыню зрабіла свайго беларускага «павука», якога трэба было спаліць на Каляды. Я раблю беларускія лялькі-матанкі, вучу, раблю майстар-класы, запрашаю сяброў і сябровак і дзяцей. Расказваю, чым гэтыя лялькі былі раней у хатах. І такія заняткі вельмі падабаюцца дзецям і дарослым.
Беларуская традыцыя настолькі багатая, што кожны для сябе знойзе штосьці, што вам будзе даспадобы і што вы зможаце паглыбіць цягам гэтага году. Акрамя таго ў нашых сацыяльных сетках Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні мы будзем вам даваць парады, што яшчэ можна святкаваць, якія святы, як іх можна адзначаць. Каб гэта было знайсці проста.
Цалкам размову з Алінай Коўшык слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.