Loading

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў звесткі пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю і падтрымку Украіны. Асноўныя лічбы і факты агучыла нам  праваабаронца «Вясны» Наталля Сацункевіч.

Беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю. Напрыклад, ладзяць маршы і пікеты, псуюць чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расійскай ваеннай тэхнікі, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, а таксама ваююць на баку Украіны. І за ўсе гэтыя дзеянні беларускія ўлады пераследуць людзей. 

Станам на трэцяе студзеня ў Беларусі налічваецца 13 асуджаных за дыверсіі на чыгунцы. І агульны тэрмін зняволення – амаль 200 гадоў турмы. За перадачу фота і відэа расійскай тэхнікі ў СМІ асуджана не менш за 35 чалавек – гэта толькі тое, што вядома праваабаронцам. За намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя 14 чалавек. Не менш за 40 асобаў зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі, а таксама за данаты беларускім дабраахвотнікам і падтрымку Украіны. 

Таксама варта адзначыць, што за першыя паўтара месяца вайны ў Беларусі за антываенныя акцыі затрымалі больш за 1,5 тысячы чалавек. Гэта адбылося ў пачатку 2022 года. Сумна, але да сёняшняга дня ў Беларусі пераследуюць людзей за актыўную падтрымку Украіны, падвяргаюць адміністрацыйнаму арышту. 

Самыя гучныя выпадкі звязаныя са справай так званых «рэйкавых партызанаў». Гэта людзі, якія спрабуюць пашкодзіць чыгуначнае абсталяванне, для таго, каб запаволіць рух расійскай ваеннай тэхнікі ва Украіну. Вядома, што Расія актыўна выкарыстоўвае са згоды Аляксандра Лукашэнкі тэрыторыю Беларусі для ваенных дзеянняў ва Украіне. І шмат ваеннай тэхнікі перасоўваецца чыгуначнымі шляхамі.  

І цікава, што праз такія дыверсіі, якія адбываліся на чыгунцы, беларускія ўлады ўнеслі спецыяльныя змены ў крымінальнае заканадаўства, і зараз смяротнае пакаранне можа пагражаць чалавеку не толькі за здзейснены акт тэрарызму, але і за замах на здзяйсненне акту тэрарызму. І для праваабаронцаў эта выглядае такой наўпроставай рэакцыяй на тыя дзеянні, што адбываліся ў Беларусі. На сёння нам вядома 13 асуджаных так званых «рэйкавых партызан». І, як я казала, агульны тэрмін іх зняволення – гэта амаль 200 гадоў калоніі. 

Вельмі рэзананснай была справа Віталя Мельнікава з Менску, якому пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы. І потым яго асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі паводле пяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх быў і акт тэрарызму. І гэта, на жаль, не адзінкавы выпадак. 

У Бабруйску ў ноч на 30 сакавіка затрымалі траіх мужчын 27-28 гадоў і, паводле інфармацыі МУС, яны мелі дачыненне да знішчэння двух рэлейных шафаў сігнальнай устаноўкі. І вось падчас затрымання супраць Дзмітрыя Клімава сілавкі ўжылі зброю і прастрэлілі яму каленны сустаў. Пазней былі апублікаваныя відэа, каментары Міністэрства ўнутраных спраў, і з іх стала вядома, што мужчыны не аказвалі ніякага супраціву, у іх не было зброі. Але ўсё адно пасля затрымання яны проста мэтанакіравана былі расстраляныя ў каленны сустаў. І потым падчас суда двум затрыманым прызначылі па 22 гады калоніі кожнаму. 

Гэта, на мой погляд, быў проста такі акт застрашэння людзей. Таму што ні дзеянні, якія зрабілі людзі, ні тое, як яны іх рабілі, не адпавядаюць таму прысуду, які яны атрымалі і вось гэтай жорсткасці затрымання. 

З пачаткам паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну многія беларусы ўступілі ў беларускі полк, які раней быў батальёнам імя Кастуся Каліноўскага. Некаторыя людзі мелі такое жаданне, але проста не паспелі гэта зрабіць, таму што сілавікі пачалі затрымліваць людзей за намер ваяваць на баку Украіны і спробы далучыцца да палка. І варта адзначыць, што такім людзям ставяць у віну замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы, альбо найміцтва – гэта артыкул Крымінальнага кодэкса. На сённяші дзень нам вядома пра 14 чалавек, якія затрыманыя і асуджаныя за намер ваяваць. 

Каб прывесці прыклад: палітвязня Аляксандра Кулікова затрымалі летам 2023 года. Ён вярнуўся з Польшчы, і яму сілавікі абяцалі, што, калі ён вернеца ў Беларусь, то ніякіх рэпрэсій не будзе. Але ў выніку яго затрымалі і асудзілі на тры гады калоніі за абразу і паклёп на Аляксандра Лукашэнку, а потым завялі новую крымінальную справу менавіта праз тое, што ён спрабаваў далучыцца да беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне і за гэта быў дадатковы прысуд 4,5 гады калоніі. 

Агулам такая справа, як крымінальны пераслед за данаты ў Беларусі існуе. І вось данаты ў бок Украіны і беларускім дабраахвотнікам ёсць. Зусім нядаўна, у кастрычніку мінулага года 26-гадовага праграміста з Берасця Леаніда Райчонка асудзілі на шэсць гадоў калоніі за данаты беларускім дабраахвотнікам. Прычым, згодна з версіяй абвінавачвання, ён летась пералічыў дабраахвотнікам 400 даляраў на набыццё бронекамізэлек. А другое ахвяраванне на суму 150 даляраў на карысць «Prague Support Team» – гэта аб’яднанне беларусаў у Празе, якія збіраюць данаты і на іх купляюць абмундзіраванне. То бок, у агульнай суме – гэта 550 даляраў, якія каштуюць чалавеку шэсць гадоў калоніі. 

Цалкам размову з Наталляй Сацункевіч слухайце ў плэеры ніжэй: 

Comments are closed.