Author

redakcja

Browsing

У Варшаве 28 кастрычніка прайшоў вечар памяці загінулага ў баях пад Вугледарам беларускага ваяра Эдуарда Лобава. Мерапрыемства адбылося на пляцоўцы Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве. Яго арганізавала рэдактарка сайта “Хартыя’97” Наталля Радзіна пры падтрымцы тэлеканала Белсат і з удзелам маці Эдуарда Лобава, спадарыні Марыны, а таксама аўтаркі фільма «Вечны бой Эдуарда Лобава» Вольгі Воранавай. У мерапрыемстве прынялі ўдзел  прадстаўнікі украінскай дыяспары і амбасады ў Варшаве, беларускія грамадскія дзеячы.  Пасля прэм’еры фільма адбылася дыскусія, падчас якой не толькі ўзгадвалі  Эдуарда Лобава і яго жыццёвы шлях, але таксама абмяркоўвалі праблемы, з якімі сутыкаюцца родныя ўсіх загінуўшых ва Украіне беларускіх ваяроў. Адна з мэт мерапрыемства – ўзняць пытанне па вырашэнні гэтых праблемаў. Як адзначае арганізатарка мерапрыемства, рэдактарка рэсурсу “Хартыя’ 97” Наталля Радзіна, на дадзены момант сітуацыя гэтая цалкам незразумелая і абуральная для беларусаў.

«На самой справе ёсць праблемы, вялікія праблемы, і я таму і хацела, каб спадарыня Марына сёння распавяла проста таксама для журналістаў, для грамадскасці, што адбываецца. Таму што больш за дзесяць месяцаў яна не можа атрымаць дакументы, неабходныя для яе ва Украіне. Таксама знік рахунак банкаўскі, на якім быў заробак Эдуарда Лобава. Недзе згубіўся той медаль, якім узнагародзіў Эдуарда прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Гэта ўвогуле незразумелая сітуацыя»

Спадарыня Наталля адзначае пры гэтым, што адбылася размова з намеснікам амбасадара Украіны ў Польшчы, які паабяцаў асобна сустрэцца з маці Эдуарда Лобава  для абмеркавання і далейшага вырашэння праблемных пытанняў.

Марына Лобава зараз фактычна з’яўляецца адным з лідараў барацьбы за правы беларускіх ваяроў і іх сем’яў ва Украіне. З меркаванняў бяспекі далёка не ўсе родныя загінуўшых могуць аб гэтым сёння казаць у голас, шмат хто з іх па-ранейшаму застаецца ў Беларусі. Але спадарыня Марына знаходзіцца ў кантакце з некаторымі з гэтых сем’яў. Па яе меркаванні, гэта вельмі цяжкая праца і з такімі самымі праблемамі, дарэчы, сутыкаюцца і самі украінцы. У той жа час Марына Лобава адзначае, што працэс ідзе і выказвае спадзяванне, што Украіна здолее вырашыць усе праблемныя пытанні.

«Як страціш сына – не хочаш увогуле нічога рабіць. А тут мусіш сам сябе ўздымаць і рабіць, ехаць, дабівацца. Не ведаю ці правільна гэта. Але праз гэта праходзяць не толькі маці беларускіх ваяроў, загінуўшых ва Украіне, але гэта тычыцца і ўкраінскіх родных. Яны таксама праз гэта ўсё праходзяць. Сістэма цяжка працуе ў гэтым накірунку. Украіна змагаецца з гэтым і, спадзяюся, пераможа»

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй:

Дваццаць восьмы фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні “Бардаўская восень” цягам трох апошніх дзён праходзіў на Падляшшы. Выступленні адбыліся ў Бельску, Орлі і Беластоку. Прычым у кожным з гарадоў праграмы цалкам адрозніваліся, акрамя аднаго – ўзгадванні аб расстраляных падчас чорнай ночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года беларускіх паэтах. Пра значную падзею ў культурным жыцці самага беларускага рэгёна ў Польшчы распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Апошні ўікэнд на Падляшшы стаў адным вялікім культурніцкім мерапрыемствам, бо акрамя “Бардаўскай восені”, у ваяводскім цэнтры прайшоў і фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, пра імпрэзы якога мы распавядзем у наступных трансляцыях. Таму мясцовым беларусам было куды прыйсці, каб далучыцца да сучаснай беларускай культуры, яе праяў і выбітных постацяў. Так, у Бельску-Падляшскім на “Бардаўскй восені” ўзгадвалі выбітную паэтэсу Надзею Артымовіч, якая напачатку месяца пасля доўгай хваробы адыйшла ў лепшы свет, пакінуўшы нам свае неўміручыя вершы. Там жа была прадстаўлена музычна-мастацкая дзея “Край нерасстраляных паэтаў” і адбыўся канцэрт гурта “Рэлікт”. У Орлі – невялікім гмінным мястэчку “Бардаўскую восень” прадставілі барды Алег Кабзар і Зміцер Вайцюшкевіч, акрамя таго прайшла дыскусія пра беларускую літаратуру Падляшша. У Беластоку, дзе фестываль завяршаўся, тэатр “Тутэйшыя” паказалі спектакль аб забітых рукамі сталінскіх палачоў беларускіх літаратарах “Святло ў цемры”, артыст Міхась Зуй з жонкай прадставілі свой новы музычны праект “Арка”, таксама з песнямі выступіў гурт :B:N: (без назвы).

— Ці ўдаўся сёлетні фестываль? Гэта пытанне да яго арганізатара, старшыні Праграмнай Рады фонду «Тутака» Зміцера Косціна.

—“Вельмі цешуся, што адбылася 28-ая “Бардаўская восень”. Удалося і традыцыю падтрымаць, бо гэта брэнд, гэта імя, на якое працавалі пакаленні беларусаў Беласточчыны. Вельмі хацелася верыць, што мы гэта гордае імя не кінулі ў балота. Думаю, што наяўнасць сяброў фестывалю “Бардаўская восень” – і Змітра Вайцюшкевіча, і “Рэлікта”, і Кацярыны Ваданосавай, і Алега Кабзара ўжо са свайго боку запэўнілі, што “Бардаўская восень” традыцыйная адбылася. Нам важна дадаваць да традыцыйнай аўтарскай песні новыя элементы, бо ўсё змяняецца. Я люблю часам паслухаць Віктара Шалкевіча, для мяне важныя словы і Андрэя Мельнікава, і Касі Камоцкай. Яны назаўсёды застануцца такім эталонам нашай аўтарскай бардаўскай песні, але маладое пакаленне таксама мае, што сказаць. Што праўда, гэта не так традыцыйна – не з гітарай на сцэне.

—Так, якраз хацеў задаць пытанне, бо бардаўская песня ў маім уяўленні, можа гэта стэрыатып, але тым не менш гэта людзі з гітарамі, яны спяваюць выключна пад свае гітары і больш няма ніякага акампанементу, а тут вось у Беластоку гэтага не было…

— У Беластоку не было. У Беластоку мы хацелі паказаць, што сэнсы, якія мне здаецца ў гэтай бардаўскай песні, менш у гэтай гітары, у якой да песні былі тры-чатыры акорды, але словы… Гэтыя словы клаліся на музыку, неслі такі мікс і сінэргію, якая западала ў душы. Маладое пакаленне цяпер да гітары сягае ўсё радзей, больш электронная музыка, але пры гэтым важныя словы хочуць перадаць. І таму мы другі раз ужо сярод выступоўцаў маем праекты электронныя. Летась гэта быў праект “Купалаўцаў” “Я гавару”, які таксама быў падрыхтаваны Міхасём Зуём. Гэтым разам больш электронная праграма, але не менш напоўненая сэнсам і словамі, па якіх сам Міхась квізы нават праводзіў. Мне здаецца, што вельмі важна паказваць, што беларуская культура  гэта не нейкі такі скансэн, дзе ўсё затрымалася ў адным месцы, і думаю, што на “Бардаўскай восені” ёсць месца як для нашых іменітых бардаў, так і для сучасных праектаў, якія ствараюцца. І думаю, што, як бы гэта сумна ні гучала, менавіта час такіх зрухаў эмацыйных, гэта час стварэння. Я бачу, што маладое пакаленне хоча нешта сказаць, яно стварае, бо як цяпер апошнія тры гады беларускамоўная музыка ствараецца, шукае сябе, шукае сваё месца, шукае выхад гэтаму пратэсту, эмоцыям, якога, мне здаецца, даўнавата не было”.

Аб сваіх уражаннях ад пачутага і пабачанага на фестывалі з намі падзялілісянекаторыя наведвальнікі імпрэз. Адметна, што ўсе апытаныя выказалі захапленне.

“Для мяне гэта такі кавалачак дома, кавалачак Беларусі, магчымасць проста ў Беластоку паслухаць творцаў, якіх я шмат гадоў слухаю. Таксама ўразілі Зуі, гэта новы такі гурт, досыць нестандартны фармат для “Бардаўскй восені”. Мне падабаецца, што яна пашыраецца, што гэта ўжо не нейкае занудства, а такая імпрэза, на якую можна схадзіць з сябрамі, паказаць нешта новае, паслухаць самім, уразіцца, заінспіравацца. Уражанні пазітыўныя”.

“Пра “Бардаўскую восень” я ведаў вельмі даўно і вельмі хацеў на яе патрапіць, але ніколі так не атрымлівался. А зараз з пераездам у Беласток я быў у мінулым годзе першы раз і ў гэтым годзе другі раз на ўсіх трох імпрэзах. У Беластоку сапраўды быў выбар, куды схадзіць і ўчора, і сёння. Я вельмі чакаў гурт “Рэлікт”, я іх вельмі люблю, і непасрэдна :B:N:, які толькі што гучна закончылі “Бардаўскую восень”, іх таксама вельмі люблю, даўно не слухаў іх ужывую. Вельмі рады быў паслухаць іх ізноў, і вельмі чакаю іх, напэўна, на “Тутацы”, хай прыязджаюць”.

“Восень” мяняецца. Змены каласальныя, і гэта не назад, а наперад. І гэта вельмі добра, таму шта трэба жыць не мінулым, а будучым. Сёння былі і слёзы, і радасць, і сэрца білася, і спынялася, і ўсё адразу. Хвалямі, то ўверх… Сённяшняя “Восень” як шторм, штарміла добра”.

Калі ж дзяліцца ўласнымі ўражаннямі, то гэта ўражанні аб пастаянным напамінанні аб рэпрэсаваных. І гэтае напамінанне вельмі слушнае, бо хто як не беларуская дыяспара зараз можа ўголас казаць пра тыя змрочныя падзеі ў нашай гісторыі, якія вельмі пераклікаюцца з тым, што робіцца цяпер у Беларусі. Пра забітых паэтаў таксама спяваў :B:N:, які завяршыў сёлетнюю “Бардаўскую восень”.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй:

Беларус, жанаты, гараджанін з прафесійна-тэхнічнай ці вышэйшай адукацыяй, працуе ў будаўнічай ці транспартнай сферы і выхоўвае адно дзіця. Так, паводле Белстату, выглядае сярэднестатыстычны тата ў Беларусі.

Героем нашай сённяшняй перадачы з’яўляецца Алесь Дудар. Ён быў дзёрзкім «маладнякоўцам», які выступаў супраць «Коласаў усялякіх», пісаў разгромныя артыкулы пра пісьменнікаў-узвышаўцаў, заклікаў да таго, каб наша літаратура была пралетарскай, плакатна-выразнай. Але сам жа абвяргаў свае правілы і лозунгі, стварыўшы цэлы россып тонкіх эстэцкіх вершаў, актыўна выступаў супраць русіфікатарскай палітыкі Усходдзя.

28 кастрычніка ў Варшаве ў клубе Scena Chmielna адбудзецца вылікі канцэрт беларускага рэгі-гурта Botanic Project. На імпрэзе хлопцы прэзентуюць альбом «Музыка Сфер», а таксама зайграюць любімыя публікай хіты.

Па ініцыятыве Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета з сённяшняга дня запускаецца тэставая версія службы «Адно акно». У ёй беларускі і беларусы, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам у Беларусі, змогуць атрымаць інфармацыю пра ўсе магчымыя віды дапамогі.

У Беластоку літаратараў, забітых падчас сталінскіх рэпрэсій, будуць узгадваць у бліжэйшыя выходныя на шэрагу разнастайных мерапрыемстваў – фестывалях «Прадмова», «Бардаўская восень», паэтычнай імпрэзе «Ноч паэтаў». Адной з найбольш яскравых акцый у суботу 28 кастрычніка абяцае быць музычна-мастацкая дзея «Край (не)расстраляных паэтаў». Пра гэтую імпрэзу радыё Ўнэт пагаварыла з яе арганізатаркай, журналісткай Кацярынай Ваданосавай.

Журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут знаходзіцца ў горшых умовах у параўнанні з непалітычнымі вязнямі ў Наваполацкай калоніі. Яму не перадаюць патрэбныя лекі, абмяжоўваюць карэспандэнцыю, аднак ён па-ранейшаму праяўляе мужнасць і непахіснасць у сваіх прынцыпах, заявіў падчас акцыі салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі беларускімі палітвязнямі ў Беластоку гродзенскі журналіст Ян Роман.