Loading

У Беластоку літаратараў, забітых падчас сталінскіх рэпрэсій, будуць узгадваць у бліжэйшыя выходныя на шэрагу разнастайных мерапрыемстваў – фестывалях «Прадмова», «Бардаўская восень», паэтычнай імпрэзе «Ноч паэтаў». Адной з найбольш яскравых акцый у суботу 28 кастрычніка абяцае быць музычна-мастацкая дзея «Край (не)расстраляных паэтаў». Пра гэтую імпрэзу радыё Ўнэт пагаварыла з яе арганізатаркай, журналісткай Кацярынай Ваданосавай.

Крыніца: facebook.com/KaciarynaVadanosava

—  У чым заключаецца гэтая дзея? Чыя гэта ініцыятыва, ідэя? Наколькі ўдаецца ўвасобіць у жыццё тое, што там задумана?

—  Усё пачалося даволі даўно, з таго моманту, як быў сфармаваны праект «Нерасстраляныя», у якім удзельнічалі розныя выканаўцы, якія пісалі песні на вершы паэтаў расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. І сярод гэтых выканаўцаў была і я. Я напісала тады песню на верш Алеся Дудара з назвай «Белы сад». Гэта вельмі важны, вельмі знакавы для мяне твор. Я не ведаю, чаму нават так сталася. Можа таму, што ён пабачыў жыццё толькі тады, калі мы яго выдалі, запісалі, сыгралі. Я напоўніцу адчула, наколькі ён глыбокі, наколькі ён сур’ёзны і наколькі ён сугучны ўнутранаму стану адчування света, які ўва мне зараз.

Наколькі я памятаю, гэты праект пабачыў свет годзе ў 2018-ым, здаецца. І з таго моманту я вельмі люблю гэту песню. Яна цяжкая для выканання, таму што яна доўгая і там мусіць быць такая сур’ёзная аркестроўка, але ў імпрэзе, якую мы будзем ладзіць у суботу, канешне, мы будзем граць такім акустычным скарочаным складам. Песня «Белы сад» была як снежны ком, які за сабой пацягнуў вельмі шмат падзей, імпрэз таксама. З гэтым «Белым садам», напрыклад, акторкі Купалаўскага тэатра Зоя Белахвосцік, Юлія Шпілеўская, Валянціна Гарцуева выступалі, а дакладней спявалі гэтую маю песню ў Курапатах у 2020 годзе. І я тады таксама на «Ночы расстраляных паэтаў» выступала, але з іншымі творамі. Таксама некалькі гадоў таму мы з маёй дачкой запісвалі чытку вершаў Цішкі Гартнага, хоць ён не быў расстраляны ў 1937 годзе, але таксама зазнаў на сабе рэпрэсіі напоўніцу, якія прывялі яго да смерці. Потым, з цягам часу, ужо пасля 2020 года я спрычынілася да арганізацыі ночаў ушанавання памяці загінулых паэтаў. Гэта было і ў Кіеве, у мінулым годзе я была ў Варшаве. Зараз, шчыра кажучы, мне не тое, каб бракавала актыўнасцяў, не, але мне вельмі хацелася сказаць самой сабе, у першую чаргу, што нічога не страчана і нічога не скончылася, што мы да гэтага часу працягваем іх памятаць і што вось гэтая памяць толькі памнажаецца, толькі павялічваецца, прынамсі, у маім сэрцы, як бы пафасна гэта ні гучала.

Мы зрабілі адмысловую праграму на мае вершы і на вершы паэтаў расстраляных. Будуць песні, будзе чытка. Удзельнікі майго гурта, ансамбля будуць таксама чытаць вершы. Мы былі шчыра ўпэўненыя, што зможам гэта зладзіць у межах фестывалю «Прадмова», але там бракуе часу для нашага выступу, абсталявання. Хоць я буду весці ўвесь фестываль «Прадмова», але для музычнага выступу месца нам не знайшлося. Таму нам прыйшлося ладзіць усё самім, а паколькі ў вельмі кароткія тэрміны арганізоўваліся, то нам не было часу арганізаваць нейкім такім адмысловым, належным чынам гэты канцэрт, то мы кінул покліч і адгукнуўся хаб «Новая зямля», які бясплатна прадставіў нам пляцоўку, прычым у такі позні час – 21:30 у суботу, каб людзі, якія прыйшлі на «Прадмову» ў першы дзень, маглі потым патрапіць на наш канцэрт.

Гэта будзе, канешне, не вясёлая імпрэза. Гэта будзе даніна памяці. Гэта будзе адзначэнне гадавіны такім чынам, якім мы можам гэта зрабіць.

—  Хто непасрэдна прымае ўдзел і хто што будзе выконваць?

—  Мы ўсе будзем выконваць музыку. Я спяваю, граю на духавых, на бас-гітары. Мая цымбалістка Ганна Лепяшкевіч, якая жыве ў Вільні цудоўная музыка, будзе граць адпаведна на цымбалах. Ігар Палынскі, жыхар Беластока і мой паплечнік у журналістскай справе, будзе граць на гітары. Гэта зусім нядаўняе наша рашэнне і нядаўні наш тандэм. І мая дачка Стэфа, якая таксама будзе спяваць і граць на скрыпцы. І яшчэ з намі будзе выбітная абсалютна мастачка Аляксандра Канафальская, якая ўваходзіць у дзясятку найлепшых мастакоў па пяску ў свеце, яна будзе маляваць пяском. Гэта ўнікальны, я лічу, від мастацтва, калі ў чалавека ёсць па сутнасці толькі адзін дубль і няма права на памылку, таму што яна малюе пад нашы песні, падчас нашых песняў, і кожны твор па сутнасці пераўтвараецца ў дзею. Людзі, якія слухаюць, не толькі вушамі ўспрымаюць тое, што яны чуюць, але і праз зрок таксама, таму што створаны адмысловы шэраг – карціны ствараюцца, як пясок перацякаюць адна ў другую, ствараюць вобразы, уражанні. Я паважаю Сашу не толькі за яе ўнікальны талент, але і за чалавечыя якасці. Яна як ніхто адчувае маю музыку, адчувае мастацтва, адчувае паэзію вельмі тонка, вельмі асцярожна, акуратна, пяшчотна і адначасова з гэтым так, што ніхто не застаецца раўнадушным.

Таксама ўсе, каго я пералічыла будуць чытаць вершы. Вершы тых, хто быў расстраляны, пацярпеў ад рэпрэсій. Гэта будзе Тодар Кляшторны, Алесь Дудар, Юлій Таўбін, Цішка Гартны, будзе верш Анатоля Сыса «Адпусціце мяне, Курапаты». Канешне, Сыс гэта паэт іншай эпохі, але верш таксама вельмі знакавы і я лічу, што яго трэба таксама выконваць на падобных імпрэзах. І вось гэтымі вершамі, аздобленымі мастацтвам, мы паспрабуем гэтую памяць аднавіць, ушанаваць і распавесці тым, хто, можа быць, не настолькі занураны ў гэту тэму, наколькі гэта страшна і наколькі сугучна з тым, што адбываецца зараз з намі.

Comments are closed.