Loading

Па ініцыятыве Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета з сённяшняга дня запускаецца тэставая версія службы «Адно акно». У ёй беларускі і беларусы, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам у Беларусі, змогуць атрымаць інфармацыю пра ўсе магчымыя віды дапамогі.

Канцэпцыю службы Адно акно, якая закліканая надаваць дапамогу пацярпелым ад палітычнага пераследу беларусам і беларускам, акрэсліла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова:

«Мы запускаем інфармацыйна-кансультацыйную платформу. Яна будзе называцца «служба «Адно акно» – наўпроставая адсылка да адпаведнага сэрвісу ўнутры Беларусі, якім шмат хто з нас хоць раз у жыцці спрабаваў карыстацца. Для нас гэта працяг гісторыі анлайн-марафону салідарнасці, калі шмат беларусак і беларусаў аб’ядналіся, каб дапамагчы палітзняволеным і іх блізкім. І зараз мы імкнемся зрабіць такі эксперымент і падумаць, якія яшчэ інструменты дапамогі мы можам ствараць для таго, каб быць карыснымі і дапамагаць людзям.

У прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы прыходзіць зараз велізарная колькасць запытаў. Гэта вельмі розныя кейсы. Ад людзей унутры краіны і ад тых, хто знаходзіцца ў выгнанні. Гэта людзі вельмі рознага ўзросту, стану здароўя. Людзі часта кажуць пра тое, што яны не ведаюць, куды звяртацца. Нават, калі яны знаходзяцца ў Беларусі, яны дэзарыентаваныя, яны адчуваюць сябе самотнымі ў сваёй праблеме і не ведаюць дзе атрымаць дапамогу.

Гэта проста часам блакуе працу прадстаўніцтва, у якім не такая вялікая каманда. Таму мы спрабуем прадпрымаць крокі, надаваць дапамогу ў кожным такім кейсе, які да нас перанакіроўваюць. І мы вырашылі, што гэта мусіць быць праца сістэмная, таму падумалі пра такі інструмент, як «Адно акно» – нейкае месца, дзе будзе сабраная ўся актуальная інфармацыя пра магчымую дапамогу, якая ёсць і ўнутры краіны, і па-за яе межамі, дзе будуць працаваць звычайныя аператаркі – на гэты момант у нас іх тры чалавекі – і служба будзе працаваць кожны дзень, уключна з выходнымі і святамі.

Мы зараз запускаем тэставую версію, але мы будзем заклікаць усе магчымыя ініцыятывы, супольнасці, дыяспары, народныя амбасады дзяліцца з намі інфармацыяй, каб гэтая база рабілася больш маштабнай. На гэты момант у нашай базе 231 арганізацыя. Гэта гучыць як шмат, але насамрэч, наўрад ці варта казаць, што мы зараз пакрываем усе магчымыя запыты».

Платформа службы Адно акно будзе працаваць праз сайт help.by.social і праз сацыяльныя сеткі і мэсэджары. Пры гэтым стваральнікі платформы пастараліся прадугледзець розныя магчымасці для сувязі і далейшага разгляду пытанняў, якія паступяць. Больш падрабязна тэхнічныя моманты арганізацыі працы «Аднаго акна» асвяціла супрацоўніца Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Наста Базар:

«У нас будзе сайт, на якім будзе вялікая колькасць тэкставых матэрыялаў пра дапамогу. Яны будуць разбітыя на розныя тэматыкі. Пачынаем мы з палітзняволеных і іх сем’яў. То бок, першы блок напаўнення сайту матэрыяламі – гэта будуць менавіта матэрыялы, датычныя палітзняволеных і іхніх сем’яў. Далей будзе болей.

Будзе магчымасць зайсці на сайт і на сайце самастойна пашукаць інфармацыю ў блоках. Таксама будзе магчымасць камунікаваць з аператаркай платформы анлайн, то бок, тэкстам – на сайце будзе чат. Перавага чату ў тым, што, калі чалавек закрывае сайт, чат знікае, то бок, ліставання гэтага не будзе відаць. Але можна будзе пакінуць запыт, пакінуць свой e-mail і тады адказ прыйдзе на e-mail.

Таксама вельмі важна тое, што на сайце будзе тэлефанаванне аператарцы платформы. То бок, без мабільнай сувязі, проста з сайту могуць людзі патэлефанаваць, што, мы спадзяемся, таксама палегчыць дасяг – не ўсе любяць ліставацца, камусьці прасцей паразмаўляць.

Яшчэ адна перавага – гэта дасяг праз мэсэджары і сацыяльныя сеткі. Гэтая платформа дазваляе збіраць запыты з зусім розных крыніц. Такім чынам, у нас ёсць Інстаграм, Фэйсбук, Вайбер, Тэлеграм. У кожным з гэтых каналаў чалавек можа напісаць запыт і ён патрапіць непасрэдна да аператаркі.

Гэта будзе вельмі зручна, бо людзі будуць мець шмат крыніц уваходу. Бо сайт, мы мяркуем, у нейкі момант, канешне, будзе заблакаваны ў Беларусі, а далёка не ўсе карыстаюцца VPN».

Ці стане гэтая служба тым славутым «адным акном», якое некалі абяцалі стварыць у Беларусі ўлады, але так і не здолелі – адзінай кропкай, дзе можна будзе атрымаць увесь спектр дапамогі ад верыфікацыі асобы да афіцыйных дакументаў? Пакуль увага надаецца менавіта дапамозе пацярпелым ад рэпрэсій і па некалькі абмежаваным коле пытанняў. Але, паводле слоў Вольгі Гарбуновай платформа будзе развівацца. Яна акрэсліла сваё стратэгічнае бачанне яе далейшага лёсу:

«Маё стратэгічнае бачанне на момант пераходнага перыяду – проста ў адзін дзень, як толькі ў нас з’яўляецца магчымасць вярнуцца ў краіну і пачаць пакрываць вось гэтыя задачы пераходнага перыяду, служба «Адно акно» стане нацыянальнай «гарачай лініяй». Таму што ў гэты момант людзям патрэбна будзе вельмі вялікая падтрымка. Людзі не будуць разумець, што адбылося. Некаторым будзе страшна выходзіць з дому, бо яны не будуць разумець, на што цяпер падобная наша краіна.

Таму ў нас ёсць пэўныя прадуманыя сцэнары. І я не дарма ўзгадала ўкраінскую «Дію». То бок, у цэлым, калі платформа атрымае добрую зваротную сувязь, калі людзі пачнуць звяртацца, мы будзем прыцягваць новыя рэсурсы, прыцягваць ІТ-сектар і глядзець, як мы можам удасканаліць платформу, у тым ліку праз тэхналогіі. Мы, вядома ж, плануем зрабіцца вось гэтым адным месцам, у якім будзе вырашацца праблема, у якім можна прайсці верыфікацыю, у якім можна атрымаць пацвярджальны афіцыйны дакумент. Проста гэта не задача першага кроку».

Comments are closed.