Loading

Дваццаць восьмы фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні “Бардаўская восень” цягам трох апошніх дзён праходзіў на Падляшшы. Выступленні адбыліся ў Бельску, Орлі і Беластоку. Прычым у кожным з гарадоў праграмы цалкам адрозніваліся, акрамя аднаго – ўзгадванні аб расстраляных падчас чорнай ночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года беларускіх паэтах. Пра значную падзею ў культурным жыцці самага беларускага рэгёна ў Польшчы распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Апошні ўікэнд на Падляшшы стаў адным вялікім культурніцкім мерапрыемствам, бо акрамя “Бардаўскай восені”, у ваяводскім цэнтры прайшоў і фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, пра імпрэзы якога мы распавядзем у наступных трансляцыях. Таму мясцовым беларусам было куды прыйсці, каб далучыцца да сучаснай беларускай культуры, яе праяў і выбітных постацяў. Так, у Бельску-Падляшскім на “Бардаўскй восені” ўзгадвалі выбітную паэтэсу Надзею Артымовіч, якая напачатку месяца пасля доўгай хваробы адыйшла ў лепшы свет, пакінуўшы нам свае неўміручыя вершы. Там жа была прадстаўлена музычна-мастацкая дзея “Край нерасстраляных паэтаў” і адбыўся канцэрт гурта “Рэлікт”. У Орлі – невялікім гмінным мястэчку “Бардаўскую восень” прадставілі барды Алег Кабзар і Зміцер Вайцюшкевіч, акрамя таго прайшла дыскусія пра беларускую літаратуру Падляшша. У Беластоку, дзе фестываль завяршаўся, тэатр “Тутэйшыя” паказалі спектакль аб забітых рукамі сталінскіх палачоў беларускіх літаратарах “Святло ў цемры”, артыст Міхась Зуй з жонкай прадставілі свой новы музычны праект “Арка”, таксама з песнямі выступіў гурт :B:N: (без назвы).

— Ці ўдаўся сёлетні фестываль? Гэта пытанне да яго арганізатара, старшыні Праграмнай Рады фонду «Тутака» Зміцера Косціна.

—“Вельмі цешуся, што адбылася 28-ая “Бардаўская восень”. Удалося і традыцыю падтрымаць, бо гэта брэнд, гэта імя, на якое працавалі пакаленні беларусаў Беласточчыны. Вельмі хацелася верыць, што мы гэта гордае імя не кінулі ў балота. Думаю, што наяўнасць сяброў фестывалю “Бардаўская восень” – і Змітра Вайцюшкевіча, і “Рэлікта”, і Кацярыны Ваданосавай, і Алега Кабзара ўжо са свайго боку запэўнілі, што “Бардаўская восень” традыцыйная адбылася. Нам важна дадаваць да традыцыйнай аўтарскай песні новыя элементы, бо ўсё змяняецца. Я люблю часам паслухаць Віктара Шалкевіча, для мяне важныя словы і Андрэя Мельнікава, і Касі Камоцкай. Яны назаўсёды застануцца такім эталонам нашай аўтарскай бардаўскай песні, але маладое пакаленне таксама мае, што сказаць. Што праўда, гэта не так традыцыйна – не з гітарай на сцэне.

—Так, якраз хацеў задаць пытанне, бо бардаўская песня ў маім уяўленні, можа гэта стэрыатып, але тым не менш гэта людзі з гітарамі, яны спяваюць выключна пад свае гітары і больш няма ніякага акампанементу, а тут вось у Беластоку гэтага не было…

— У Беластоку не было. У Беластоку мы хацелі паказаць, што сэнсы, якія мне здаецца ў гэтай бардаўскай песні, менш у гэтай гітары, у якой да песні былі тры-чатыры акорды, але словы… Гэтыя словы клаліся на музыку, неслі такі мікс і сінэргію, якая западала ў душы. Маладое пакаленне цяпер да гітары сягае ўсё радзей, больш электронная музыка, але пры гэтым важныя словы хочуць перадаць. І таму мы другі раз ужо сярод выступоўцаў маем праекты электронныя. Летась гэта быў праект “Купалаўцаў” “Я гавару”, які таксама быў падрыхтаваны Міхасём Зуём. Гэтым разам больш электронная праграма, але не менш напоўненая сэнсам і словамі, па якіх сам Міхась квізы нават праводзіў. Мне здаецца, што вельмі важна паказваць, што беларуская культура  гэта не нейкі такі скансэн, дзе ўсё затрымалася ў адным месцы, і думаю, што на “Бардаўскай восені” ёсць месца як для нашых іменітых бардаў, так і для сучасных праектаў, якія ствараюцца. І думаю, што, як бы гэта сумна ні гучала, менавіта час такіх зрухаў эмацыйных, гэта час стварэння. Я бачу, што маладое пакаленне хоча нешта сказаць, яно стварае, бо як цяпер апошнія тры гады беларускамоўная музыка ствараецца, шукае сябе, шукае сваё месца, шукае выхад гэтаму пратэсту, эмоцыям, якога, мне здаецца, даўнавата не было”.

Аб сваіх уражаннях ад пачутага і пабачанага на фестывалі з намі падзялілісянекаторыя наведвальнікі імпрэз. Адметна, што ўсе апытаныя выказалі захапленне.

“Для мяне гэта такі кавалачак дома, кавалачак Беларусі, магчымасць проста ў Беластоку паслухаць творцаў, якіх я шмат гадоў слухаю. Таксама ўразілі Зуі, гэта новы такі гурт, досыць нестандартны фармат для “Бардаўскй восені”. Мне падабаецца, што яна пашыраецца, што гэта ўжо не нейкае занудства, а такая імпрэза, на якую можна схадзіць з сябрамі, паказаць нешта новае, паслухаць самім, уразіцца, заінспіравацца. Уражанні пазітыўныя”.

“Пра “Бардаўскую восень” я ведаў вельмі даўно і вельмі хацеў на яе патрапіць, але ніколі так не атрымлівался. А зараз з пераездам у Беласток я быў у мінулым годзе першы раз і ў гэтым годзе другі раз на ўсіх трох імпрэзах. У Беластоку сапраўды быў выбар, куды схадзіць і ўчора, і сёння. Я вельмі чакаў гурт “Рэлікт”, я іх вельмі люблю, і непасрэдна :B:N:, які толькі што гучна закончылі “Бардаўскую восень”, іх таксама вельмі люблю, даўно не слухаў іх ужывую. Вельмі рады быў паслухаць іх ізноў, і вельмі чакаю іх, напэўна, на “Тутацы”, хай прыязджаюць”.

“Восень” мяняецца. Змены каласальныя, і гэта не назад, а наперад. І гэта вельмі добра, таму шта трэба жыць не мінулым, а будучым. Сёння былі і слёзы, і радасць, і сэрца білася, і спынялася, і ўсё адразу. Хвалямі, то ўверх… Сённяшняя “Восень” як шторм, штарміла добра”.

Калі ж дзяліцца ўласнымі ўражаннямі, то гэта ўражанні аб пастаянным напамінанні аб рэпрэсаваных. І гэтае напамінанне вельмі слушнае, бо хто як не беларуская дыяспара зараз можа ўголас казаць пра тыя змрочныя падзеі ў нашай гісторыі, якія вельмі пераклікаюцца з тым, што робіцца цяпер у Беларусі. Пра забітых паэтаў таксама спяваў :B:N:, які завяршыў сёлетнюю “Бардаўскую восень”.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.