У Варшаве 28 кастрычніка прайшоў вечар памяці загінулага ў баях пад Вугледарам беларускага ваяра Эдуарда Лобава. Мерапрыемства адбылося на пляцоўцы Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве. Яго арганізавала рэдактарка сайта „Хартыя’97” Наталля Радзіна пры падтрымцы тэлеканала Белсат і з удзелам маці Эдуарда Лобава, спадарыні Марыны, а таксама аўтаркі фільма «Вечны бой Эдуарда Лобава» Вольгі Воранавай. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі украінскай дыяспары і амбасады ў Варшаве, беларускія грамадскія дзеячы. Пасля прэм’еры фільма адбылася дыскусія, падчас якой не толькі ўзгадвалі Эдуарда Лобава і яго жыццёвы шлях, але таксама абмяркоўвалі праблемы, з якімі сутыкаюцца родныя ўсіх загінуўшых ва Украіне беларускіх ваяроў. Адна з мэт мерапрыемства – ўзняць пытанне па вырашэнні гэтых праблемаў. Як адзначае арганізатарка мерапрыемства, рэдактарка рэсурсу „Хартыя’ 97” Наталля Радзіна, на дадзены момант сітуацыя гэтая цалкам незразумелая і абуральная для беларусаў.
«На самой справе ёсць праблемы, вялікія праблемы, і я таму і хацела, каб спадарыня Марына сёння распавяла проста таксама для журналістаў, для грамадскасці, што адбываецца. Таму што больш за дзесяць месяцаў яна не можа атрымаць дакументы, неабходныя для яе ва Украіне. Таксама знік рахунак банкаўскі, на якім быў заробак Эдуарда Лобава. Недзе згубіўся той медаль, якім узнагародзіў Эдуарда прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Гэта ўвогуле незразумелая сітуацыя»
Спадарыня Наталля адзначае пры гэтым, што адбылася размова з намеснікам амбасадара Украіны ў Польшчы, які паабяцаў асобна сустрэцца з маці Эдуарда Лобава для абмеркавання і далейшага вырашэння праблемных пытанняў.
Марына Лобава зараз фактычна з’яўляецца адным з лідараў барацьбы за правы беларускіх ваяроў і іх сем’яў ва Украіне. З меркаванняў бяспекі далёка не ўсе родныя загінуўшых могуць аб гэтым сёння казаць у голас, шмат хто з іх па-ранейшаму застаецца ў Беларусі. Але спадарыня Марына знаходзіцца ў кантакце з некаторымі з гэтых сем’яў. Па яе меркаванні, гэта вельмі цяжкая праца і з такімі самымі праблемамі, дарэчы, сутыкаюцца і самі украінцы. У той жа час Марына Лобава адзначае, што працэс ідзе і выказвае спадзяванне, што Украіна здолее вырашыць усе праблемныя пытанні.
«Як страціш сына – не хочаш увогуле нічога рабіць. А тут мусіш сам сябе ўздымаць і рабіць, ехаць, дабівацца. Не ведаю ці правільна гэта. Але праз гэта праходзяць не толькі маці беларускіх ваяроў, загінуўшых ва Украіне, але гэта тычыцца і ўкраінскіх родных. Яны таксама праз гэта ўсё праходзяць. Сістэма цяжка працуе ў гэтым накірунку. Украіна змагаецца з гэтым і, спадзяюся, пераможа»
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.