Loading

Арганізацыя былых сілавікоў BelPol апублікавала расследаванне, у якім паведаміла,   што холдынг “Амкадор” займаецца выпускам прадукцыі ваеннага прызначэння ды імаверна мае намер рэалізоўваць альбо ўжо рэалізуе яе ў Расію для выкарыстання ў вайне супраць Украіны. Гаворка ідзе пра артылерыйскі разведвальны комплекс “Вартавы” і беспілотны лётны апарат “Свіслач”. Пра тое, якія высновы зрабілі расследавальнікі BelPolу радыё Ўнэт распавёў прадстаўнік арганізацыі Уладзімір Жыгар. 

Інфармацыю пра тое, што “Амкадор” і кампаніі, якія ўваходзяць у холдынг “Амкадор”, займаюцца так званай абароназдольнасцю краіны, мы атрымалі ўжо даўно. І пасля гэтага мы пачалі шукаць ніткі, якія  прывялі б да больш канкрэтнай інфармацыі. Асноўнаю зачэпкаю зрабіўся сам ліст, які напісаў Шакуцін на імя Лукашэнкі. У ім ён сярод іншых праблемаў і нюансаў указвае, што завод СВТ, які ўваходзіць у холдынг “Амкадор”, у цяперашні час вырабляе так неабходную для Беларусі сістэму – АРК “Вартавы” і БПЛА “Свіслач СВТ”. 

Пасля гэтага мы пачалі яшчэ больш канкрэтна шукаць інфармацыю пра гэта. І гэтая інфармацыя была знойдзеная. Так, насамрэч, гэта вырабляюць. Гэта вырабляюць – той самы БПЛА “Свіслач” – на 50% з кітайскіх камплектуючых. Уся гэтая інфармацыя, якая ў нас была, яна была апрацаваная, нейкую частку мы паказалі ў сваім расследаванні. Натуральна, усё мы не паказвалі, каб і так не зацягваць досыць не малы фільм. І гэтая ўся інфармацыя была перададзеная нашым партнёрам. І можна сказаць, што пэўная рэакцыя на гэта ўжо ёсць. 5 снежня 2023 года “Амкадор” і Шакуцін трапілі ў санкцыйныя спісы ЗША. 

АРК “Вартавы” – гэта артылерыйскі компекс, які ў ідэале, увогуле мусіць выкарыстоўвацца разам з самім БПЛА. То бок, БПЛА будуць прадаваць разам з гэтым АРК. І мы ў сваім расследаванні дастаткова дэтальна апісалі, што, як гэта вырабляецца, для каго гэта вырабляецца, а таксама апісалі кароткія характарыстыкі той ці іншай сістэмы. 

На думку нашых вайсковых экспертаў, якія ёсць у нашай камандзе, гэта вырабляецца не на патрэбы Беларусі. “Амкадор” і Шакуцін цудоўна разумеюць, што зараз ідзе вайна. І попыт на такую прадукцыю ёсць. З гледзішча геаграфіі гэта таксама досыць зручна, бо Беларусь мяжуе з Расіяй. І пастаўляць туды гэтыя сістэмы – гэта хутка, гэта лёгкія і досыць някепскія грошы. І іх не засмучае тое, што гэтыя грошы крывавыя. 

У той эканамічнай сітуацыі, у якой знаходзіцца “Амкадор”, – гэта адсутнасць зваротных сродкаў, гэта вялізныя даўгавыя нагрузкі на ўсе прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад холдынгу “Амкадор”, такія лёгкія грошы – гэта магчымасць выжыць. А асабіста для Шакуціна – гэта такі “прагіб” перад Лукашэнкам, калі Лукашэнка зможа крыху, магчыма, больш упэўнена размаўляць з Пуціным – зможа, так бы мовіць, фарсіць гэтым: вось мы ж вам вырабляем і перадаем. Для беларускіх патрэбаў у такой колькасці, у якой яны збіраюцца вырабляць дзве гэтыя сістэмы, не патрэбны. 

Comments are closed.