Loading

Пасля абвяшчэння аб’яднання Кіберпартызанаў і Палка Каліноўскага засталіся пытанні аб мэтах і ўмовах гэтай супрацы. Прадстаўнік руху «Супраціў» Зміцер Шчыгельскі ў эфіры радыё Ўнэт адказаў на іх.

Аб’яднанне Кіберпартызанаў з Палком Каліноўскага (ПК) Зміцер Шчыгельскі называе цалкам натуральным працэсам. Тым больш, што супрацоўніцтва пачалося яшчэ да афіцыйнага ўтварэння ПК.

Існуюць шмат кірункаў па якіх мы паралельна супрацоўнічаем з іншымі партнёрамі. Адсутнасць прадстаўнікоў Кібераў у Кіеве стварае пэўныя складанасці ў гэтай працы.

Гэта аб’яднанне дзеючых сілаў, у якіх ёсць жывыя структуры, выніковая дзейнасці і агульнае разуменне стратэгіі. І атрымалася так, што даспелі, дашлі да гэтага аб’яднання, з тымі патрабаваннямі, што прад’яўляе ў тым ліку і вайна.

Працэс адкрыты, гэта своеасаблівае запрашэнне да дыялогу для іншых структураў. Але ёсць некалькі важных крытэрыяў. Першы – наяўнасць жывой структуры і людзей, якія працуюць і дасягаюць нейкіх вынікаў. Другі – агульнае разуменне стратэгіі. І трэці – уплывовасць структуры і паказнікі яе дзейнасці.

Полк Каліноўскага – вайсковае ўтварэнне ў складзе УСУ, якое падпарадкоўваецца адпаведна камандаванню і кіраўніцтву Украіны. Атрымліваецца, Кіберпартызаны аб’ядналіся з УСУ?

Не, не так. Існуе пэўная блытаніна з паразуменнем, што такое ПК. Па-першае, 95% каліноўцаў – беларусы. Па – другое, ПК – гэта шырокая структура, у якую ўваходзяць як ваяры, у якіх кантракты з УСУ, так і валанцёрскія структуры, рэкрутынгавыя цэнтры ў Еўропе, патранажная служба і рэзерв. Таму назва адна, а сэнсаў некалькі. З чыста бюракратычнага падыходу ПК – гэта беларусы, у якіх ёсць ваеннікі і якія на фронце зараз бароняць зараз тэрытарыяльную цэльнасць Украіны, а таксама будучыню Беларусі і Еўропы.

І калі мы кажам пра аб’яднанне з Палком Каліноўскага, то маем на ўвазе структуру ў шырокім яе сэнсе. Кіберпартызаны не могуць падпарадкоўвацца УСУ, бо для таго яны павінны прыехаць ва Украіну і падпісаць адпаведны кантракт. Такіх планаў дакладна няма.

А якія планы ёсць? Бо пад час канферэнцыі было агучана, што ў вас ёсць палітычная стратэгія.

Я люблю каментаваць факты, а не планы. Яны ёсць, пабачым, што з іх ажыццявіцца. Цалкам гатовай праграмы пакуль не існуе, яна распрацоўваецца. Але часткі з яе я агучваў у сваіх публічных выступах. Напрыклад, нашае бачанне пытанняў бяспекі і сістэмы адукацыі, а таксама што варта рабіць з падаткамі і маёмасцю таксама. Асабіста з той маёмасцю і багаццем, што было зароблена пад час рэжыму з выкарыстаннем не шчырай канкурэнцыі.

Тое, што ўкраінскія чыноўнікі і палітыкі падтрымліваюць ПК – натуральна. Было бы дзіўна, калі б наадварот. Бо гэтыя хлопчыкі і дзяўчаты са зброяй у руках бароняць Украіну.

Наколькі вядома, тая частка палка, што ваююць, палітычных амбіцыяў не праяўляюць. Палітыкай займаюцца ў адміністрацыі ПК.

Вось вы кажыце пра палітычныя амбіцыі, а я б сказаў пра неабходнасць палітычных дзеянняў, рашэнняў, лабіявання інтарэсаў. Я ўпэўнены, што будучыня Беларусі залежыць ад таго, як скончыцца вайна. І вырашацца яна будзе ў Кіеве. Не толькі Кіевам, безумоўна. Але ў значнай ступені і ім. І калі мы клапоцімся пра будучыню краіны, з украінскім палітыкумам неабходна працаваць. Нашы нацыянальныя інтарэсы тут трэба нейкім чынам прасоўваць. А для гэтага жыццё вымагае ў тым ліку і палітычных функцый.

Мы адкрыты для дыялогу і супрацы з любымі палітыкамі і ініцыятывамі, калі яны адпавядаюць раней агучаным крытэрам. Калі заўтра патэлефануе Лукашэнка, будзем размаўляць і з ім. У Аб’яднаным пераходным кабінеце ёсць розныя людзі. Сярод іх ёсць тыя, у каго сапраўды Беларусь у сэрцы. Пры гэтым ёсць досвед і кампетэнцыі, і яны могуць быць вельмі карыснымі для Новай Беларусі.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.