Loading

Пра гэта прадстаўнікі беларускага дабраахвотніцкага вайсковага падраздзялення ў складзе Узброеных Сіл Украіны і групы Кіберпартызаны заявілі на прэсавай канферэнцыі, што адбылася напярэдадні ва Украінскім крызавым медыя-цэнтры. Вось, што там казалі.

Фота: uacrisis.org

Пра аб’яднанне самага вядомага беларускага дабраахвотніцкага падраздзялення з ініцыятывай Кіберпартызаны першым абвясціў намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Вось, што ён сказаў:

«З першага дня вайны беларускія дабраахвотнікі з палка Кастуся Каліноўскага вядуць узброеную барацьбу ва Украіне супраць расійскай агрэсіі разам са сваімі братамі па зброі са Узброеных Сіл Украіны. Таксама барацьба вядзецца і ў кіберпрасторы. На сённяшні дзень мы абвяшчаем аб’яднанне палка Кастуся Каліноўскага і Кіберпартызан у структуру ў рамках вызваленчага руху беларускага народа. Гэта робіцца для больш эфектыўнай каардынацыі і эфектыўнасці нашых супольных дзеянняў».

Прэс-сакратарка ініцыятывы Кіберпартызаны Юліяна Шэметавец дапоўніла Вадзма Кабанчука.

«Ні для каго не сакрэт, што гэтая супраца пачалася 23 лютага, калі пачалася агрэсіўная вайна Расіі супраць Украіны. Кіберпартызаны дапамагаюць шмат якім ініцыятывам, не толькі беларускім, але найбуйнейшая супраца была менавіта з палком Кастуся Каліноўскага, з найбольш магутным беларускім падраздзяленнем ва Украіне. Гэтая супраца перайшла на новы ўзровень, таму мы лічым, што для больш эфектыўнай і адзінай каардынацыі супрацы [трэба] аб’яднаць нашыя рэсурсы. З гэтай нагоды ад сёняшняга дня я, як прадстаўнік Кіберпартызан, буду ўваходзіць у штаб палка Кастуся Каліноўскага. Адна з найбуйнейшых атак Кіберпартызан адбылася на чыгунку ў Беларусі, каб парушыць і спыніць рух расійскіх вайсковых цягнікоў. Гэта таксама парушыла лагістыку расійскіх груповак пад Кіевам. Адна з апошніх атак таксама была накіраваная на расійкую структуру – гэта на цэнзурны цэнтр Раскамнагляду, які сочыць за расійскай грамадзянскай супольнасцю, але таксама яны сочаць за беларускімі медыя, за ўкраінскімі медыя, праводзяць інфармацыйныя кампаніі і даводзяць гэтую інфармацыю да расійскай ФСБ ды іншых структур. Мы будзем працягваць гэтую працу, якая накіравана на нанясенне ўрону беларускаму рэжыму, а таксама расійскаму рэжыму. І гэтая супраца будзе ва ўзаемадзеянні з палком Кастуся Каліноўскага».

Фота: uacrisis.org

Спікеры на прэс-канферэнцыі паведамілі, што Кіберпартызаны і раней шчыльна супрацоўнічалі з палком Кастуся Каліноўскага. Цяпер Юліяна Шэметавец, як адзіная публічная прадстаўніца Кіберапартызанаў, уваходзіць у штаб палка Кастуся Каліноўскага. Прадстаўнік штаба палка імя Кастуся Каліноўскага Мікола Дземідзенка паведаміў, што ў беларускіх дабраахвотнікаў і кіберваяроў маюцца планы на рэальныя праекты супрацы.

«Кіберпартызаны – гэта тая арганізацыя, якая з першага дня фармавання палка, з першага дня фармавання беларускага дабраахвотніцкага руху актыўна на прыярытэтнай аснове дапамагала палку. Але сёння мы выходзім на абсалютна новы якасны ўзровень. Наша еднасць пераўтвараецца ў нешта большае, пераўтвараецца ў арганізацыйную форму. І мы маем план. Я думаю, хутка ўсе гэта пабачаць. Я думаю, Кіберпартызаны вельмі моцна паўплываюць на развіццё нашага палка, на нашу дзейнасць, на наш удзел у вайне. У нас ёсць сур’ёзныя планы, пра якія мы не будзем распавядаць, але пакажам вельмі хутка на справах».

Цалкам рэпартаж з прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў палка імя Кастуся Каліноўскага і групы Кіберпартызаны слухайце ў плэеры ніжэй:

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.