Loading

Кожны павінен быць творам мастацтва – ці насіць на сабе твор мастацтва, сцвярджаў Оскар Уайльд. Натхніўшыся думкай ірландскага пісьменніка, мы схадзілі ў Варшаве на дзень нараджэння брэнда Kanva і запыталіся ў беларусаў, а дзе і як апранаюцца яны і ці шмат у іх гардэробе вырабаў (чытай – мастацкіх твораў) беларускіх дызайнераў.

Андрэй: «На мне амаль усё з сэканду»

Гэты чырвоны плашч яшчэ на «Куфары» замовіла Даша Cemra, цяпер я ў ім. З мас-маркета боты і капялюш. Ці шмат у мяне рэчаў беларускіх дызайнераў? Па шчырасці, я раней не цікавіўся ўсім гэтым. Але зараз акунаюся ў Варшаве ў беларускую культуру, нешта хочацца набыць. Напрыклад, хачу купіць завушніцу «Канвы».

Воля Этыка: «Гэты кошык – мастхэв усіх менскіх модніц»

На мне сёння сукенка, пашытая з абрусу. Мая матуля набыла яго за 4 рублі ў сэкандзе ў Баранавічах, а пасля сяброўка зрабіла мне сукенку, гэта ўсё ручная вышыўка. Яшчэ ў мяне вельмі прыгожы кошык. Яго пляла бабуля Нэла Антоўнаўна, якую я знайшла ў менскім пераходзе. Мы дамовіліся, што яна там больш не працуе, і праз інстаграм дапамагаем ёй прадаваць гэтыя кошыкі, якія зараз – мастхэв усіх модніц Менску.

А яшчэ на мне гарлячка! Я рабіла яе сама. Гэта копія аўтэнтычнай беларускай гарлячкі. Не ўсе ведаюць, што такія былі ў нашых строях, бо часцей сустракаліся каралі.

Валянцін: «Мартэнсы – адзінае, што я набываў у краме»

На мне штаны, якія я знайшоў яшчэ ў беларускім сэкандзе. Дарэчы, гэта Burberry. Кашулю мне дала Наста Канва. Там напісана Made in Belarus. У краме набываў толькі свае «мартэнсы».

Паліна: «З беларускіх дызайнераў люблю TSUDA»

На мне джынсы Zara, яны вельмі старыя, ім ужо гады чатыры, але мне вельмі падабаецца іх крой. Таксама на мне «вансы» і байка ад Kanva. Я нашу яе з рознымі рэчамі. Яна на самай справе доўгая, але сёння я заправіла яе ў джынсы. Увогуле, вельмі далікатная работа з супердэталёвай вышыўкай. З беларускіх дызайнераў таксама нашу TSUDA – гэта адзенне маёй сяброўкі. Купальныя строі, майкі. Раней купляла яшчэ The Young Clothes. Вельмі падабаюцца іх касцюмы і паліто.

Даша Cemra: «Мне вельмі складана насіць чужыя рэчы»

На мне сёння вінтажная куртка, якую я набыла ў Парыжу ў сэкандзе. Вельмі дарагая сэрцу, бо яна з вандроўкі і нагадвае мне аб цёплых днях, калі мы былі ў Францыі. Сукенку купіла тут, у польскім сэкандзе. Абутак – Naked wolfe. Што тычыцца рэчаў беларускіх дызайнераў… Мне вельмі складана насіць чужое, і таму кожны раз я думаю, што буду рабіць нешта сваё. У мяне ёсць свае завушніцы, свой вэлюм. І пакуль што ўсё гэта ў адзіным экзэмпляры.

І яшчэ трохі прыгожых беларусаў, якія прыйшлі на дзень нараджэння брэнда Kanva.

Comments are closed.