Loading

Аднойчы яна сказала, што яе рэчы – быццам масткі, якімі сучасны чалавек ад хусткі з цытатамі Караткевіча можа прыйсці да кніг самога Караткевіча. Ад завушнічак у выглядзе павукоў – да пляцення з саломкі. Цяпер жа для многіх беларусаў вырабы Анастасіі Васючэнка напоўніліся новым сэнсам: яны як быццам дапамагаюць кампенсаваць боль і настальгію па радзіме. «Гэта як сувязь са сваімі каранямі. Тое, што я бачыла ў дзяцінстве і куды цяпер не магу вярнуцца», – дзяліліся пачуццямі госці варшаўскай прэзентацыі беларускай «Канвы».

Анастасія Васючэнка (у цэнтры)

Інтэграцыя ў новае асяроддзе супала з пяцігоддзем брэнда і паказам новай калекцыі завушніц і ўпрыгожанняў. У варшаўскім шоуруме TFH CONCEPT STORE, дзе сабраліся дзясяткі, калі не сотні гасцей, Анастасія Васючэнка зрабіла стылізацыю чырвонага кута. Такі калісьці быў амаль у кожнай беларускай хаце: прыгожае, ганаровае і па-свойму таямнічае месца. Побач з ім, дарэчы, беларусы часта падвешвалі саламяных «павукоў». Людзі верылі, што яны могуць забіраць на сябе злую сілу-энергію, і таму раз ці два на год (залежыць ад мясцовасці) выносілі іх з хаты і спальвалі.

«Новая калекцыя – гэта рэверанс да польскай культуры. Мой сённяшні павук выглядае збольшага як польскі – з кістачкамі, больш каляровы, больш аздоблены. А беларускі павук сціплы, геаметрычны, мінімалістычны», – распавядае пра сваю новую летнюю калекцыю Анастасія Васючэнка.

«Я працавала з тэкстыльнай бахрамой, латунню, саломай, якая цяпер больш яскрава аздобленая. Акрамя таго, выкарыстоўвала больш дарагія матэрыялы, ёсць залачоныя завушніцы. Пакуль што мне ўтульна і прыемна ў малых формах. У іх я магу больш дакладна выказаць сваю думку. Але неўзабаве мне б хацелася павярнуцца і да адзення».

Поўны рэпартаж з прэзентацыі новай калекцыі беларускага брэнда KANVA слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.