У найбуйнейшы горад на поўдні Украіны – Адэсу, прыйшоў фестываль дакументальнага кіно «1084 На мяжы». Што гэта за імпрэза радыё Ўнэт ужо распавядала падчас яе адкрыцця ў Львове. У Адэсе ж учора прайшло адкрыццё выставы працаў мастака Уладзіміра Цеслера. Мяркуецца таксама серыя кінапаказаў і выстава, прысвечаная беларускім палітычным зняволеным. Але чым увогуле падчас паўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны жыве беларуская супольнасць Адэсы? Па гэта нам распавёў адзін з актывістаў беларускай грамады гэтага паўднёвага і партовага горада Алесь.
Да вайны і некаторы час пасля яе пачатку было больш актыўнае жыццё беларускай супольнасці ў Адэсе. Зараз трошкі ўсё распалася. Магчыма, зараз з’явіцца нейкая ініцыятыва, якая зноў выйдзе на нейкую актыўнасць. Таму мы вельмі ўдзячныя Анісіі Казлюк за тое, што яна давезла да нас гэтую выставу. Для нас гэта магчымасць аб’яднацца, пазнаць адзін аднаго.
На жаль, мы з гэтым таксама часам сутыкаемся, што нейкія актыўнасці, якія мы абвяшчаем у агульных чатах, мала каго кранаюць. Нават, калі мы аказвалі нейкую кропкавую дапамогу – харчамі, рабіць яшчэ нейкія добрыя справы, не так шмат хто з нашых землякоў-беларусаў на гэта падпісваецца.
Кожны з нас, нехта афіцыйна, нехта не афіцыйна, валанцёрыць, бо зараз гэта ўвогуле адзінае, што ўсіх аб’ядноўвае, і ўсе робяць гэтую працу. Нехта самастойна, нехта пры нейкіх фондах. Вось акцыя з вадой на Мікалаеў, яна апошні тыдзень была і зараз скончылася, бо вядомыя падзеі знялі гэтую праблему ў Мікалаеве. 3,5 тысячы тон вады было адгружана на працягу ўсяго ваеннага становішча – раз у тыдзень пагрузка, адвозілі ў Мікалаеў.
Не так даўно, магчыма месяц-паўтара, як сталі актуальныя вось гэтыя акопныя свечкі. І таксама адзін з нас неяк так зацікавіўся і з галавой пагрузіўся і шмат што робяць яны зараз. Я бачу, што вельмі запатрабаваныя гэтыя рэчы.
Як валанцёры ўкраінскага фонду «Пясочніца Адэсы», мы робім стандартныя ў цяперашніх умовах рэчы – выдачы харчнабораў, апошні час цёплыя рэчы, коўдры, тэрмасы, спальныя мяшкі. Гэта вельмі запатрабавана. Ёсць шмат валанцёраў, якія самастойна шмат чаго робяць, і тады мы да іх давозім вось, напрыклад, тканіну, каб яны дыванкі, сеткі плялі. То бок, мы такія збіральнікі, а потым пастаўшчыкі рознай другаснай сыравіны.
Наконт таго, колькі тут засталося беларусаў, то ёсць чат агульны, і там агульная колькасць каля 500 удзельнікаў. І вось мы рабілі апытанку з мэтай высветліць колькі тут землякоў засталося, бо, зразумела, шмат хто выехаў, і ці патрэбна ім дапамога. Каля 50 чалавек пацвердзілі, што яны засталіся ў Адэсе, а з іх ужо толькі 10-15 чалавек пацвердзілі, што ім патрэбна дапамога. І мы з імі звязаліся, мы ім гэтую дапамогу аказалі і аказваем.
Адкрыццё фестывалю «1084 На мяжы» атрымалася трохі змазаным. Шмат чаго дараблялася ў апошні момант. Акрамя таго, зараз перапады з электраэнергіяй і гэта наклала адбітак на рэжым работы музея. Але мы задаволеныя. Ужо ёсць прыемныя сустрэчы – мы пашыраем знаёмствы з беларусамі, якія тут прысутнічаюць. Таму ўвогуле – вельмі добрая ідэя.
Сам фестываль мы для сябе называем шэрагам культурных праектаў, бо ў рамках гэтых двух тыдняў плануецца дзве выставы. Вось адна ўжо пачалася – гэта выстава прац Уладзіміра Цэслера. Пачалася ў Музеі заходняга і ўсходняга мастацтва ў цэнтры Адэсы на Пушкінскай, 9. Гэтая выстава будзе там да канца гэтага тыдня.
А другая палова будзе ў культурнай тэатральнай прасторы ТЕО, дзе плануецца другая выстава з палітвязнямі і шэраг кінапаказаў. Там шыкоўная пляцоўка для паказаў, таму яна вельмі зацікавіла арганізатараў. Гэтыя прасторы зараз адчыняюцца толькі пад нейкія мерапрыемствы, таму трошкі складана было камунікаваць, але ўсё адбылося як трэба.
І ў нас увогуле нарадзілася такая ідэя – стаўка больш не на адкрыццё, а на закрыццё. З таго, што ўжо выкрышталізоўваецца, мы плануем падчас кінапаказаў 2 снежня зрабіць агляд сітуацыі ў Беларусі. Там збяруцца прадстаўнікі валанцёрскіх арганізацыяў, дабрачынных фондаў.
Увесь час ваенных дзеянняў я знаходжуся ў Адэсе і ніякіх кепскіх адносінаў да беларусаў не сустракаў. Ад сяброў-землякоў я таксама ні ад каго нічога такога не чуў. Хіба што, быў нейкі канфлікт, калі на машыны з беларускімі нумарамі нехта нешта крычаў. І вось гэтая прастора ТЕО як раз з’явілася ў нас на сімпатыях да беларусаў. Яе дырэктарка сказала, што мастацкі кіраўнік Адэскага тэатра оперы і балету – беларус. Такая ў яе асацыяцыя адразу была. І яшчэ яна так цікава выказвалася, што ёй падаецца, што ўсе беларусы нейкія добрыя адмыслоўцы ў чымсьці. Толькі службы афіцыйныя – міграцыйныя і іншыя, там бываюць скандалы.
Запрашаем усіх аматараў мастацтва, усіх жыхароў Адэсы, каму неабыякавы лёс Беларусі, прыходзьце, калі ласка, на выставу, на шэраг нашых мерапрыемстваў – знаёмімся, дзелімся болем і звязваем вашы цяперашнія перамогі з перамогай таксама і ў нас.
Comments are closed.