Удзельнікі мастацкай рэзідэнцыі «Дома творцаў» у Беластоку, прадставілі свае працы ў прасторы Nie Teatr («Не тэатр»). Усе яны прысвечаны рэпрэсіям у Беларусі і перш за ўсё памяці закатаванага ў папраўчай калоніі вядомага мастака Алеся Пушкіна.
Гімнам «Магутны Божа», які праспяваў пад акампанемент ліры арганізатар «Дома творцаў» Сяржук Доўгушаў на вуліцы перад дзвярыма просторы Nie Teatr, распачаўся вернісаж памяці Алеся Пушкіна. А ўнутры наведвальнікаў чакаў перфоманс. І тон яго з прыглушаным гучаннем быў такі пранізлівы, як і тыя перфомансы, якія рабіў закатаваны ў лукашэнкаўскіх засценках мастак.
Пад кадры фільма пра Алеся Пушкіна палатно з агромністым тварам, што вісела перад прысутнымі, раптам пратыкнула лязо нажа. Гэты нож разрэзаў тканіну амаль напапалам і яна нібыта ператварылася ў занавес, з-за якога выкацілася тачка з чорнай зямлёй. Тачка і чорная зямля – наўпроставая адсылка да перфомансу, які ў 1999 годзе правёў Алесь Пушкін. Тады ён прывёз да адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску тачку з гноем, на які паклаў партрэт Лукашэнкі, каторы на той момант ужо пяць год правіў Беларуссю, і пратыкнуў гэты партрэт віламі. Зямлю на тачцы ў «Не тэатры» прысутныя аздобілі штучнымі кветкамі.
Тым часам голас Алеся Пушкіна даносіўся да прысутных, распавядаючы пра людзей, забітых лукашэнкаўскім рэжымам і адлюстраваных у карцінах цяпер таксама забітага мастака.
«На 26-ым годзе будаўніцтва нашай Беларусі ў нас забіты людзі. Забіты ўладай, забіты салдатамі ўнутраных войскаў, міліцыянерамі. У нас ёсць забіты Раман Бандарэнка, каторага ў 30 год забілі… Гэту працу я назваў «Жнівень 2020 года»… На жаль, гэта здарылася. Як бы я не хацеў, каб кроў засталася ў мінулым, але кроў Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Тарайкоўскага ўжо сёння ёсць, у 2020 годзе. На 26-ым годзе будавання мірнага нашай краіны».
Палітзняволены Алесь Пушкін быў забіты ў той час, калі мастацкая рэзідэнцыя для рэпрэсаваных мастакоў, ужо распачыналася ў Беластоку. 14 творцаў, кандыдатуры якіх былі адабраны арганізатарамі, на працягу двух тыдняў стваралі разнастайныя працы, удзельнічалі з імі ў фестывалі абуджаных «Тутака», а таксама рыхтаваліся да выставы ў памяць Пушкіна, як падагульняючый імпрэзы. Імёны аўтараў карцін і іншых мастацкіх твораў, публіцы названыя не былі. Арганізатары тлумачылі гэта небяспекай як для тых мастакоў, што прыехалі з Беларусі, так і тых, хто ўжо жыве за мяжой, але родны якіх застаюцца на радзіме. Таму, каб хоць неяк абазначыць аўтарства твораў, каля іх было вырашана размесціць першыя літары імёнаў і прозвішчаў мастакоў. Такім чынам, праяўляючы салідарнасць, зрабілі і тыя ўдзельнікі мастацкай рэзідэнцыі, якія пачуваюць сябе ў бяспецы.
Па прапанове куратаркі рэзыдэнцыі Вольгі Шніп, прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць Алеся Пушкіна, а ад прадстаўніцы «Не тэатра» Ілоны Карпюк даведаліся, што выстава будзе працаваць штодня да 18 жніўня. Дарэчы, працы з выставы можна купіць – частка грошай пойдзе рэпрэсаваным мастакам, а частка – сям’і Алеся Пушкіна.
Вольга Шніп распавяла радыё Ўнэт аб удзельніках рэзідэнцыі, крытэрыях адбору рэзідэнтаў і ідэю гэтай беластоцкай выставы.
— Ёсць тыя, хто можа назваць свае імёны. Сярод іх ёсць, напрыклад, і Антось Радзівонаў, вось яго дзве працы вісяць. Палова тут тых, хто быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і жыве ў Польшчы ў розных гарадах. Вельмі было шмат заявак з Беларусі, але быў такі кароткі тэрмін, што мы не змаглі дапамагчы з візамі, таму прыходзілася адмаўляць, браць толькі тых, хто з візамі і падыходзіў па партфоліа. Цікавы такі момант, што ўсе мастакі рознага ўзросту. То бок у нас былі розныя пакаленні 20-гадовыя, 30, 40, 50, 60 гадоў, нават 70. І мы вельмі пасябравалі, нягледзячы на розны ўзрост і досвед.
— А якія былі крытэрыі адбору?
— У нас некалькі чалавек адбірала. Я глядзела, канешне, па партфоліа і для мяне было вельмі важна, каб чалавек, па-першае, умеў маляваць, нешта ствараць, і, канешне, я глядзела на прафесійны ўзровень, таму што ў мяне была такая вар’яцкая ідэя, і я думала, ці яны пагадзяцца на маю ідэю выйсці за нейкую мяжу свайго звычайнага працэсу творчага. Тыя, хто маляваў пейзажы павінен быў маляваць партрэты, тыя, хто маляваў партрэты рабілі скульптуры. То бок гэта быў такі для іх выклік. Дарэчы, вось гэта асноўная праца так і называецца «Выклік». Яе таксама зрабіў мастак знакаміты ў Беларусі. І для яго ўвогуле гэта было шокам, таму што ён ніколі ён не рабіў такіх памераў і не рабіў такога плана, але я яму сказала, што я бачу, гэта ты зробіш. І, дарэчы, вельмі шмат мастакоў пасля гэтай рэзідэнцыі адкрылі ў сабе новыя таленты.
— Ідэя прысвяціць выставу Алесю Пушкіну ў каго ўзнікла і як хутка была падтрымана?
— Мы неяк з Сяржуком падумалі пра перфоманс на вуліцы, каб ён быў такі троху вар’яцкі. Але я разумела, што не змагу далучыць маіх мастакоў, таму што яны будуць не ў бяспецы, бо заўсёды гэта шмат СМІ, гэта нейкія фотаздымкі. Таму мы гэтую ідэю адмялі, і я прапанавала мастакам, а яны ўсе пагадзіліся адразу. Усім вельмі балела, у нас ва ўсіх не было настрою, мы гаварылі пра гэта і не маглі вярнуцца ў сябе. Было так кранальна, што не было такога: падтрымаеш – не падтрымаеш, бо было само сабой зразумелае.
Ацаніць вынікі мастацкай рэзідэнцыі ў Беластоку і такой самай, якая раней мела месца ў Варшаве, я папрасіў іх арганізатара Сяржука Доўгушава.
— Я асабліва не люблю параўноўваць. У той час былі адны мастакі, у гэтай рэзідэнцыі іншыя мастакі. Напрыклад, з выказванняў аднаго вядомага мастака, які быў у нашай рэзідэнцыі, а ён быў і ў першай рэзідэнцыі, і мы яго запрасілі і ў другую, ён таксама рэпрэсаваны, яму гэтая больш спадабалася. Папярэдняя была больш для рэабілітацыі – там быў і адпачынак, і наведванне Акадэміі мастацтваў, і такая інтэграцыя ў польскае грамадства. У гэтай жа рэзідэнцыі яму спадабалася тое, што кожны дзень працавалі, кожны дзень яны малявалі. Таму вынікам стала шмат прац, якія былі прадстаўлены на цяперашняй выставе і будуць далей прэзентавацца на выставах.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.