Яшчэ пры жыцці Алесь Пушкін стаў міфам і легендай. Яго акцыі ўзрушалі грамадства і змянялі дыскурс сучаснага беларускага мастацтва. Ён праявіў сябе ў самых розных сферах і трымаўся ў творчасці леанардаўскага падыходу, шырокага размаху! Жывапіс, царкоўнае манументальнае мастацтва, галерэйная дзейнасць, рэстаўрацыя, этнаграфія, паэзія, тэатр, дакументалістыка, відэа, турэмная графіка – і гэта, напэўна, яшчэ далёка не ўсе сферы, дзе праявіў сябе чалавек, якому не было і 58 гадоў.
Пра самыя адметныя і знакавыя работы Алеся Пушкіна мы папрасілі распавесці куратара і мастака Андрэя Дурэйку.
1. Абстрактны экспрэсіянізм
– Гэта праца радыкальнага гэсту, якая даўно знаходзіцца ў пантэоне беларускага мастацтва. Аўтар узяў сваю кроў і нанёс рукой чырвоны штрых праз вертыкальнае белае двухметровае палатно. Вельмі простая і ясная работа, якая мае шмат узроўняў для дэкадыроўкі. Першы і зразумелы кожнаму беларусу ўзровень – адчытванне легенды пра параненага ваяра, які сваёй крывёю стварыў наш нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. І ў гэтым той традыцыйны, палітычны, нацыянальны Пушкін, якога мы ўсе ведаем. Аднак тут праглядаецца і традыцыя сувязі з венскім акцыянізмам і крывавымі містэрыямі Германа Ніцша, а паралельна адносіць нас да рэлігійнага кантэксту хрысціянскай іканаграфіі, фетышызацыі рэліквіі, ахвярнасці. Гэта вельмі рэдкі ў беларускім мастацтве прыклад action painting, звязаны з жаданнем вызвалення як у мастацкім, так і ў палітычным сэнсе.
2. Акцыянізм
Гэта самая знаная праца Алеся Пушкіна і адна з самых вядомых акцый сучаснага беларускага мастацтва. Адзін толькі пералік элементаў – метал, гной, папера, акрыл, друкаваныя плакаты, вілы, кайданкі, грошы – ужо сведчыць аб тым, што гэта быў менавіта мастацкі твор, а не проста палітычны актывізм.
«Падарунак прэзідэнту» – гэта прыклад таго, як выразнасць мовы мастацтва перамагае і застаецца ў гісторыі. Прыклад звароту мастака да вышэйшай палітычнай улады на роўных. Гэтая акцыя змяніла дыскурс, а можа нават эпоху ў сучасным беларускім мастацтве, калі адбыўся пераход ад часоў партызанскіх стратэгій да актывізму.
3. Рэлігійнае, традыцыяналісцкае мастацтва, манументальны жывапіс
Сам Алесь Пушкін казаў, што гэта самы значны манументальны роспіс у яго жыцці. Тут ён паказаў, як у межах канону рэлігійнае мастацтва можа заставацца палітычным, а хрысціянін быць сучасным мастаком.
У даўнія часы была традыцыя на фрэсках страшнага суду звяртацца да актуальных падзей. Так і Пушкін – сярод грэшнікаў у асяроддзі амапаўцаў ён адправіў у пекла аляксандра рыгоравіча і мітрапаліта Філарэта. Крытыка і іронія не маглі быць незаўважанымі нават звыклым людзям, а тым больш царкоўным іерархам. Доўгі час царква стаяла неасвечанай, у 2004 годзе фрагменты роспісу зафарбавалі, а 17 лютага 2011 года царква нечакана згарэла.
І калі мы будзем разглядаць творчасць Алеся як акцыяніста, то тут кола замкнецца і супярэчнасці адыдуць на другі план. Заняцца рэлігійным жывапісам, канешне, выглядае крокам у бок, аднак калі гэта разглядаць як спробу апанаваць іншую тэрыторыю і звярнуцца да шырокай публікі, стварыць правакацыю, якая набыла голас і знікла як дэканструкцыя, заставіўшы толькі вербальную карціну царквы ў агні, то што можа лепей адлюстроўваць драму зруйнаванай сувязі чалавека з Богам?
4. Рэалістычны жывапіс
Традыцыйны акадэмічны жывапіс. Звыклы рэалістычны партрэт з серыі «Беларускі Рэзістанс», якая паўстала ў 2014 годзе. Гэта цыкл з некалькіх партрэтаў людзей з няпростай біяграфіі і, як сам казаў аўтар, выявамі беларусаў у вайне 1939-1945 гадоў паміж Усходам і Захадам, паміж двума таталітарнымі сістэмамі – нямецкай і савецкай.
Многія фігуру Жыхара ўспрымаюць неадназначнай, і яна такой і была. І тут у выбары тэмы, мне здаецца, Алесь базуецца на метадзе класіка нашай літаратуры Васіля Быкава. У сваіх творах ён паказаў, як падчас вайны людзі ператвараюцца з тых добрых – у здраднікаў, і з шалапаяў і хуліганаў – у сапраўдных герояў.
За гэтую карціну на Алеся Пушкіна завялі крымінальную справу. Мастак даведаўся пра гэта ў Кіеве падчас мантавання выставы «Кожны дзень». І нягледзячы на прапанову пазастацца і атрымаць статус палітычнага ўцекача ён, як сапраўдны акцыяніст, прыняў рашэнне вяртацца ў Беларусь, з якой у яго было ўсё звязана і дзе збіраўся быць да канца.
5. Словы, канцэптуальнае мастацтва
Апошняя акцыя з тых, якія мы ведаем. Для сябе я назваў яе «Крыж на жываце». Акцыя адбылася 25 сакавіка – самы важны для творчасці Алеся Пушкіна дзень. На судзе ён парэзаў сабе жывот у знак пратэста, супраць свайго зняволення і зняволення тысяч іншых беларусаў.
Тут у прамым сэнсе можна цытаваць «не шкадуйце жывата свайго», бо гэта – сымбаль любові да Бога, якая прывяла Алеся Пушкіна да веры, якая змяніла яго ў лепшы бок. А для нас гэта напамін, што чалавек сам вольны выбіраць свой лёс, і куды завядзе яго гэты выбар, залежыць асабіста ад яго.
Comments are closed.