Не так даўно ў Варшаве прайшла выстава «Вітанкі з Беларусі». Куратаркай экспазіцыі, на якой паказалі работы 17 рэпрэсаваных беларускіх мастакоў, выступіла Вольга Шніп − мастачка, музыкант і жонка былога палітзняволенага Антона Шніпа.
«Гэта ідэя была на паверхні. Не ведаю, чаму ніхто не здагадаўся зрабіць такую выставу да нас. Ёсць думкі, каб паказаць экспазіцыю ў Беластоку, развіваць гэта праект. Ён вельмі патрэбны нашым мастакам. На выставе мы адкрылі для сябе новыя імёны», − распавяла Вольга пра «Вітанкі з Беларусі».
Таксама мастачка думае цяпер над тым, каб аднавіць у Варшаве і свой музычны праект OliA. Ён з’явіўся яшчэ ў гады Волінага студэнцтва ў Беларускай акадэміі музыкі і працягваўся паралельна з яе працай у Вялікім тэатры Беларусі.
«Гэта будзе зусім іншая музыка. Абавязкова на беларускай мове. Паціху збіраюцца музыканты. Думаю пра гэта».
Да праекта абвязкова далучыцца і муж Вольгі − былы палітзняволены Антон Шніп. Маладыя людзі пазнаёміліся ў 2015 годзе, а распісаліся ў СІЗА, калі Антона затрымалі.
«Было неверагодна складана атрымаць дазвол. Вельмі недарэчна адно наша медыя апублікавала са мной інтэрв’ю, якое я па сутнасці і не давала. Пасля гэтага следчы сказаў, што ўсё, ніякага вам вяселля. Куды я потым толькі не пісала. І нарэшце дазволілі… Ліставацца з Антонам было вельмі складана. Тады я прыдумала перадаць яму з пасылкай апельсіны. А ведаеце ж, на іх ёсць налепкі. Дык вось, на адваротным баку такой налепкі я яму напісала, што будзе рэгістрацыя».
Поўную размову з Вольгай Шніп слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.