Работы сямнаццаці беларускіх аўтараў можна цяпер убачыць у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве. Напярэдадні там адкрылася выстава «Вітанкі з Беларусі». Большасць яе ўдзельнікаў адбылі турэмныя тэрміны, усе без выключэння пакінулі Беларусь праз палітычны пераслед. Адным з самых кранальных акцэнтаў экспазіцыі стала інсталяцыя турэмных малюнкаў Касі Будзько. Паказалі ў Музеі вольнай Беларусі і работы Паўла Севярынца.
17 сакавіка, 17 беларускіх мастакаў і каля сотні жывапісных работ, малюнкаў і арт-аб’ектаў. Камусьці з іх стваральнікаў пашанцавала з’ехаць з Беларусі да затрымання. Але ёсць і тыя, хто цалкам адсядзеў свой тэрмін.
− Два гады ў Івацэвічах. Гэта выпрабаванне і вельмі каштоўны досвед для мастака − пабачыць жыццё за кратамі. На маляванне шмат часу не было. Мне дазвалялася мець алоўкі, гуаш і акварэль, − распавядае былы палітзняволены Уладзіслаў Макавецкі. Дарэчы, гэта яго малюнак з выявай коціка ў турэмнай робе змешчаны на афіше выставы.
− Я намаляваў яго на зоне. Павіншаваў гэтым малюнкам чалавека з днём нараджэння. Я быў не ўпэўнены, што ліст дойдзе. Але адбыўся цуд. Арыгінал зараз знаходзіцца ў Віцебску.
Праект «Вітанкі з Беларусі» распачаўся з жадання падтрымаць беларускіх мастакоў. Арганізатары праекта кінулі кліч нашым мастакам у Польшчы − адгукнуліся 17 аўтараў і аўтарак. Большасць паказалі свае працы ў Варшаве ўпершыню, распавядае куратарка экспазіцыі Вольга Шніп.
− Мы не абмяжоўвалі мастакоў. Тут працы розных гадоў. Тое, што яны змаглі прывезці з Беларусі. Тое, што яны малявалі тут. Гэта самыя розныя стылі, жанры. І малюнкі, і жывапіс, і графіка, і відэа-арт.
Музейная прастора відавочна не была разлічаная на такую колькасць людзей. На Фоксаль,11 сабраліся дзясяткі чалавек. Каб разгледзець некаторыя карціны, даводзілася літаральна прабірацца праз натоўп. Адкрыў выставу мастацкі перформанс. Ролю мастака, які піша ў турме карціну, выканаў Антось Радзівонаў.
− Тут можна ўбачыць вельмі кранальныя мастацкія творы. Гэта ўражанні ад гадоў, праведзеных за кратамі. Трагедыя ў тым, што кожная хвіліна жыцця чалавека − гэта каштоўнасць. А ў людзей адбіраюць гады, калі яны маглі жыць, маляваць, радавацца.
− Як чалавек, які сам прайшоў турму, уражанні вельмі моцныя, − дзеліцца думкамі журналістка Наталля Радзіна. − Углядаешся ва ўсе карціны і думаеш, як цяжка было чалавеку. Збольшага яны пра жахі турмы, пра ўнутурны боль. Але ёсць вельмі добрая карціна − калі бел-чырвона-белыя рукі цягнуцца да зорак. Мне яна спадабалася больш за ўсё, таму што ў ёй ёсць надзея.
− Як турма змяняе чалавека?
− Калі я выйшла, я зразумела, што самае галоўнае − гэта любіць жыццё. У турме ты разумееш, што на самой справе ў жыцці так шмат цікавага…
«90 прадстаўнікоў культуры сёння знаходзяцца ў статусе палітвязняў»: пра драматычныя лічбы падчас адкрыцця выставы нагадаў Павел Латушка. Кіраўнік НАУ адзначыў, што падобныя праекты − таксама дзеянне. Галоўнае − не губляць сувязь паміж тымі, хто знаходзіцца тут і там.
− Калі сёння мы бачым у музеі столькі людзей − значыць, гэта важна, гэта запатрабавана. Дай Божа, што так будзе заўсёды. Але я тут раблю адну заўвагу: заўсёды − гэта значыць, чым хутчэй мы будзем у Беларусі.
Выстава «Вітанкі з Беларусі» − гэта своеасаблівая мастацкая рэтраспектыва падзей апошніх трох гадоў. Менавіта ў гэты перыяд былі створаны работы, прадстаўленыя на экспазіцыі. Атрымаўся і жыццёвы погляд, і рэакцыя на апошнія падзеі ў Беларусі, кажа арганізатар падзеі, стваральнік праекта «Дом творцаў» Сяржук Доўгушаў.
− Усім творцам адразу прыходзіцца пражываць гэтыя нервовыя перыяды адаптацыі ў іншай краіне з іншымі люзьмі, чужой мовай. Але калі мы будзем гуртавацца, мы пройдзем гэты этап.
Пасля адкрыцця публіка яшчэ доўга не разыходзілася – людзі размаўлялі, абмяркоўвалі работы і дзяліліся сваімі ўражаннямі ад убачанага.
− Гэта вельмі важная справа для беларусаў, якія зараз на эміграцыі. Гэта працяг духоўнага беларускага жыцця, якога нам вельмі тут не хапае. Гэта глыток паветра, якім мы калісьці дыхалі, − шчыра прызнавалася адна з наведвальніц.
− Ахапіў даволі моцны сум, бо калі ты некаторых людзей ведаеш і глядзіш на іх працы… Яны там, мы тут, і параўнальна мы ў цудоўных умовах. Я адчуваю вялікую ўдзячнасць да беларусаў, што яны збіраюцца, прыходзяць, − дзялілася думкамі яшчэ адна госця выставы.
У планах у арганізатараў − паказаць «Вітанкі з Беларусі» у розных гарадах. А пакуль убачыць і, што немалаважна, купіць работы беларускіх мастакоў можна ў Варшаве. Да 21 сакавіка ў Музеі вольнай Беларусі працягнецца экспазіцыя праекта, пасля чаго ён перамесціцца ў малую залу ў выглядзе каталога з працамі, якія можна будзе набыць і такім чынам падтрымаць беларускіх рэпрэсаваных творцаў.
Рэпаратаж цалкам слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.