Loading

Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы. На тэрыторыю Беларусі зноў прыбудуць расійскія вайскоўцы, і гэта «дакладна будзе не адна тысяча чалавек». Як расказаў сам Лукашэнка, адпаведныя дамоўленасці былі дасягнуты з Пуціным у мінулую пятніцу на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Што такое «рэгіянальная групоўка войскаў Саюзнай дзяржавы»? Чаму Лукашэнка зноў пускае ў краіну расійскую армію і ці мог ён адмовіцца ад мілітарных прапаноў Масквы? Абмеркавалі з палітычным аглядальнікам Валерыем Карбалевічам.

Навошта Лукашэнку расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі? 

Лукашэнкам рухае вялікая залежнасць ад Расіі, ад расійскай падтрымкі. Менавіта расійская падтрымка дазволіла яму і расійскаму рэжыму выжыць у крытычнай сітуацыі ў жніўні-верасні 2020 года. З-за гэтага Лукашэнка вымушаны быў упісацца ў расійскі гепалітычны канфлікт з Захадам і з Украінай. І вось цяпер, трапіўшы ў гэтую каляю, ён з яе не можа выбрацца і, гледзячы па ўсім, ціск з боку Расіі павялічваецца. Прычым зараз Лукашэнка ужо нават схаваць не можа, што вымушаны дзейнічаць пад ціскам Расіі. Тое, што з Сочы ён паехаў у Абхазію — гэта такі яскравы вынік расійскага ціску. І тое, што пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу на нефармальным саміце СНД Беларусь пачала агрэсіўную дыпламатычную атаку на Украіну.  Украінскі амбасадар быў выкліканы ў МЗС Беларусі, дзе яму была ўручана нота. Потым выступіў кіраўнік Памежнага камітэта Беларусі Лапо, дзе абвінаваціў украінскіх памежнікаў ва ўсіх грахах, а ў панядзелак сам Лукашэнка выступіў з чарговым расказам, што Україна збіраецца напасці на Беларусь і дзеля прадухілення гэтага трэба прымаць меры. Прычым Лукашэнка сказаў: мы дамовіліся ў Пецярбургу наконт гэтых дзеянняў, то бок відавочны ціск з боку Расіі. 

Ці ўжо зразумела, як будзе функцыянаваць гэтая «сумесная рэгіянальная групоўка»?

Паводле дакументаў аб дзейнасці гэтай рэгіянальнай групоўкі, калі яна разгортваецца ў пагражальны перыяд, то там павінна з’явіцца адзінае камандаванне. А хто будзе камандаваць гэтымі войскамі? Расійскія войскі ўдзельнічаюць у вайне, беларускія войскі — не ўдзельнічаюць. І як такое гібрыднае войска можа быць падпарадкавана аднаму камандзіру? Я з цяжкасцю ўяўляю, як гэта магчыма. Таму я не выключаю, што ўсе гэтыя размовы пра разгортванне адзінай групоўкі — гэта нейкая імітацыя, спроба напужаць кагосьці, перш за ўсё ўкраінцаў. Але з іншага боку гэта можа выліцца ва ўсё, што заўгодна.   

Наколькі гэта зменіць расклад сіл у рэгіёне і ці ёсць дадатковая пагроза для Украіны?  

Я не думаю, што гэта зменіць расклад сіл у рэгіёне, але пагроза для Украіны павялічваецца. Ёсць два варыняты выкарыстання гэтых расійскіх вайскоўцаў, якія прыбываюць у Беларусь, а гэта паводле Лукашэнкі, некалькі тысяч чалавек. Першы варыянт — гэта напад на Украіну з поўначы, зноў спроба паходу на Кіеў. Але я думаю, што такі варыянт малаверагодны, бо мінулым разам такі паход аказаўся вельмі няўдалым. Там не так шмат шляхоў, якія вядуць на Кіеў, і ўсе гэтыя шляхі вядомыя ўкраінцам, таму там вельмі легка трапіць у пастку. 

Другі варыянт, які я лічу найбольш верагодным, гэта прыбыццё расійскіх вайскоўцаў у Беларусь дзеля навучання. У Расіі шмат мабілізаваных, якіх трэба вучыць і трэніраваць. У самой Расіі палігонаў не так шмат, не такая вялікая інфраструктура. І таму іх прывязуць у Беларусь. Тут іх падрыхтуюць, а потым адправяць на Данбас ваяваць. 

Comments are closed.