Loading

Напрыканцы мінулага тыдня ў Львове прайшоў беларуска-ўкраінскі «Форум Астрожскіх». Сваімі ўражаннямі з намі дзяліўся ўкраінскі палітолаг Яўген Магда. Зараз мы звярнуліся да ўдзельніка форуму з беларускага боку – намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валера Кавалеўскага.

Па-першае, прыемна адзначыць, што зацікаўленасць у дыялогу двухбаковая.Ніякага прымусу не было і відавочна, што людзям было шчыра цікава. І вельмі важна, што такое мерапрыемства адбылося. Бо гэта пачатак высвятлення стану нашых адносін.

Яшчэ на пачатку года, калі мы абмяркоўвалі гэты фармат са спадаром Яўгенам Магдам, мы прыйшлі да высновы, што ўкраінцы і беларусы – блізкія народы, але мы вельмі мала ведаем адзін пра аднаго. І пакуль намаганняў, што рабілі СМІ і грамадскія дзеячы недастаткова, каб мы лепш паразумеліся. А гэта становіцца фундаментам для выпрацоўкі адэкватнай палітыкі з двух бакоў.

Форум арганізоўвалі хутка, літаральна за некалькі тыдняў. Месцам правядзення абралі Львоў, а назву прыдумалі сыходзячы з нашай супольнай гісторыі. І ў сучасным кантэксце, дзе ваенна-палітычная тэматыка выйшла на першы план, гэты выбар не выпадковы.

Пад час форуму паміж удзельнікамі былі вельмі шчырыя размовы і жаданне адзін аднога ведаць і разумець. Усе прыйшлі да высновы, што такія форумы павінны адбывацца часцей. Украінцы былі вельмі ўдзячныя, што форум адбыўся на іх тэрыторыі падчас вайны, і беларусы да іх прыехалі.

Арганізатарамі выступілі беларуская «Палітычная сфера», «Прызма» і «Украінскі каталіцкі ўніверсітэт», а таксама суарганізатарам выступіў Офіс Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет. На жаль, не ўсе ахвочыя патрапілі туды, не ўсіх запрасілі. Але гэта адбылося не таму, што кагосьці хацелі абмежаваць. Хутчэй праз недахоп часу на больш дакладную арганізацыю.

Тым больш, што ад пачатку было не зразумела, ці будзе там палітычны складнік, альбо толькі экспертная супольнасць. Маглі абмежавацца выключна спецыялістамі па гісторыі, паліталогіі, адукацыі і інш. Але ў выніку ўдзельнічалі і палітыкі з абодвух бакоў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і дыяспары. Таму ёсць над чым працаваць, каб палепшыць фармат і склад форуму, але тое, што адбылося, ужо не благое дасягненне.

Хто вырашаў, каго запрашаць і чым абумоўлена пэўная сакрэтнасць форуму?

Дамовы аб неразгалошванні не было, але быў прыняты агульны фармат па правілах Chatham House, адпаведна якога, цытаваць удзельнікаў ці перадаваць змест іх выступаў нельга. Гэта зроблена для таго, каб людзі свабодна выказваліся і не баяліся, што іх словы патрапяць у СМІ і будуць не дакладна інтэрпрэтаваныя.Бо на тое ён і брэйншторм, каб свабодна выказваць свае думкі, нават, калі яны не папулярныя. Таму і быў прыняты такі фармат, каб палепшыць камунікацыю і абмен думкамі ўнутры самога мерапрыемства.

Што датычна спіса ўдзельнікаў, то да яго спрычыніліся ў галоўнае ступені асноўныя арганізатары форуму.

Ва ўкраінскай палітычнай прасторы назіраецца нейкае спаборніцтва паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі, часам антаганістамі, за ўвагу. Ці дапамог гэты форум беларусам дамовіцца паміж сабой?

Я не пагаджуся з фармулёўкай антаганісты, бо яна азначае сілы, якія працуюць супраць адна адной. Паміж беларускімі прадстаўнікамі на форуме антаганізму не існуе. Мы ніколі не стваралі перашкодаў у дзейнасці Палка Каліноўскага і з іх боку не бачым мэтанакіраваных спробаў падарваць Аб’яднаны кабінет ці Офіс Святланы Ціханоўскай Ёсць пэўная ўзаемная крытыка, але разам з тым я не магу назваць нас антаганістамі.

Тое, што зусім нядаўна Полк Каліноўскага абвесціў аб аб’яднанні з Кіберпартызанамі і заявіў выразную палітычную павестку, заслугоўвае ўвагі. Але разам з тым, магу канстатаваць, што заяўленыя мэты ў выкананні ПК мне не падаюцца рэалістычнымі. Гэта не азначае, што над гэтым не варта працаваць, ці не варта пра гэта думаць.Гэта тое месца, дзе мы можам супрацоўнічаць і ўзгадняць пэўныя крокі. Бо цяжка ўявіць, каб ваенныя са зброяй стваралі ўмовы для выбараў і праводзілі іх у новай Беларусі. На гэта патрэбна канкрэтная і спецыяльная экспертыза, веды, арганізатарскія навыкі. А таксама ўнутраны давер грамадства і міжнароднай супольнасці. Усе добра ведаюць з гісторыі чалавецтва, як ваенныя праводзяць выбары і што з гэтага атрымліваецца.

У нас ёсць нагоды крытыкаваць адзін аднога. Полк Каліноўскага таксама можа выказаць свае заўвагі і крытыку на наш адрас. Але гэта не азначае, што ў нас антаганістычныя адносіны. Наадварот, на самім форуме ў нас былі добрыя і змястоўныя размовы з прадстаўнікамі ПК – Вадзімам Кабанчуком і Зміцерам Шчыгельскім. Адкрытыя, спакойныя, узаемапаважлівыя. І тут варта быць дакладнымі ў вызначэнні таго, у якіх адносінах мы зараз знаходзімся.

Што тычыцца спаборніцтва за ўвагу ўкраінскіх уладаў, то я не стаў бы гэта так называць. Для многіх беларускіх дэмакратычных структураў падтрымка Украіны ў барацьбе супраць расійскай агрэсіі, адна з заяўленых мэт.

Украіна стала вельмі важным месцам, дзе вызначаецца будучыня ў тым ліку Беларусі і ўсяго нашага рэгіёну. І мы ўсе лічым, што выбудоўваць адносіны з Украінай вельмі важна, бо яна мае самы асаблівы голас на планеце. Тое, што яны гавораць, пазіцыі, якія яны займаюць, заклікі, якія яны робяць, адгукаюцца ў розных кутках планеты. І таму важна будаваць адносіны, каб вырашаць нашу агульную бяду.

Беларусь і Украіна зараз з’яўляюцца аб’ектамі агрэсіі. Ва Украіну Расія зайшла са зброяй, у Беларусь яе ўвёў Лукашэнка, які стаў Траянскім канём. Праз сваю асабістую карумпаванасць, ён адкрыў браму для расіян. Як палітык ён з усіх бакоў абанкручаны, што падштурхнула яго ісці на такую крайне небяспечную здзелку як гандаль незалежнасцю дзяржавы.

Важна дамагчыся больш аб’ёмных і выразных палітычных зносінаў з кіраўніцтвам Украіны. І ў гэтым сэнсе я б вітаў, што ў Палка Каліноўскага ёсць свае амбіцыі і бачанне таго, як прасоўваць беларускую павестку ва Украіне. Можна сказаць, што Беларусі там становіцца больш, дзякуючы Палку Каліноўскага.

Наколькі гэты форум, альбо шэраг падобных наблізіць беларускую дэмакратычную супольнасць да афіцыйнага вызнання Кіевам і сустрэчы з прэзідэнтам Зяленскім?

Я буду казаць пра Святлану Ціханоўскую, бо яна сёння з’яўляецца прызнаным дэмакратычным лідарам Беларусі, з унутраным і міжнародным прызнаннем. Гэта сустрэча мусіла быць кульмінацыяй падрыхтоўчай працы. Але сама па сабе яна не можа з’яўляцца мэтай нашай дзейнасці. Шмат чаго трэба будзе рабіць на гэтым шляху. І я спадзяюся, што іншыя палітычныя сілы спрычыняцца да гэтага.

І сам па сабе форум нельга разглядаць як нейкі прарыўны. У якасным сэнсе ён наўрад ці паўплывае на палітыку Украіны ў дачыненні да Беларусі і на адносіны паміж дэмакратычнай Беларуссю і Украінай. Але гэта вялікі крок наперад. Асабліва ўлічваючы, што на форуме прысутнічалі прадстаўнікі парламенцкага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» з Вярхоўнай Рады. У тым ліку, сустаршыня аб’яднання Вадзім Галайчук, які з’яўляецца міжнародным сакратаром партыі «Слуга народу». Вельмі дасведчаны і эфектыўны парламентарый. Адметна, што сама гэтая група месяц таму пашырылася за кошт таго, што некалькі дэпутатаў ад «Слугі народу» увайшлі ў яе склад.У тым ліку тры з іх з’яўляюцца кіраўнікамі парламенцкіх дэлегацый у НАТА, АБСЕ і Радзе Еўропы. Гэта сведчыць, што ўкраінскае кіраўніцтва надае больш палітычнага зместу зносінам з дэмакратычнай Беларуссю.

Таму ёсць пэўныя спадзевы, што гэты форум стане пачаткам нечага большага. Але пакуль нельга сказаць, што гэта сапраўдны прарыў і заўтра-паслязаўтра ў нас памяняецца якасць і змест узаемаадносінаў.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.