Loading

З 9 па 11 снежня ў Львове праходзіў беларуска-ўкраінскі форму імя князёў Астрожскіх. Прысутнічалі палітыкі, эксперты і грамадскія дзеячы абедзвюх краін. Сустрэча праходзіла па правілах Chatham House, таму распавядаць падрабязнасці размоў, цытаваць выступы і тлумачыць дэталі ўдзельнікі форуму не могуць. Украінскі палітолаг, гісторык, журналіст, дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда распавёў аб сваіх уражаннях ад мерапрыемства.

Форум носіць імя князёў Астрожскіх, бо гэтыя гістарычныя персанажы аб’ядноўваюць Украіну і Беларусь. Асноўным арганізатарам стаў беларускі інстытут даследаванняў «Палітычная сфера», украінская недзяржаўная арганізацыя «Прызма» і Украінскі Каталіцкі ўніверсітэт.

Яўгена Магду запрасілі ў якасці эксперта па Беларусі, які паслядоўна выступае за тое, што нам давядзецца прайсці шлях у тысячу крокаў, каб знайсці разуменне. Палітолаг адзначыў, што дужа рады, што гэтыя некалькі дзён па большасці нефармальных дыскусій прайшлі плённа. Прыемна было назіраць, як удзельнікі нават пасля заканчэння апошняй панэлі, працягвалі размаўляць і абмяркоўваць у кулуарах, што рабіць далей.

І гэта вялікі плюс, таму што нам патрэбна правесці інвентарызацыю ўзаемных праблем і прэтэнзій. І толькі пасля таго пачынаць рухацца наперад. Яўген Магда параўнаў форум з сустрэчай аграномаў, якія сабраліся абмеркаваць перад пасяўной, што, куды, калі будуць сеяць і чым аздабляць.

Украінскаму боку гэта сустрэча дапамагла зразумець, што беларусы, якія па волі лёсу апынуліся ў выгнанні, больш адкрытыя для дыялогу, чым афіцыйная ўлада Беларусі.

На форуме прысутнічалі прадстаўнікі розных дэмакратычных сілаў Беларусі. Але на тое яна і дэмакратыя, каб людзі з рознымі поглядамі маглі выказваць свае думкі. Ва ўкраінскіх парламентарыяў таксама там былі розныя пункты гледжання.

Тое, што ў шэрагах УСУ змагаюцца прадстаўнікі Палка Каліноўскага, палка «Пагоня», батальёну Тэрор, паказвае, што пэўнае паразуменне з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл ёсць.Таксама, як і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету не без праблем, але ж кантактуюць з урадам Украіны.

На форуме абмяркоўвалі шмат пытанняў і праблемаў у розных сферах. Напрыклад, была вельмі цікавая панэль, як падтрымліваць адзін аднога на міжнародным узроўні. Фактычна былі прагавораныя і названыя ўсе верагодныя мажлівасці. Вядома, што пра гэта гаварылі эксперты, ад якіх далёка не ўсё залежыць. Але ў гэтым накірунку ёсць перадумовы для асцярожнага аптымізму.

Украіна зараз павінна сказаць Лукашэнку, што як раней ужо ніколі больш не будзе. Па-другое, украінскае кіраўніцтва павінна агучыць, што без дэмакратычнай Беларусі не будзе і вольнай Еўропы. Гэта не азначае падтрымку пэўнага палітыка. Гэта азначае, як Украіна бачыць свае ўласныя інтарэсы ў гэтым кантэксце.

З боку ўкраінскіх палітыкаў на адрас беларусаў часта гучыць: вы спачатку аб’яднайцеся, бо не зразумела, з кім весці перамовы. Ці дапаможа гэты форум беларускім палітыкам аб’яднацца?

Такая тэза пра неабходнасць аб’яднання гучала, але гэта не быў такі катэгарычны імператыў. То бок, ніхто не агучыў, пакуль вы не аб’яднайцеся, то мы з вамі размаўляць не будзем. Прынцып дэмакратыі прадугледжвае наяўнасць розных меркаванняў і пазіцый. Інакш і быць не можа.

Фінальныя дакументы, якія былі прыняты ў апошні дзень, будуць разасланыя ўдзельнікам форуму і ўкраінскім палітыкам з міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь».

На форуме быў закладзены фундамент для далейшых размоў, а якімі яны будуць, залежыць ад нас. Саспела неабходнасць выхаду на фармат пастаянных тэматычных дыскусій, падчас якіх патрэбна пастаянна размаўляць пра дзеючыя праблемы. І прасоўваць гэта ў інфармацыйнай прасторы Украіны і Беларусі. Таму, што сённяшняя рэальнасць такая, што мы мала што ведаем адзін пра аднога.

Нават паміж прадстаўнікамі аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» не існуе адзінага стаўлення да беларускіх палітыкаў. Хтосьці вызнае Святлану Ціханоўскую абраным прэзідэнтам і прадстаўніком дэмакратычных сілаў, хтосьці бачыць у гэтай ролі Полк Каліноўскага. Як у такім выпадку быць беларусам?

Гэта ж міжфракцыйнае аб’яднанне. У ім ёсць людзі з рознымі поглядамі. Напрыклад, некалькі тыдняў таму Пятро Парашэнка сустракаўся са Святланай Ціханоўскай. Ва Уладзіміра Зяленскага такіх планаў няма. Розныя погляды дэпутатаў абумоўленыя іх партыйнай прыналежнасцю. Але выбар формаў палітычная дзейнасці – гэта выключна прэрагатыва грамадзян Беларусі.

На форуме размаўлялі не толькі пра палітыку, а і пра тое, як мы з сацыялагічнага пункту гледжання адзін аднога ўспрымаем. Гаварылі пра юрыдычныя аспекты і праблемы сумеснай гісторыі, культуры, падтрымку на міжнародным узроўні.

Было восем розных панэляў, якія сведчаць аб тым, што зацікаўленасць ёсць у двух бакоў. І варта адзначыць працу арганізатараў, у якіх атрымалася зрабіць насамрэч цікавы форум. Бо не часта так бывае, калі на падобных мерапрыемствах намагаешся праслухаць максімум.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

 

Comments are closed.