За апошні тыдзень адбылося некалькі падзей, якія ў чарговы раз паказалі стаўленне афіцыйнага Кіева да афіцыйных прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў. Пры гэтым унутры беларускай апазіцыі працягваецца барацьба за ўвагу Кіева і беларусаў. Намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук адказаў на актуальныя пытанні вакол апошніх падзей.
Не магу сказаць, што ва Украіне татальна дрэнна ставяцца да беларусаў. Украіна – дэмакратычная краіна, з рознымі групамі, нават ва ўладзе. І яны па-рознаму ставяцца да Беларусі і беларусаў, да рэжыму Лукашэнкі і да апазіцыі. Сярод іх – нашыя прыхільнікі і тыя, хто рабілі бізнес з Лукашэнкам. Таму я не хачу сцвярджаць, што гэта нейкая стратэгія татальнага адмаўлення ад беларусаў, бо яны ўсе паганыя.
Думаю, што гэта больш такая гульня з электаратам. Таму, што пераважная частка ўкраінцаў зараз ставяцца адмоўна да афіцыйнай Беларусі і пераносяць гэта на беларусаў. Хаця да вайны было ўсё наадварот.
Перад візітам у Кіеў Зянона Пазняка ў афіцыйным тэлеграм-канале ПКК з’явіўся допіс з відавочным дакорам у бок Святланы Ціханоўскай, якая змяніла цытату Кастуся Каліноўскага на паліткарэктны варыянт. Ці азначае гэта, што полк падтрымлівае Пазняка, а не Ціханоўскую?
Мы падтрымліваем тых людзей і сілы, якія выступаюць за нацыянальнае адраджэнне Беларусі і яе аднаўленне як суверэннай, нацыянальнай дзяржавы. Менавіта падчас вайны, калі ўсё вельмі канкрэтна, няма адценняў, а ёсць вораг і не вораг, гуляць у паліткарэктнасць для нас дзіўна.
Чамусьці некаторыя персоны не рэагуюць на тое, што існуе гарэлка і іншыя брэнды з назвай «Бульбаш». То бок беларусаў называць бульбашамі прымальна. А словы нашага правадыра Кастуся Каліноўскага, нягледзячы на тое, што ў тыя часы жыхароў Масковіі называць маскавіты, ці маскалі было абсалютна прымальна, чамусьці паліткарэктна выпраўляюць.
Мы ведаем, чаму гэта так робіцца, бо ведаем, якія былі ранейшыя мэседжы ў гэтай публікі. Зразумела, што пазіцыя Зянона Станіслававіча для нас найбольш блізкая, таму што ён заўсёды стаяў дакладна на пазіцыі нацыянальных інтарэсаў Беларусі і не адмаўляецца ад яе дагэтуль.
Словы Лукашэнкі аб прапанове з боку Украіны заключэння з ім пакту аб ненападзенні сведчаць аб наяўнасці кантактаў і выклікаюць асцярогі, што цаной пытання могуць стаць каліноўцы. Напрыклад, байцы «Клешч» і «Тромблі», якія зараз у палоне. Наколькі гэта вам падаецца рэалістычным?
На лёс гэтых двух байцоў Украіна можа ўплываць даволі ўскосна, бо яны зараз у расійскім палоне. Не думаю, што расіяне ўключацца ў гэтую гульню Лукашэнкі і Украіны, калі такая існуе.
А тое, што кантакты адбываюцца, гэта нармальна. Заўсёды, нават падчас войнаў, бакі маюць пэўныя кантакты на ўзроўні дыпламатаў ці спецслужбаў. Гэта сусветная практыка. Іншая справа, калі Украіна афіцыйна думае, што можа дамовіцца з чалавекам, які мала, што кантралюе ў краіне ў вайсковым плане, то гэта выклікае ў нас здзіўленне. Бо ён ужо іх не аднойчы падманваў. У 2014 годзе былі дамоўленасці з Турчынавым. І перад уварваннем у 2022 былі абяцанні, што нічога не будзе.
А самае галоўнае, што Лукашэнка зараз можа гарантаваць Украіне ў вайсковым плане? Калі Пуцін прыме рашэнне зрабіць напад, ракетны абстрэл, ці авіяўдар з Беларусі, Лукашэнка гэта ні адмяніць, ні паўплываць на гэта не можа.
Сама беларуская армія на сённяшні час, гэта фармаванне, якога можа і хапае на прыкрыццё ўласных межаў, але ніяк не хапае для нападу на Украіну. Мне цяжка ўявіць, што каліноўцаў могуць зрабіць закладнікамі такой змовы. Нагадаю, Украіна – дэмакратычная дзяржава з моцнай грамадскай думкай. І яна цалкам на нашым баку, таму што мы змагаемся са зброяй у руках. Нашыя хлопцы на фронце гінуць і атрымліваюць параненні.
Ці ёсць спадзеў на тое, што беларускім добраахвотнікам, якія дэмабілізуюцца з УСУ, палегчаць легалізацыю і рэабілітацыю ва Украіне?
Нядаўна Вярхоўная Рада прыняла закон аб спрошчаным наданні грамадзянства іншаземных легіянерам. Пакуль жа ў байцоў вайсковыя білеты — гэта від на жыхарства ва Украіне. Ну і для тых, хто зараз на перадавой, такое пытанне не тое, каб другаснае. Аб ім, нават і не думаюць там. Аб гэтым можна думаць, калі скончыцца вайна. Можа тады нам будзе патрэбна гэтае грамадзянства, ці іншыя якія дакументы. Пакуль жа не вядома, чым яна скончыцца. Што тычыцца хлопцаў, якія звальняюцца з палка, то ў нас ёсць патранатная служба і суправаджэнне. Ні адзін баец, каторы мае параненне, ці праблемы са здароў’ем, не застаецца па-за ўвагай. У нас добра наладжаная супраца з валанцёрамі, у тым ліку і медычнымі, якія вырашаюць любыя пытанні.
Полк Каліноўскага – ужо брэнд імем, якога карыстаюцца грамадскія і палітычныя сілы. Ці аказваецца на вас ціск, ці прапануюць вам супрацу, каб карыстацца імем палка?
Мы разумеем, бо самі не аднойчы сутыкаліся з тым, што вядомасць пра нас пашыраецца. І гэта добра. Мы адкрытыя для ўсіх, хто гатовы з намі супрацоўнічаць, дапамагаць, асабліва тых, хто гатовы ваяваць разам з намі. Адначасова нам даводзіцца займацца вырашэннем вялікай колькасці розных пытанняў. Пераважная частка з іх тычыцца забеспячэння байцоў. Таму, калі ёсць час займацца нейкімі каля палітычнымі пытаннямі, мы імі займаемся. Гэта нам патрэбна для таго, каб эфектыўна наладзіць працу і забеспячэнне свайго падраздзялення. У нас было, напрыклад, некалькі сустрэч з дэпутатамі Вярхоўнай рады паводле зменаў у заканадаўства, каб палепшыць умовы добраахвотнікаў. Тое ж самае мы стараемся рабіць і для беларускай дыяспары.
Офіс Зяленскага відавочна ігнаруе Офіс Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет. Ці можа гэта прывесці да таго, што лёс беларусаў будуць вырашаць без беларусаў?
Гэта можа здарыцца толькі ў адным выпадку – калі мы будзем пасіўнымі. Калі мы, седзячы на канапах, будзем назіраць за развіццём падзей. Бо наш лёс – гэта наша нацыянальная справа і клопат. Украінцы, палякі ці амерыканцы не павінны вырашаць за нас нашыя праблемы. Я трымаюся думкі, што вырашэнне лёсу Беларусі больш не ляжыць выключна ў палітычнай сферы. Мой уласны прагноз – будзе эскалацыя. І пытанні Беларусі, як і Украіны, будуць звязаныя з вайсковымі дзеяннямі. Таму зараз не варта перажываць за тое, што ў нас няма палітыкаў, з якімі афіцыйны Кіеў пайшоў бы на кантакт. Палітычнае жыццё адновіцца разам з дэакупацыяй краіны.
Наколькі адчувальная для каліноўцаў падтрымка з боку беларусаў?
Як падраздзяленне мы сфармаваліся менавіта дзякуючы такой падтрымцы. Фактычна, мы такі беларускі народны праект. У нас ёсць хлопцы, каторыя служылі ў элітных падраздзяленнях беларускай арміі, спецыяльных яе частках. Яны кажуць, што такога забеспячэння як тут, там не было. І гэта ў значнай частцы дзякуючы падтрымкі валанцёраў. Таксама мы бачым і вялікую медыйную падтрымку. Нам пішуць лісты, паведамленні. Людзі бачаць у нас шанец вызвалення Беларусі, таму і падтрымліваюць.
Comments are closed.