Loading

На мінулым тыдні Вярхоўная Рада прыняла закон, які дазваляе замежным, у тым ліку і беларускім добраахвотнікам, легальна знаходзіцца ва Украіне падчас службы ў войску і пасля яе, а таксама атрымліваць грамадзянства ў спрошчаным парадку. Народны дэпутат, кіраўнік міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка пракаментаваў важнасць і наступствы гэтага закона для замежных легіянераў.

Украіна падтрымлівае і надалей будзе падтрымліваць усіх, хто разам з нашым войскам бароніць краіну ад расійскай агрэсіі. 12 студзеня Вярхоўная Рада прыняла закон, які пашырае правы замежнікаў і вызначае парадак праходжання вайсковай службы. Закон накіраваны на абарону замежных добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну.

З 2014 года багата замежных грамадзян, у тым ліку, беларусы, грузіны і нават расіяне выказалі добраахвотнае жаданне бараніць Украіну. Ужо тады ўрад дазволіў ім служыць па кантракце ў шэрагах УСУ і Нацгвардыі. Але з пэўнымі нюансамі. Мажлівасць легальна знаходзіцца ва Украіне на час дзеяння кантракту, як і мажлівасць заставацца і па спрошчаным парадку падавацца на грамадзянства, атрымлівалі толькі тыя, хто далучаўся да УСУ. Туды не былі ўключаныя падраздзяленні, якія ўтварыліся пры Нацгвардыі. Непасрэдна такім падраздзяленнем ёсць полк «Азоў».

Праз такую калізію, правы замежных байцоў, якія змагаліся ў палку «Азоў» альбо ў іншых падраздзяленнях Нацгвардыі, былі не тое, каб парушаны, але абмежаваны. Таму сёння мы выпраўляем гэта. І новы закон пашырае правы ўсіх замежнікаў.

Зараз яны могуць легальна знаходзіцца на тэрыторыі Украіны на час дзейнасці кантракту. Асобы, якія праслужылі ў Нацгвардыі тры гады і болей, атрымліваюць дазвол на эміграцыю па квоце Кабінета міністраў. Гэта дае права легальна заставацца і пражываць ва Украіне і надалей.

Замежнікі, якія падчас выканання баявых заданняў атрымалі траўмы ці раненні, могуць атрымаць дазвол на эміграцыю, незалежна ад таго, колькі па часе працягвалася іх служба.

Таксама ў спрошчаным парадку замежнікі з Нацгвардыі змогуць падавацца на ўкраінскае грамадзянства. Для гэтага патрэбна стварыць дэкларацыю аб адмаўленні ад папярэдняга грамадзянства ў аднабаковым парадку. Кантракты, якія былі падпісаныя з Нацгвардыяй да пачатку дзеяння новага закона, будуць лічыцца законнымі і прыраўніваюцца да кантрактаў з УСУ.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Comments are closed.