Роўна тры гады таму нашае жыццё падзялілася на «да» і «пасля» 9 жніўня. Як змянілі нас гэтыя падзеі? Ці ёсць нам пра што шкадаваць? І ці не перадумалі беларусы вяртацца?
Мы выбралі пяцёрку пытанняў і папрасілі беларусаў на іх адказаць.
Алег Кулеша, былы палітвязень, фігурант карагоднай справы
– Падзеі 2020 года для Беларусі — гэта?
– Гэта абуджэнне нацыі.
– Калі азірацца на 2020 год: аб чым вы шкадуеце?
– Шкадую тых, хто загінуў.
– Хто зараз галоўны вораг Беларусі?
– Расейская Федэрацыя, а ён – проста гаўляйтар.
– Як вы падтрымліваеце сябе і блізкіх у хвіліны роспачы?
– Калі мне роспачна, чытаю пра сябе вершы Багдановіча. Але больш за ўсё падтрымлівае сямейнае цяпло.
– Вы не перадумалі вяртацца?
– Не перадумаў. Буду далей весці барацьбу за нашых палітвязней. Трэба будзе рабіць людзям рэабілітацыю.
Сяржук Доўгушаў, музыкант
– Падзеі 2020 года для Беларусі — гэта?
– Гэта чарговае абуджэнне беларусаў як нацыі.
– Калі азірацца на 2020 год: аб чым вы шкадуеце?
– Ні аб чым не шкадую.
– Хто зараз галоўны вораг Беларусі?
– Той, хто без дазволу ходзіць па нашай зямлі ў кірзавых ботах і прывозіць туды танкі і зброю і распальвае вайну.
– Як вы падтрымліваеце сябе і блізкіх у хвіліны роспачы?
– Самае важнае быць побач, падтрымліваць і словамі, і песнямі. Мне вельмі дапамагае беларуская песня.
– Вы не перадумалі вяртацца?
– Я не думаў з’язджаць надоўга. Мая дзейнасць і ўсё, што я раблю – гэта для беларускай культуры. Мой тата пахаваны ў Беларусі. Заўсёды думкай і сэрцамі там. Ну а фізічная прысутнасць – гэта толькі пытанне часу.
Глеб Кавалёў, уладальнік бара Karma
– Падзеі 2020 года для Беларусі — гэта?
– Гэта падзеі, якія сфарміравалі новую нацыю беларусаў. Людзей, неабыякавых да палітыкі, якія хочуць і будуць праяўляць амбіцыі жыць лепш, нават калі гэта жыццё ў выгнанні.
– Калі азірацца на 2020 год: аб чым вы шкадуеце?
– Я шкадую толькі аб тым, што быў часам занадта рэзкім з маімі сябрамі і не праяўляў у сваёй радыкальнасці больш эмпатыі.
– Хто зараз галоўны вораг Беларусі?
– Рэжым, пабудаваны Лукашэнкам і ўсе тыя людзі, якія яго падтрымліваюць. А яшчэ памяркоўнасць і «мая-хата-скрайнасць».
– Як вы падтрымліваеце сябе і блізкіх у хвіліны роспачы?
– У Кіеве і ў Варшаве ёсць наш бар, у якім заўсёды можна сабрацца ў выгнанні альтэрнатыўнай сям’ёй. Гэта вельмі моцная падтрымка, якая дапамагае жыць побач з пастаяннымі навінамі пра катаванні і вайну.
– Што вы зробіце найперш, калі вернецеся дадому?
– Адчыню з сябрамі бар! Без бара мне жыць складана. А потым я б займаўся развіццём сучаснай вулічнай культуры. Таму што тыя шэрыя вуліцы, на якіх ні стыкераў, ні графіці няма – гэта вельмі сумна. І гэта тое, па чым я ўвогуле не сумую.
Эльвіра Каралёва, стваральніца інклюзіўнага арт-праекта «Я прыеду», куратарка мастацкі праектаў
– Падзеі 2020 года для Беларусі — гэта?
– Гэта перамены.
– Калі азірацца на 2020 год: аб чым вы шкадуеце?
– Ні аб чым не шкадую. Усё было так, як павінна быць.
– Хто зараз галоўны вораг Беларусі?
– Хочацца сказаць «Расія», але можна прадоўжыць гэты спіс.
– Як вы падтрымліваеце сябе і блізкіх у хвіліны роспачы?
– Я прыходжу да людзей, да аднадумцаў.
– Вы не перадумалі вяртацца?
– Я дакладна вярнуся і адразу наведаю могілкі маіх блізкіх.
Вячаслаў Сіўчык, лідар руху салідарнасці «Разам»
– 2020 год для Беларусі — гэта?
– Гэта вельмі цяжкі год. Год сусветнай пандэміі. Год, калі адбываўся апошні выбарчы фарс, які цалкам змяніў Беларусь.
– Калі азірацца на 2020 год: аб чым вы шкадуеце?
– Абсалютна шкадую, што не атрымалася спыніць тыя працэсы, якія відавочныя і сёння, бо Беларусь жыве ва ўмовах жорсткага тэрору.
– Хто зараз галоўны вораг Беларусі?
– Як і раней – імперская Расія.
– Як вы падтрымліваеце сябе і блізкіх у хвіліны роспачы?
– Якраз зараз роспачы няма.
– Вы не перадумалі вяртацца?
– Не, абсалютна. Беларусь – Бацькаўшчына. І ў першы ж момант, калі можна будзе вярнуцца, я вярнуся, і спадзяюся, што тыя, хто сёння ў Варшаве, у іншых гарадах, таксама вернуцца. Таму што ў першую чаргу Беларусь – гэта людзі.
– А што вы зробіце найперш па вяртанні?
– Зайду дахаты.
Comments are closed.