Беларуская грамадская арганізацыя «Сустрэча» вядомая ва Украіне сваім хабам, які стаў папулярным месцам для беларусаў і ўкраінцаў Кіева. Але акрамя ўтрымання хаба, «Сустрэча» вядзе і актыўную валанцёрскую дзейнасць, якую пачала яшчэ да таго, як з’явіўся хаб. Са жніўня «Сустрэча» планавала акцыю дапамогі жыхарам Херсонскай вобласці. І, хоць тую місію давялося трохі перафарматаваць, дапамога жыхарам Херсоншчыны ад беларусаў, усё ж, прыйшла. А яшчэ беларусы праз «Сустрэчу» дапамагаюць і вайскоўцам, якія бароняць Украіну. Пра сваю дзейнасць апошняга часу распавяла прадстаўніца грамадскай арганізацыі «Сустрэча» Алена Жаркевіч.
— У нас атрымалася далучыць беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы – гэта Варшава і Беласток. Яны сабралі нам рэчы, яны сабралі нам сродкі гігіены, некаторую ежу, медычную дапамогу. І мы вырашылі, што паедзем той часткай беларусаў, якая сабралася.
Мы звязаліся з кіраўніком Абласной ваеннай адміністрацыі і нам прапанавалі паехаць у горад, у які менш за ўсё прыязджае валантэраў. Мы туды прыехалі і гэта аказаўся горад, які знаходзіцца за 8 кіламетраў ад пазіцыяў Расіі. Калі мы стаялі на гары, то было бачна, як там ходзяць расіяне. Там кожны дзень вельмі шмат абстрэлаў. І там самае шырокае месца, дзе быў калісьці Дняпро.
І мы гулялі гэтым Дняпром – там яго няма. Мы, калі ехалі, я глядзела на навігатар: вада. Я адразу ж не зразумела, кажу: а дзе вада? І мы тады зразумелі, куды мы прыехалі. Там замест Дняпра толькі трава.
Мясцовыя жыхары сустрэлі нас вельмі добра. Мы перадалі ім рэчы. Мы ім сказалі, што мы беларусы. Яны былі вельмі здзіўленыя. Яны кажуць: да нас прыязджала вельмі шмат валанцёраў у першыя дні пасля падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС, а потым месцам сустрэчы ўсіх валантэраў стаў Херсон, усе паехалі туды, а да іх больш ніхто не стаў прыязджаць.
Мы, калі ехалі, думалі: госпадзі, каму мы вязем? Везлі старыя курткі, і некаторыя з нашых беларусаў казалі: Алена, куды вы гэты сэканд вязеце? Дык вось, калі мы прывезлі туды гэты сэканд, гэтыя людзі плакалі. Таму што ў іх нічога няма, таму што ў іх разбомбленыя дамы.
Мы ж (спачатку) прапанавалі ім калодзежы рабіць. Але гэта немагчыма сёння. Калі ім прыехалі быць свідравіну, яе прабілі на 80 метраў. А праз тыдзень яна згубіла ваду. І на самой справе няма вады. Ім падвозяць гэтую ваду. І нейкі мясцовы прыватны бізнес прыехаў і зрабіў ім адну свідравіну на ўсё насельніцтва, якое там ёсць. Але ім яе не хапае.
Мы прапанавалі штосьці зрабіць, каб у іх была гэтая вада. Але яны кажуць, што нічога не зробіш, таму што вада сыходзіць. У іх трубаправод быў па ўсёй гэтай вёсцы. Мы кажам: можа мы прыедзем парамантуем. А яны кажуць, як толькі пачынаеш рабіць рамонт труб гэтых, тады іх жорстка пачынаюць абстрэльваць. Яны жывуць у такім стане, што нібыта магчыма рабіць, але рабіць нельга, таму што як толькі пачынаеш рабіць, расіяне ўсё па-новай разбураюць.
Яны там не ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. Яны лічылі, што, калі мы беларусы прыехалі, то мы прыехалі з Беларусі. А мы распавядалі ім пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Яны здзіўлена глядзелі і казалі: як так, у вас жа там у 20-м годзе нешта было, мы думалі, што ў вас усё скончылася. А мы кажам: не, нічога не скончылася, вось такія рэпрэсіі, вось такое гэта ўсё.
Я б падкрэсліла, што гэта трэба рабіць. Трэба больш ездзіць па ўсіх частках Украіны і казаць, што мы ёсць. Яны лічаць, што беларусы недзе там далёка, іх Лукашэнка не выпускае і яны там сядзяць у гэтай ізаляцыі і ім усё адно, што адбываецца.
Яны там не чытаюць навіны. У іх абстрэлы па пяць разоў на дзень і яны сядзяць у бамбасховішчах. І бамбасховішча там, дзе мы былі – гэта не бамбасховішча ў Кіеве і гэта не бамбасховішча ў Херсоне. А тут гэта ўсё выглядае не так – там акрамя вады больш нічога няма. Ды і вады там не вельмі шмат, таму што яе там – у гэтых абласцях у прынцыпе няма.
— Ваша грамадская арганізацыя дапамагае не толькі цывільнаму насельніцтву Украіны, якое пацярпела ад расійскай агрэсіі, але і вайскоўцам, якія зараз абараняюць Украіну. У тым ліку вы ўжо прыгналі для вайсковых падраздзяленняў Украіны вельмі шмат аўтамабіляў. Ці можаце вы распавесці пра гэтую дапамогу вайскоўцам?
Колькі машын прыгнала наша арганізацыя, я не ведаю. Бо не на ўсе машыны, якія мы гналі, мы рабілі лісты ад сябе. Бывае ліст ад УСУ, тады яе не патрэбна везці праз нас. Але нашыя валантэры і мы самі ўсе разам прывезлі ўжо – гэта ўжо не дзясяткі машын. Гэта ўжо за 200.
Пакуль мы сядзелі на канферэнцыі імя Астрожскіх, мы знайшлі ва Украіне пяць машын, адну павезла я ўжо са Львова. Яшчэ дзве прыедзе сёня ноччу. І тры на гэтым тыдні. То бок, мы ўжо так наладзілі ўсё гэта, што не толькі мы купляем гэтыя машыны, але і да нас звяртаюцца ўкраінцы, якія самі набылі аўтамабіль альбо праз нейкі фонд, альбо самі вайскоўцы. Яны ведаюць, што мы маем магчымасць ездзіць туды-сюды, нашы мужчыны могуць выязджаць, і я магу. Нам не трэба рабіць «Шлях». То яны дамаўляюцца, што можа ў нас ёсць які валантэр, які зможа нам дапамагчы. І мы далучаем беларусаў ужо і ў Кракаве, і ў Варшаве, і ў Любліне, і ў Вільні. Вось зараз Генадзь Манько паедзе з Вільні павязе машыну. Яе мы набывалі – збіралі грошы асабіста. І вось такім чынам адбылася такая паслуга беларусаў, якія маюць магчымасць выязджаць з Украіны і дапамагаць ім. І ўжо падлічыць гэтыя аўтамабілі я не змагу.
— А як гэта адпачатку ўспрымалася і як змянялася стаўленне вайскоўцаў да вас – беларускай арганізацыі?
Адразу гэта была не арганізацыя, а я першы раз прыехала сюды на мяжу. Са мной звязаўся мой знаёмы ўкраінец. У яго брат ваяваў. Ён патэлефанаваў, кажа: Алена, што рабіць, трэба машыну знайсці ў Польшчы. Я знайшла машыну, я ён кажа: а ў нас няма грошай. Я кажу: ну давай будзем збіраць. Мы сабралі праз маю старонку ў Фэйсбуку. Гэта было 3300 даляраў на той момант. Купілі першую машыну і першы раз я паехала ўжо сама сюды ва Украіну.
Як успрымалі? Яны былі здзіўленыя, што нейкая дзяўчына з Беларусі едзе сюды ва Украіну на вайну. Навошта яна прэ гэты аўтамабіль сюды? Гэта быў камандзір сумскай нейкай часткі вайсковай. Я памятаю, што, калі я прыехала, ён быў здзіўлены. Ён мяне абняў, ён такую падзяку сказаў, што вы – беларусы, малайцы. Нягледзячы на тое, што ён быў у Сумах, калі ўсё пачалося. Ён кажа: вы ж не вінаватыя. І яны былі вельмі ўдзячныя.
Але самае, што мяне здзівіла – калі я перадавала першы аўтамабіль, там у гэтай машыне ў бардачку ляжалі пісьмы беларускіх дзяцей – жыхароў майго дома, якія яны накіравалі вайскоўцам. Хтосьці пісаў падзяку, хтосьці пісаў, што мы выбачаемся за тое, што зрабілі, і беларусы не падтрымліваюць вайну і дзякуй вам за тое, што вы робіце. І, калі ён пабачыў вось гэтыя лісты, ён плакаў. Ён казаў, госпадзі, Алена, якія вы – беларусы, малайцы!
Былі моманты, калі мы перадавалі аўтамабілі некаторым ваенным і яны здзіўляліся: вы – беларусы, як вы сюды трапілі, што вы тут робіце? Але, яны ўсе вельмі добра ставіліся. Мы ж не кажам, што гэта робіць арганізацыя. Мы кажам, што гэта робяць усе беларусы.
Калі мы прывозім машыны, мы аддаем і кажам: гэта вось я грамадзянка Беларусі, я ўсім паказваю свой пашпарт і я пры гэтым кажу, што гэта ўсе беларусы. Проста ў тых, хто зараз знаходзіцца ў Беларусі, няма магчымасці, але яны нас падтрымліваюць усе як адзін. І гэта ўспрымаецца вельмі добра. Яны кажуць, што мы разумеем, чаму так адбываецца.
Яны разумеюць, што беларусы, якія зараз у Беларусі, не могуць у гэтым удзельнічаць. Але таксама яны разумеюць, што беларусы, якія знаходзяцца сёння ў Беларусі, дапамагаюць па-іншаму: яны не рэагуюць на прапаганду Расіі, яны дапамагаюць украінцам, якія знаходзяцца ў Беларусі.
Кожная мая перадача аўтамабіля, ці не мая, ці хлопцаў, якія прыязджаюць, працягваецца размовай аб Беларусі. І яны ўсе ставяцца да нас вельмі добра. Я не скажу, каб хтосьці сказаў: беларусы, машыну прыгналі і ідзіце вон адсюль, таму што вы ворагі. Не! Такога няма. Звычайна яны ўсе спачуваюць і ўсе кажуць: Беларусь хутка будзе вольнай!
Цалкам размову з Аленай Жаркевіч слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.