Loading

Паколькі мне апошнія паўтары гады даводзіцца пастаянна курсіраваць паміж Вільняй і Варшавай, то з’яўленне цягніка на гэтым напрамку я чакала з нецярпеннем. Але абкатаць яго давялося толькі праз некалькі месяцаў пасля адкрыцця маршруту. Прычыны дзве. Першае, маршрут апынуўся папулярным, квіткі на яго лепш набываць за некалькі тыдняў, а па-другое, не кожны раз здолееш выдзеліць цэлы дзень на дарогу, таму што цягнік адпраўляецца з Вільні ў 12.10, у Варшаву прыбывае каля 21 гадзіны, а ў Кракаў, на канечны пункт маршрута, яшчэ пазней – каля апоўначы. У гэты раз быў час пракаціцца ад Вільні да Кракава, але наўрад ці я пажадаю паўтарыць такое падарожжа без асаблівай неабходнасці.

Якія ёсць альтэрнатывы на маршруце?

Самалёт. Паміж Вільняй і Варшавай самалётныя зносіны даволі актыўныя: мінімум па чатыры рэйсы штодня. Тут і вылеты а шостай раніцы і бліжэй да ночы. Вылет з Вільні, прыбыццё ў аэрапорт Шапэна ў Варшаве, час палёту 40 хвілін. Але: каштуюць гэтыя квіткі літаральна «як крыло ад самалёта». Самы танны варыянт мне абышоўся ў 250 еўра ў абодва бакі, самы дарагі–900 еўра, і як я разумею, гэта яшчэ не мяжа. Лоукостам можна вылецець з Коўна і прызямліцца ў аэрапорце Модліна. Там цана білетаў у сярэднім ад 15 еўра, кажуць, што можна набыць і за 5, але я такіх не бачыла. Але і час ў дарозе ўзрастае: плюс дзве-тры гадзіны, каб даехаць з Вільні да Коўна, і прыблізна паўтары гадзіны, каб дабрацца з аэрапорта Модліна да Варшавы.

Аўтобус. Па гэтым маршруце пасажыраў возяць бадай усе міжнародныя перавозчыкі рэгіёну. Цана пытання – ад 20 да 30 еўра. Час адпраўлення ва ўсіх прыблізна аднолькавы: удзень, 12-14 гадзін, каб прывезці пасажыраў у Варшаву ўвечары, і позна ўвечары–22-23 гадзіны з прыбыццём у Варшаву раніцай, паміж 5 і 6-ай гадзінамі. Частка перавозчыкаў адразу едзе да Варшавы-Заходняй, частка высажвае пасажыраў яшчэ ля Варшавы-Цэнтральнай. Умовы ў аўтобусах стандартныя: прыбіральня, вада і кава, прыйдзецца за іх плаціць ці не не – гэта залежыць ад перавозчыка. Мой фаварыт на гэтым накірунку – LuxExpress. Дарэчы, гэты перавозчык анансаваў дадатковы рэйс на маршруце, з выездам а 7-ай раніцы.

Што з цягніком?

Насамрэч іх два. Адзін адпраўляецца ў 12.10 з Вільні і давязе вас да Моцкавы, а там прыйдзецца перасаджвацца ў іншы, з Моцкавы да Кракава. Квіток адзін і месцы тыя самыя, але калі па Літве ў вагоне звычайныя месцы, па чатыры ў шэрагу праз праход, то ў Польшчы–гэта вагон з купэ на 6 чалавек. На перасадку адведзена паўгадзіны, але літаральна яна займае пару хвілін, трэба выйсці з аднаго цягніка і перасесці ў іншы, які стаіць на той жа платформе. Гэта ў выпадку, калі форс-мажора няма і ўсе цягнікі прыбылі згодна з раскладам. За гэтыя паўгадзіны можна прагуляцца па станцыі Моцкава, паглядзець помнік еўрапейскай каляіне, менавіта ў гэтым прычына перасадкі: шырыня чыгуначнай каляіны ў Літве і Польшчы не супадае і таму перасадка вымушаная. У Беларусі ў такіх цягніках звычайна «мянялі колы», і гэтая працэдура раней займала некалькі гадзін.

Па Польшчы цягнік ідзе вельмі доўга, уздоўж усяго памежжа. У Сувалках і Беластоку прыпынкі па паўгадзіны. Харчаванне і напоі ў вагонах прадаюцца на тэрыторыі Літвы, а ў Польшчы толькі на адрэзку з Варшавы да Кракава. У Варшаве цягнік спыняецца адразу на некалькіх станцыях: Усходняя, Цэнтральная і Заходняя. У польскай сталіцы, дарэчы, выходзіць і большасць пасажыраў. Далей да Кракава мы ехалі ў паўпустым вагоне.

14 гадзін у дарозе tak sobie забава. Таму пры сумяшчальных коштах, а каштуе квіток на цягнік 20 еўра да Варшавы і 30 еўра да Кракава, я буду аддаваць перавагу аўтобусу і пачакаю, пакуль дзве сталіцы звяжа хуткасная чыгуначная магістраль.

Comments are closed.