Loading

Да 2020 года Ганна Канеўская жыла ў Варшаве сваё звычайнае дарослае жыццё вучылася, працавала, падарожнічала. Але потым здарыўся жнівень: з бяссонымі начамі, эсэмэскамі родным і блізкім, першымі ўцекачамі і стварэннем Беларускага моладзевага хабу. Сотні беларусаў, якія прыязджалі ў Польшчу пасля 2020-га, ведаюць Аню. Ім яна дапамагала з паступленнем на праграму Каліноўскага. «У 2020 годзе стыпендыю атрымалі 102 асобы, а звярталіся да мяне сотні людзей», кажа нашая гераіня, якая за гэты час  стала для многіх беларусаў сапраўды «сваім чалавекам».  

Крыніца: facebook.com

Ганна, тое, чым ты займаешся, нейкім чынам павязана з тваёй адукацыяй і спецыяльнасцю? 

Па адукацыі я дыпламат. Так што ў пэўным сэнсе. Бо як ні круці, гэта рэпрэзентацыя свабодных беларусаў, якія прагнуць вольнасці і дэмакратыі. 

Колькі гадоў ты жывеш у Польшчы? 

Ох, больш за 10. Амаль усе, хто пачынаў Хаб, прыехаў сюды раней. Так што мы самі прайшліся ўсімі гэтымі эмігранцкімі сцежкамі. Нам шанцавала альбо не. Мне, напрыклад, вельмі пачшасціла з універсітэтам. Я скончыла Collegium Civitas у Варшаве. 

Колькі цяпер людзей вучыцца ў польскіх ВНУ, дзякуючы табе? 

У 2020 годзе на праграму Каліноўскага паступіла 102 асобы. Але тых, хто звяртаўся па дапамогу, было значна больш, гэта сотні людзей. Аднак каб дапамагчы чалавеку, ён сам павінен гэтага захацець. Перадусім, падрыхтаваць хаця б нейкі эскіз дакументаў, прадумаць сваю гісторыю. І ўсё ж досвед быў вельмі пазітыўным. Дзякуючы гэтаму, мы прыцягнулі ў Хаб шмат валанцёраў. Часам нават стапавалі людзей. Маўляў, чакайце, давайце вы зараз сабе дапаможаце, зынтэгруецеся, а пасля прыйдзеце да нас. Так што з цеплынёй згадваю гэты час. 

А як атрымлівалася быць настолькі заангажаванай у кожную справу?

А гэта мой унутраны рамантызм, які мяне матывуе. Я ж паходжу з таго самага горада, што і Міцкевіч. А калі сур’ёзна, я не разумею, як можна не адказаць, праігнараваць. Вядома, былі выпадкі, калі камунікацыя не атрымлівалася. Але калі чалавек звяртаецца па дапамогу, як можна сказаць «не»

Ёсць людзі, якія за гэтыя тры гады сталі для цябе «сваімі»

Гэта традыцыйна Алесь Лапко і Стася Гліннік. Мы сям’я. Клапоцімся, пільнуем адно аднаго. Мы сталі вельмі блізкімі за гэты час. Але ты вось сказала пра 3 гады, і мне стала страшна, бо ўсё яшчэ мроіцца «2020-ы з хвосцікам». Так, калісьці ў мяне было стандартнае дарослае жыццё, а сёння яно ненармаванае, фізічна і псіхічна нездаровае, але яно вельмі мяне натхняе.

Фота з архіва гераіні.

Аня, калі ты апошні раз была дома і дзе ўвогуле зараз твой дом? 

Дом гэта па-ранейшаму Беларусь. На жаль, там я апошні раз была аж у 2019 годзе. Але дом сёння і Польшча. У мяне муж паляк, я працавала ў польскіх арганізацыях і фірмах. Вядома, што пераломным момантам стала 9 жніўня. Памятаю, як пасля сваіх прац мы з тутэйшымі беларусамі сустракаліся пад Палацам культуры і навукі і дасылалі блізкім эсэмэскі, бо не было інтэрнэту. І калі прыехалі першыя бежанцы, было зразумела, што ім трэба дапамагчы. Спачатку мы проста пыталіся, што трэба. Потым ужо кожны вызначыўся са сваёй «спецыялізацыяй».  

Польскі бок тваёй сям’і разумеў, што адбывалася ў Беларусі? 

Мая свякроў кажа: «Прывозь мне бежанцаў, будзем жыць разам». Яны вельмі моцна перажывалі за нас. Вельмі моцна мяне падтрымлівалі, калі я вырашыла звольніцца і сыйсці ў Хаб. Мой муж таксама ходзіць на пратэсты. Памятаю, аднойчы забылася, што ён павінен вярнуцца з камандзіроўкі. І вось я сяджу ў тэлефоне, 5 гадзін раніцы, некалькі дзён не спала, дома бардак. Ён паглядзеў на ўсё гэта, уздыхнуў, і пайшоў рабіць мне сняданне. Ведаў, што інакш я не змагу, і таму вельмі мяне падтрымліваў. 

А як сама зараз трымаешся? 

Я кіруюся добрай радай свайго выкладчыка і пераходжу ў пазітывізм. Імкнуся больш клапаціцца пра іншых з меншай шкодай для сябе. Нарэшце пасля трох гадоў я зразумела, што гэта марафон. А паколькі я спрабую спалучыць некалькі ініцыятыў, дзе я хачу дапамагаць, то мне патрэбна раўнавага. 

У чым яе знаходзіш? 

У вывучэнні кітайскай мовы! Пісанне кітайскіх іерогліфаў, якое займае ў мяне некалькі гадзін, дапамагае  адпачыць, адаравацца ад праблем і засяродзіцца на тым, што я не ўмею пісаць кітайскія іерогліфы (смяецца). 

Цалкам размову з Ганнай Канеўскай можна паслухаць у плэеры ніжэй.

 

Comments are closed.