Loading

Лодзь – адзін з самых незвычайных і ўнікальных польскіх гарадоў. У мінулым стагоддзі ён перажыў сапраўдную дэмаграфічную драму, хаця калісьці быў найбуйнейшым цэнтрам тэкстыльнай прамысловасці. У Лодзі знаходзіцца і легендарная «фільмувка»: так палякі называюць Нацыянальную кінашколу, якую скончылі Анджэй Вайда, Раман Паланскі, Кшыштаф Кіслёўскі і іншыя найвыбітнейшыя польскія рэжысёры і акцёры. Гарадскія пусткі тут суседнічаюць з суперсучаснымі забудовамі, а старыя разваленыя камяніцы атачаюць бязлюдныя вуліцы. Усё гэта стварае дзіўнае, а часамі нават містычнае ўражанне. «Мне здаецца, што Лодзь – гэта месца, з якім або адразу складзецца, або адразу не складзецца», – кажа рэжысёр Антось Сівых і распавядае для радыё Ўнэт свае 5 прычын застацца ў гэтым польскім горадзе.

Крыніца: facebook.com/sivyh

У Лодзі я жыву з 2019 года. Прыехаў спачатку на студэнцкі абмен. Прабыў семестр, другі, падчас самай першай пандэміі мы адкрылі тут фірму, і я застаўся. Лодзь мне адразу падалася ўнікальнай – і сваёй гарадской структурай, і сваёй эстэтыкай, і сваёй гісторыяй. Але гэта даволі спецыфічны горад, ён не для ўсіх.

1. Тут ёсць што рабіць

Гэта горад не перапоўнены, але разам з тым тут вельмі шмат прасторы, якую трэба запаўняць. Гэта бачна як на ўзроўні фізічным, так і метафізічным. Тут шмат пустак і шмат сфераў, якія трэба запаўняць. Шмат усяго, што будзе запаўняцца. Нехта будзе гэта рабіць, і ў прынцыпе, гэта можаце быць вы. Мы, напрыклад, адкрылі тут студыю. Робім 3D-праекты, стрымінг, здымаем фільмы і ўсімі нашымі праектамі спрабуем убудавацца ў гарадскую супольнасць.

Фота: Аляксандр Валодзін.

2. Нязвыклы гарадскі досвед

Лодзь – гэта горад прамых вуліц і прамых вуглоў. Такіх вельмі мала ў Еўропе. Хутчэй, штосьці падобнае вы часцей убачыце ў Амерыцы. А тут цэлы горад заснаваны на структуры, якая ў рэшце рэшт вельмі ўплывае на лад тваіх думак. І перажыць гэты досвед вельмі цікава.

Фота: Аляксандр Валодзін.

3. У Лодзі існуе таемная супольнасць

Зноў жа, праз структуру горада ствараецца адчуванне нейкай таемнай супольнасці. На гэтых прамых вуліцах можна пастаянна сустракаць адных і тых жа людзей у адзін і той жа час. І не таму што горад маленькі, а таму што горад пабудаваны такім чынам. З-за гэтых загадкавых сустрэч ствараецца нейкае адчуванне таемнай супольнасці.

Фота: Аляксандр Валодзін.

4. Актыўная беларуская дыяспара

Беларусы тут былі і да 2020 года, але яны былі раз’яднаныя. Зараз жа людзі робяць вельмі шмат усяго. Мы зрабілі фільм «Праз рэйкі», дзе трохі распавядаем пра беларусаў Лодзі. І гэта супольнасць − не проста чацік у тэлеграме, а рэч, якая аб’ядноўвае ці не тысячы людзей. То бок, калі вы прыедзеце ў Лодзь, то хутчэй за ўсё, вы будзеце тут не адныя.

Фота: Аляксандр Валодзін.

5. Горад новых ідэнтычнасцяў

Гэта і горад студэнтаў, і горад кіно, і горад фабрык, і горад рабочых, і горад раздаўбаных будынкаў, і горад муралаў. Гэты горад штомесяц выдумляе для сябе новыя і новыя ідэнтычнасці. Не тое, каб ён увесь час новы. Але ў яго столькі абліччаў! І ў іх вельмі проста знайсці сваё.

Фота: Аляксандр Валодзін.

Падкаст цалкам:

Comments are closed.