Loading

Супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі «Суспільне Херсон» да самага апошняга дня перад расійскай акупацыяй Херсона выходзілі на працу і асвятлялі падзеі ў Херсонскай вобласці. А, калі акупанты занялі горад, працягнулі працу фактычна падпольна. Калі ў памяшканнях кампаніі гаспадарылі расійскія прапагандысты, украінскія журналісты рабілі праўдзівыя радыйныя сюжэты і распавядалі свету пра тое, што адбываецца ў акупаваным Херсоне, а херсонцам пра тое, як мужна абараняецца Украіна. Калі ж расійцаў выганялі з абласнога цэнтра, яны раскралі і звезлі  маёмасць тэлерадыёкампаніі. Цяпер, каб даносіць праўду, якая найперш патрэбна жыхарам тэрыторыяў, якія пакуль яшчэ пад акупацыяй, тэлерадыёкампанія просіць дапамогі. Пра тое, як працавала Украінскае радыё ў акупаваным Херсоне і што цяпер патрэбна для аднаўлення нармальнай работы радыё Ўнет распавяла супрацоўніца тэлерадыёкампаніі  «Суспільне Херсон» і Украінскага радыё Маргарыта Лазнык.

Апошні раз у сваім ньюс-руме я была 24 лютага. Менавіта 24 лютага зранку ўжо пачаліся ракетныя ўдары, пачаўся наступ з часова акупаванай тэрыторыі Крыму. Прачнуліся мы ад выбухаў у Херсоне. Ужо каля Херсону гарэў наш аэрапорт Чарнабаеўка. Былі на левым беразе чутныя выбухі. Мы адразу спісаліся ў працоўным чаце, усе з’ехаліся на нашу філію «Суспільного» і пачалі размаўляць пра тое, як мы будзем працаваць далей, што ўвогуле адбываецца. Мы не былі разгубленыя, але ўсё роўна была сітуацыя трохі незразумелая: што будзе далей, ці будуць баі за Херсон. Мы пачалі тэлефанаваць прадстаўнікам аблдзяржадміністрацыі, каб атрымаць каментары, каб адразу выйсці ў эфір і штосьці распавесці. Мы пачалі тэлефанаваць усім знаёмым, якія знаходзяцца на левым беразе і бліжэй да часова акупаванай тэрыторыі Крыму. І, калі ужо стэлефанаваўшыся з людзьмі, якія былі ў Чаплінцы – гэта проста побач з Крымам, мы даведаліся,  што расійскія танкі заехалі і паехалі далей на Херсон, вырашылі разысціся і працаваць дыстанцыйна. 

Пасля таго, як у Херсон увайшлі акупанты, працаваць стала страшна, але мы ўсё роўна выходзілі ў эфір. Я распавядала ў радыёэфіры тое, што адбываецца ў Херсоне, тое, што я бачу, тое, што мне распавядаюць мае калегі, тое, што кажуць жыхары Херсона. Калі атрымлівалася, мы, вядома ж, запісвалі невялікія фрагменты аповядаў людзей, якія дазвалялі гэта рабіць. Бо, разумееце, акупацыя – гэта нават, калі па голасе цябе могуць пазнаць і прыйсці па цябе. 

Слухаць Украінскае радыё, глядзець каналы «Суспільного» можна было і на акупаванай тэрыторыі. Даволі працяглы час акупанты не шкодзілі перадавальнікі, яны іх не захоплівалі і трансляцыя была. Недзе праз паўтара месяца пасля пачатку акупацыі трансляцыю гэтую спынілі. Але нас можна было  глядзець і слухаць праз інтэрнэт. 

Акупанты даволі хутка захапілі нашу тэлестудыю, нашыя памяшканні «Суспільного». Дужа доўга давалі абвесткі пра тое, каб журналісты прыйшлі і пачалі працаваць на тым прапагандысцкім тэлерадыёканале, але ахвочых не было. Тады яны зрабілі такую медыя-школу, з гэтай медыя-школы адабралі некалькі чалавек. Гэта нават не дарослыя, гэта амаль дзеці. 

11 лістапада нашыя войскі вызвалілі Херсон. Перад гэтым акупанты вывезлі ўшчэнт усё. Проста ўсё! Не пакінуўшы ў нашых студыях нічога: мікрафоны, камеры, пульты – яны ўсё гэта вывезлі. Тым больш, яшчэ і на нашых аўтамабілях, якія былі ў нашай тэлерадыёкампаніі. 

Зараз адкрыты збор за патрэбы аднаўлення нашай філіі «Суспільне Херсон». Грамадская арганізацыя «Львоўскі медыяфорум» задала такі тон – хоча сабраць 1 мільён грыўняў на тое, каб аднавіць работу нашай філіі, каб мы маглі і надалей працаваць і рабіць сапраўдны кантэнт, які дужа патрэбны нашым слухачам, нашым гледачам, нашым чытачам. Бо нашыя журналісты, часам рызыкуючы жыццём, застаюцца голасам для мясцовых жахыроў,  даносяць праўду пра тое, што адбываецца ў горадзе. Але вялікая частка Херсоншчыны застаецца акупаванай. Патрохі нас там таксама можна чуць, бачыць. І для тых, хто зараз знаходзіцца ў акупацыі на левым беразе, мы ёсць голасам надзеі, што Узброеныя Сілы Украіны побач. 

Працаваць мы працягваем дыстанцыйна. Мабільныя тэлефоны, дыктафоны, ноўтбукі – гэта ўсё, што зараз патрэбна нам. Вярнуцца пакуль у свае працоўныя кабінеты, у свае студыі мы не можам, бо яны разрабаваныя. 

Для ўсіх, хто хоча далучыцца, у нас ёсць адмысловы сайт, яго стварылі для таго, каб можна было камфортным чынам зрабіць унёсак. Вельмі проста знайсці гэты сайт і там кожны можа ўнесці любую суму.  Таму заходзьце, далучайцеся, падтрымлівайце нас, бо мы хочам, каб Херсон і Херсонскую вобласць чулі. 

Цалкам размову са спадарыняй Маргарытай Лазнык слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.