Loading

Былое кіраўніцтва Беларускага моладзевага хаба заклікае беларусаў падаваць заяўкі на ўступленне ў асацыяцыю «Беларускі моладзевы хаб». Па словах экс-кіраўніка хаба Алеся Лапко, робіцца ўсё магчымае, каб вярнуць кантроль над пляцоўкай, у тым ліку памяшканнем, размешчаным на плошчы Канстытуцыі.

— Мы ініцыявалі ўступленне беларусаў і беларусак, якія хочуць падтрымаць Беларускі моладзевы хаб, у асацыяцыю. Кожны, хто дасягнуў 18 гадоў і падаў заяўку на сяброўства ў асацыяцыі, можа быць сябрам гэтай арганізацыі. Назіральная рада павінна прыняць да разгляду заявы, разглядзець і прыняць у сябры. Мы хочам, каб як найбольш беларусаў і беларусак уступілі ў шэрагі асацыяцыі і маглі выбіраць кіруючыя органы ўнутры асацыяцыі. То бок і Назіральную раду, а Назіральная рада, нагадаю, прызначае праўленне і старшыню праўлення. Сэнс дадзенай ініцыятывы ў тым, што не так даўно Назіральная рада асацыяцыі Беларускі моладзевы хаб без усялякага папярэджання зняла кіраўніка, мяне, Алеся Лапко, з пазіцыі старшыні праўлення асацыяцыі і прызначыла новага чалавека, Сяргея Бульбу. Таксама, Назіральная рада разгледзела і прыняла ў склад арганізацыі зусім невядомых ні для мяне, ні для іншых актывістаў і актывістак хабу людзей. У той жа час, заявы нашых ініцыятыў недзе згубіліся і не былі разгледжаны. Мы хочам проста выправіць гэтую сітуацыю.

— Вы кажаце Назіральная рада прыняла новых чальцоў, ці вядомыя іх імёны? Хто гэтыя людзі?

— Да мяне дайшла гэтая інфармацыя. Гэта такія людзі, як сам Сяргей Бульба, Вольга Пашкевіч, Міхаіл Кучараў, Марцін Смяловскі. Там усяго сем чалавек у асацыяцыі. Таксама гэта Максім Лорчанка і Раман Варшыцкі. Ну і хутчэй за ўсё, Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова засталіся як сябры асацыяцыі.

— Прадстаўніца АПК Аліна Коўшык паведаміла, што прапанавала стаць медыятарам у перамовах па вырашэнні канфлікта, але, па яе словах, Сяргей Бульба не пагадзіўся на гэта. А Вы гатовы былі прыняць яе прапанову?

— Так, канешне, я адразу пагадзіўся на медыяцыю з боку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Там не персанальна Аліна Коўшык хутчэй за ўсё займалася б. Там нават цэлая група склалася тых, хто мог бы ўдзельнічаць у медыяцыі.

— Што зараз адбываецца з усімі тымі ініцыятывамі, якія працавалі на пляцоўцы Хаба? Іх дзейнасць прыпыненая?

— Так, іх праца прыпыненая. Больш за тое, яны дакладна адмовіліся ад працы ў хабе, пакуль не вернецца тая каманда, тыя людзі, якія займаліся хабам і дакладна не будуць супрацоўнічаць з Сяргеем Бульбам. Частка ініцыятыў ужо прыехала, каб забраць свае рэчы, нейкае абсталяванне, якое яны таксама пакідалі ў хабе. Таму што гэта і беларуская музычная школка, і танцавальная школа «Яварына», гэта і ініцыятыва «Байпрасвет», якая распаўсюджвае самвыдат і кнігі.

— Ці маеце вы план дзеянняў на выпадак, калі няўдасца вырашыць пытанне праз суды ці перамовы?

— Насамрэч, мы адразу прапрацоўваем некалькі сцэнароў, якія ідуць паралельна. Мы не чакаем рашэння польскага суда, бо гэта можа зацягнуцца і на паўгады і даўжэй. Бюракратыя гэта, канешне, час. Часу ў нас не так шмат. Хутка ўжо 1 верасня, гэта значыць беларускім дзеткам трэба будзе хадзіць і ў музычную школу, розныя заняткі, розныя гурткі, якія былі ў Хабе. Таму мы прапрацоўваем у тым ліку пошукі іншага памяшкання. Шукаем зараз партнёраў, хто б нас падтрымаў… Прапрацоўваем і прававы сцэнар. У першую чаргу гэта праз суд.

Comments are closed.