Loading

Адукацыяныя сустрэчы па-польску, якія маюць на мэце распавесці юным беларусам пра тое, што зараз актуальна сярод іх польскіх аднагодкаў, распачаліся ў беларускім хабе «Новая зямля» ў Беластоку. Арганізатары цягам семі штотыднёвых сустрэч маюць намер давесці падлеткам, што глядзяць, ва што гуляюць, што польскія падлеткі, побач з якімі яны цяпер вучацца і жывуць.

Заняткі ў рамках праекта плануецца правесці цягам траўня-чэрвеня, акурат перад вакацыямі, і закончыць, калі школьнікі 12-18 гадоў завершаць свой чарговы навучальны год. Менавіта большай інтэграцыі ў польскамоўнае асяроддзе і прысвечаны ўрокі, якія ініцыяваў, арганізаваў і вядзе выкладчык польскай мовы з Беларусі Яўген Антончык.

— Я даўно аб тым марыў, бо я хачу, каб нашы падлеткі былі ў Польшчы інтэграваныя і ведалі, пра што кажуць іх аднагодкі, каб былі ў іх агульныя інтарэсы. І гэта мая ідэя знайшла падтрымку ў Беларускага Маладзёвага хаба, а таксама ў Амбасады Галандыі ў Польшчы. Я хачу з кожным падлеткам размаўляць на розныя тэмы – хобі, навука, вольны час, каб падлеткі даведаліся больш аб Польшчы, аб яе геаграфіі, з кім Польшча мяжуе, каб нашы беларускія падлеткі ў Польшчы былі як свае.

— Сёння прыйшло некалькі чалавек, і наколькі я зразумеў, узровень ведання польскай мовы ў іх вельмі розны. Наколькі лёгка з такім кантынгентам працаваць?

— Я спадзяваўся, што так і будзе, і так атрымалася. Гэта ўсё не цяжка – трэба толькі знайсці кантакт з падлеткамі. У іх узровень польскай мовы розны і як людзі яны розныя. Калі я яшчэ два-тры разы з імі паразмаўляю, даведаюся больш аб іх, а яны пра мяне, то ўсё будзе лягчэй. Зараз я ведаю толькі, як іх завуць і колькі ім гадоў, – распавёў выкладчык.

Ён плануе раздаваць на кожным занятку ўласнаручна зробленыя матэрыялы па тэме ўрока. Яўген Антончык сцвярджае, што акцэнт на занятках будзе рабіцца на размову, хаця пісаць правільна ён таксама намераны вучыць.

«Канешне, за гадзінку-паўтары я не многа паспею зрабіць. Мэта мая толькі такая, каб падлетак інтэграваўся ў грамадства і каб ён ведаў, як размаўляць і пра што. Я толькі рэкамендую, я не кажу, што так трэба размаўляць, а так не трэба. Я кажу, пра што палякі размаўляюць і як», – патлумачыў спадар Яўген.

Апытаныя падлеткі, якія насамрэч, яшчэ не вельмі добра валодаюць польскай мовай, бо толькі некалькі месяцаў таму пераехалі з Беларусі ў Беласток са сваімі бацькамі, выказалі задавальненне першым праведзеным заняткам.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.