Loading

Беларускі цэнтр нацыянальнай памяці, які нядаўна быў створаны ва Украіне, запусціў збор подпісаў пад петыцыямі пра наданне званняў Герой Украіны дваім беларускім ваярам, якія аддалі свае жыцці на расійска-ўкраінскай вайне – Змітру Рубашэўскаму і Эдуарду Лобаву. І гэтамі петыцыямі актывісты хочуць не толькі ўшанаваць памяць беларускіх герояў, але і паспрабаваць змяніць цяперашняе ўкраінскае заканадаўства. Беларусаў ва ўсім свеце заклікаюць пашыраць інфармацыю пра гэтыя петыцыі і прыцягваць да іх падпісання знаёмых украінцаў. Чаму гэта важна распавёў кіраўнік Беларускага цэнтра нацыянальнай памяці ва Украіне Аляксей Францкевіч.

— Ад імя Беларускага цэнтра нацыянальнай памяці ва Украіне намі пададзеныя лісты на імя Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб наданні беларускім дабраахвотнікам, якія загінулі ва Украіне ў барацьбе з расійскімі акупантамі пасмяротна званняў Герояў Украіны. Размова пра Змітра Рубашэўскага «Ганса» і пра Эдуарда Лобава. 

Таксама мы даслалі лісты камандзірам вайсковых часцей, дзе яны служылі, каб камандзіры таксама падалі іх на наданне ім пасмяротна званняў Герой Украіны. Таксама мы стварылі і запусцілі (збор подпісаў) пад петыцыямі аб наданні званняў Герой Украіны двум  беларускім дабраахвотнікам.  

На жаль, ва Украіне званне Герой Украіны можа атрымаць толькі грамадзянін Украіны. У Вярхоўнай Радзе з 2022 года ляжыць законапраект аб зменах па ўзнагародах. Але ён дагэтуль не разгледжаны і не прыняты. Адзіны быў прэцэдэнт – гэта датычна Міхася Жызнеўскага. Тады ён атрымаў званне Героя Украіны, але гэта быў асобны закон пра «Нябесную сотню». 

Мы зараз спрабуем узняць гэтае пытанне, таму, адпаведна, падалі гэтыя петыцыі, лісты і звяртаемся да ўсіх беларусаў. Справа ў тым, што петыцыю падпісаць могуць толькі грамадзяне Украіны. Але беларусы, якія хочуць узяць у гэтым удзел, таксама могуць далучыцца. Усе беларусы, якія жывуць зараз за мяжой, вы можаце звярнуцца па дапамогу да ўкраінскай дыяспары, вы можаце рассылаць па сацыяльных сетках інфармацыю пра беларускіх герояў. 

Па-першае, мы яшчэ раз нагадаем пра беларускіх герояў. І паспрабуем, усё ж, сабраць адпаведна 25 тысяч подпісаў, каб Прэзідэнт Украіны, усё ж-такі разгледзеў гэтую петыцыю, і можа ў нас атрымаецца змяніць заканадаўства. Каб і гэтыя героі атрымалі званні Герояў Украіны пасмяротна, і іншыя. Таму што ніхто не ведае, колькі будзе доўжыцца гэтая вайна і колькі яшчэ герояў загіне. 

Чаму менавіта Зміцер Рубашэўскі «Ганс» – таму што ён пры жыцці быў героем. Ён пры жыцці атрымаў званне Народнага Героя Украіны. І ён загінуў як герой. Таксама гэта датычыцца і Эдуарда Лобава. Адну петыцыю ўжо падаваў непасрэдны камандзір Лобава, якому той  выратаваў жыццё коштам уласнага жыцця. 

Таму, далучайцеся, распаўсюджвайце гэтую інфармацыю! Нам вельмі важна, каб нашы беларускія героі атрымалі пасмяротна званні Герояў Украіны. 

Цалкам размову з Аляксеем Францкевічам слухайце ў плэеры ніжэй: 

Comments are closed.