Loading

У пачатку кастрычніка стала вядома, што ў Кіеве дэмантавалі частку мемарыяла, прысвечанага беларусам, якія загінулі падчас рэвалюцыі Годнасці і расійска-ўкраінскай вайны. Пазней у кустах недалёка ад вуліцы Грушэўскага знайшлі помнік Міхасю Жызнеўскаму. Усё гэта падштурхнула кіраўніка дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксея Францкевіча закласці новую ініцыятыву — Беларускі цэнтр нацыянальнай памяці ва Украіне. Пра яе ў панядзелак афіцыйна будзе абвешчана падчас адкрыцця выставы «З Украінай у сэрцы» у Кіеўскім універсітэце. Пра Цэнтр Аляксей Францкевіч расказаў радыё Ўнэт.

— Сёння ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Шаўчэнкі адбудзецца цырымонія адкрыцця фотавыставы «З Украінай у сэрцы», прысвечанай подзвігу беларускіх герояў, якія аддалі свае жыцці ва Украіне з пачатку расійска-ўкраінскай вайны ў 2014 годзе. Адкрыццё адбудзецца а 13.30 у «чырвоным корпусе».

Падчас адкрыцця фотавыставы «З Украінай у сэрцы» мы зробім заяву аб стварэнні Беларускага цэнтру нацыянальнай памяці ва Украіне. Робім мы гэта ў сувязі з апошнімі падзеямі, калі ў Кіеве дэмантавана частка мемарыяла, прысвечанага беларускім дабраахвотнікам, калі быў знойдзены ў кустах дэмантаваны помнік Жызнеўскаму. Робім мы гэта для таго, каб зберагчы памяць пра нашых герояў. Для таго, каб гэтая памяць засталася для нашых нашчадкаў. 

Новы цэнтр будзе выконваць тры мэты.  Гэта асветная праца, навукова-даследчая і гуманітарная. Таксама мы сёння разашлем лісты аб адкрыцці Беларускага цэнтра нацыянальнай памяці прадстаўнікам дэмакратычных сіл з просьбай падтрымаць гэты цэнтр. 

Мы шмат з кім размаўлялі наконт стварэння адпаведнай ініцыятывы.  Мы будзем супрацоўнічаць з Інстытутам нацыянальнай памяці Украіны і шэрагам дзяржаўных установаў ды інстытутаў. Мы ўжо сустракаліся ў Кіеве з Інстытутам імя Драгаманава, з прадстаўнікамі Музея нацыянальнай памяці. Мы супрацоўнічаем з Драгобыцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, з Ізмаільскім дзяржаўным гуманітарным універсітэтам, плануем такую ж дамову аб супрацы падпісаць з універсітэтам імя Шаўчэнкі і са Львоўскай Нацыянальнай акадэміяй мастацтваў. Таксама я вельмі спадзяюся, што мы заручымся падтрымкай прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл. 

Цалкам размову з Аляксеем Францкевічам слухайце ў плэеры ніжэй: 

Comments are closed.