Ці аказаўся запатрабаваным Аб’яднаны пераходны кабінет у цяперашняй структуры дэмакратычных сіл, наколькі ён эфектыўны і чым запомніўся за паўгода – абмяркоўваем з палітычным аналітыкам праекта @pozirkonline Аляксандрам Класкоўскім.
Калі казаць коратка, ніякіх цудаў не адбылося, і, у прынцыпе, аналітыкі гэта і прадказвалі. І разам з тым гэта быў цяжкі перыяд для Кабінета, таму што былі завышаныя чаканні. У часткі пратэставай групы беларускіх грамадзянаў быў і, мусіць, застаецца нейкі спадзеў, што вось хтосьці – можа ці каманда Ціханоўскай, ці Аб’яднаны кабінет, ці міністр Сахашчык, ці Зянон Пазняк прыдумае нейкую цудадзейную стратэгію, каб нарэшце зваліць гэты рэжым. Але сітуацыя сёння такая, што «супраць лома няма прыёма».
Нельга кідаць камяні за тое, што гэты Аб’яднаны пераходны кабінет не прыдумаў і не рэалізаваў нейкай пераможнай стратэгіі. Але ім цяпер даводзіцца атрымліваць па поўнай праграме. І ёсць, трэба сказаць, падставы для гэтай крытыкі, таму што акрамя аб’ектыўных умоў дзейнічаюць і суб’ектыўныя чыннікі. Назіраюцца моманты нейкай бюракратызацыі ці імітацыі ў працы як Офіса Ціханоўскай, так і Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Дарэчы, меркавалася, што гэта будзе нейкая асобная галіна ўлады, так бы мовіць. Ну, калі люстэркава неяк у дачыненні да дзейных беларускіх уладаў, то вось ёсць як бы Адміністрацыя прэзідэнта – Офіс Ціханоўскай, і Кабінет міністраў, як аналаг Саўміна. Але, насамрэч, мы бачым, што, як і ў беларускай сістэме, Адміністрацыя ўсё пад сябе падмяла, так і тут па-сапраўднаму гэты Кабінет не адгалінаваўся ад каманды Ціханоўскай. І часта нават каментатары блытаюць ці праз коску іх называюць. Гэта такія вельмі блізкія афіляваныя структуры, і гэта таксама пэўны мінус.
Першапачаткова было заяўлена, што працаваць кабінет будзе паўгода, а потым паглядзім. Зараз, я так разумею, недзе ў кулуарах вырашаецца яго лёс, а на вашу думку – ці варта Кабінет пакідаць?
Я думаю, што найхутчэй будзе нейкая змена тых ці іншых персон. Сама структура наўрад ці знікне – сказаўшы А, трэба гаварыць Б. То бок, думаць над нейкай стратэгіяй, думаць, можа, над кадравым узмацненнем. Але я думаю, што ў агляднай перспектыве Кабінет будзе працягваць існаваць.
Ды і плюс жа тут утвараецца яшчэ нібыта протапарламент – Каардынацыйная Рада, якая ўсё рэфармуецца. Яны таксама зацягнулі час і таксама шмат крытыкі ў іх бок гучыць, таму што няма і немагчыма арганізаваць нейкіх наўпроставых выбараў у гэтую структуру. Паводле задумы гэта мусіць быць як бы асобная галіна ўлады, кантраляваць Аб’яднаны кабінет, заслухоўваць справаздачы. Але, зноў жа, ці атрымаецца – вялікае пытанне, таму што, на мой погляд, і тая ж Каардынацыйная Рада шмат у чым афіляваная з Офісам Ціханоўскай.
На жаль, сітуацыя такая, што ніводная з гэтых структур не можа істотна ўплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі. Менавіта таму, што Лукашэнка за кошт такіх вельмі жорсткіх рэпрэсій на нейкі час зацэментаваў сітуацыю ўнутры краіны. І якія планы тут не будуй – ёсць жа і план «Перамога», і нейкія іншыя стратэгіі – проста людзі элементарна баяцца нават паварухнуцца.
Іншая рэч, што цэлы шэраг чыннікаў, і найперш, сюжэт вайны ва Украіне, могуць пахіснуць гэтую сітуацыю. Але калі гэта будзе і якім чынам – прадказваць цяжка. Так ці іначай, я ўпэўнены, што тэктанічныя зрухі павінны пачацца і пачнуцца некалі менавіта ўнутры краіны. Трэба, каб гэтыя замежныя штабы апазіцыі былі максімальна падрыхтаваныя да гэтага акна магчымасцяў.
Дэмакратычныя сілы заяўляюць, што асноўная іх задача – гэта міжнародная праца, на гэтым вектары яны перахапілі ініцыятыву ў афіцыйнага Мінска. Наколькі Аб’яднаны пераходны кабінет стаў міжнародным палітычным суб’ектам?
Тут з аднаго боку трэба адзначыць, што сапраўды Ціханоўская працягвае свае паездкі, візіты, турнэ, якія ў піяраўскім плане выглядаюць вельмі выйгрышна: вось Лукашэнка максімум у Зімбабвэ можа злётаць, а Ціханоўская сустракаецца з лідарамі дэмакратычнага свету і яе прымаюць на высокім узроўні ў розных еўрапейскіх сталіцах і за акіянам, у Штатах.
Але, мне здаецца, прайшоў ужо гэты перыяд, калі захапляліся самім фактам міжнароднай легітымізацыі Ціханоўскай. Таму што пытанне: ва што гэта канвертуецца? І тут надта няма чым пахваліцца. Я думаю, гэта таксама падстава для роздуму людзям і з каманды Ціханоўскай, і з Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Таму што сёння лейтматыў, як і было і год і два таму – гэта санкцыі, «давайце ўзмацняць санкцыі». Але тут б паглядзеў на пытанне з розных бакоў. Да чаго прыводзяць гэтыя санкцыі? Асабіста я мяркую, што гэта вельмі спрэчны і далёка не стэрыльны інструмент. Ёсць такое ўяўленне, што Лукашэнка на пэўным этапе здасца і пойдзе насустрач, выпусціць палітвязняў, арганізуе вольныя выбары і гэтак далей. Але мы бачым, што на практыцы Лукашэнка проста здае кавалкі суверэнітэту Расіі.
І тут пытанне – ці трэба на кожным рагу крычаць, як мы дамагаемся ўзмацнення санкцыяў? Можа варта падумаць пра тое, што гэта можа скрышыць незалежнасць Беларусі, цэлыя галіны нацыянальнай эканомікі? Можа патрэбна больш гнуткая палітыка?
Нічога страшнага, калі б, напрыклад, абмянялі вызваленне палітвязняў на неўключэнне Беларусі ў нейкі там новы пакет санкцый. Ва ўсялякім разе, тут ёсць, пра што падумаць. І такая лабавая просталінейная палітыка ў гэтым пытанні, я думаю, таксама вымагае на сённяшнім этапе пераасэнсавання.
У свой час вельмі дзіўным выглядала рашэнне Ціханоўскай самой узначаліць гэты протаўрад. Як Вы лічыце – гэта было памылкай, ці гэта быў правільны крок?
Я яшчэ раз хачу падкрэсліць, што Аб’яднаны пераходны кабінет не змог як след дыстанцыявацца ў пазітыўным сэнсе ад Офісу Ціханоўскай. І ў гэтым плане выглядае мінусам тое, што фактычна і ў грамадскім успрыманні, нават у экспертным успрыманні гэта такія сіямскія блізняты.
Чым для Вас запомніўся Кабінет, яго праца за апошнія паўгады?
Калі казаць шчыра, паколькі я сам журналіст і рэагую на інфармацыйныя нагоды, то найболей было нейкіх скандальных інфармацыйных нагодаў за гэтыя паўгода. Я разумею, што вялася вялікая міжнародная праца, нейкія там стратэгіі распрацоўваліся. Але, канешне, для той палітызаванай грамадскасці, якая за стужкай навін сочыць, найперш запомніліся, напэўна, «цёркі» з палком Каліноўскага, гісторыя з расійскім пашпартам «міністра абароны» Валера Сахашчыка, кадравы скандал з Таццянай Зарэцкай.
І, дарэчы, тая ж каманда Ціханоўскай у плане піяраўскім паводзіла сябе, мякка кажучы, непісьменна. На жаль, вельмі шмат разоў наступалі і працягваюць наступаць на граблі прадстаўнікі каманды Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.