Loading

Аддзел Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні ставіць перад сабой наступныя задачы: стварэнне стратэгіі адраджэння Беларусі, падрыхтоўка рэформаў у галіне культуры, адукацыі і медыя, а таксама супрацьдзеянне інфармацыйнай агрэсіі. З 16 верасня працу ў гэтым накірунку ўзначальвае Аліна Коўшык.

Мы паразмаўлялі з Алінай пра дасягненні за месяц працы, найбольш складаныя з пастаўленых задач і тое, чаму займацца пытаннямі нацыянальнага адраджэння важна нават у сённяшніх умовах.

Фота: Радыё Ўнэт.

— Чаго ўдалося дасягнуць за першы месяц працы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце?

— Падводзіць вынікі яшчэ рана. Цягам гэтага месяца я старалася навязаць як мага больш працоўных кантактаў. Мне здаецца, галоўнае, што я магла зрабіць за гэты месяц — такі сацыяльны капітал з беларусаў, якія ствараюць розныя культурніцкія, адукацыйныя, моўныя ініцыятывы, а таксама нашых міжнародных партнёраў, якія хочуць нас падтрымліваць і разумеюць, чаму Беларусь важная ў свеце.

— У супрацы з Digital Belarus вы пачалі перапіс беларускіх культурніцкіх ініцыятыў за мяжой. Чаму гэта важна?

— Мы сутыкнуліся з тым, што апошнімі гадамі з’явілася багата вельмі розных цудоўных, натхняльных ініцыятыў, пра якія хацелася б расказаць большай колькасці людзей. Людзям, якія ствараюць нейкія групы падтрымкі, навучаюць дзяцей, вывучаюць родныя строі ці займаюцца краязнаўствам, не хапае сіл прабіцца ў медыяпрастору. Дзякуючы аплікацыі Digital Belarus, калі мы збярэм поўны спіс гэтых ініцыятыў, да іх змогуць далучыцца больш людзей. Зараз некаторыя з іх цяжка знайсці, і нашая мэта — гэта спрасціць.

— З кім ужо атрымалася наладзіць кантакты? Якім чынам міжнародная супольнасць можа падтрымаць беларускую культуру?

— Нам трэба яшчэ вельмі шмат расказваць замежным партнёрам пра Беларусь. Нажаль, зараз галоўная асацыяцыя з Беларусью, калі запытацца ў людзей — Лукашэнка. Хацелася бы, каб замест яго Беларусь асацыявалі са Святланай Алексіевіч, Алесем Бяляцкім, Свабодным тэатрам, нашымі спартоўцамі, нашай гісторыяй. Дзеля гэтага патрэбна праца, культурніцкая дыпламатыя.

17 кастрычніка у нас была сустрэча ў польскім міністэрстве замежных спраў з дырэктарам дэпартамента па публічнай і культурніцкай дыпламатыі. Абмеркавалі некалькі праектаў. На мінулым тыдні размаўлялі з партнёрамі з Францыі, якія пагадзіліся пачаць падпісваць Марка Шагала і іншых франка-беларускіх мастакоў не Расіяй, як гэта ёсць зараз, а Беларуссю. З такіх маленькіх крокаў ствараецца новая Беларусь, канцэпцыя нацыянальнага адраджэння. Вельмі важна паказваць, якія беларусы насамрэч, што мы вольныя людзі, творчая, крэатыўная нацыя, і нам ёсць чым падзяліцца з іншымі краінамі.

Сустрэча з Матэушам Маравецкім 4 кастрычніка 2022 года. Фота: flickr.com.

— На якім этапе знаходзіцца стварэнне працоўных камісій па адраджэнні мовы, гістарычнай памяці і помнікаў?

— Працэс ідзе паступова. Зараз мы падбіраем каманду, працоўныя групы стануць наступным крокам. Будзе невялічкае кола сталых працаўнікоў, пэўныя людзі ўжо з’явіліся ў маёй камандзе, але яны пакуль непублічныя. Я шчыра запрашаю ўсіх, хто жадае далучыцца да нашай справы, станавіцца валанцёрамі. Можна пісаць мне ў сацыяльных сетках, я дам свой e-mail, і мы створым такую базу, дзе будуць раздавацца час ад часу пэўныя заданні, якія дапамогуць нам яшчэ больш шчыльна працаваць у гэтым накірунку.

— Вы пісалі, што паступова пераводзіце працу кабінета на беларускую мову. Наколькі пытанне мовы важнае ў сённяшніх умовах, ці ёсць попыт непасрэдна ўнутры краіны?

— Мова — гэта пытанне статусу і нашай незалежнасці, гэта адзін з атрыбутаў незалежнай дзяржавы. З маім прыходам беларускай мовы ва ўнутранай камунікацыі кабінета сапраўды становіцца больш, знешняя жа камунікацыя вядзецца цалкам па-беларуску. Я лічу, што гэта слушны крок, гэта паказвае, у якім накірунку мы збіраемся рухацца палітычна. У Беларусі ж беларуская мова становіцца небяспечнай, бо рэжым успрымае яе як пагрозу. Са зменай улады, калі знікнуць рэпрэсіі, людзі паступова самі пачнуць пераходзіць на беларускую. Пэўная хваля такой зацікаўленасці мовай прайшла ў 2020 і абавязкова пройдзе яшчэ, калі наша краіна стане вольнай.

— З якімі праблемамі вы сутыкнуліся за месяц працы?

— Асноўная праблема ў тым, што ў Беларусі зараз фактычна вынішчаецца ўсё беларускае, і трэба вельмі добра думаць і асцярожна дзейнічаць, каб нікому не пашкодзіць. Мы разумеем таксама, што шмат якім ініцыятывам вельмі патрэбная падтрымка, і не заўсёды хутка атрымліваецца дапамагчы. Безумоўна, пасля пачатку вайны ва Украіне ў свеце моцна змянілася стаўленне да нашай краіны, да беларускай мовы, да ўсяго, што звязана з намі, таму трэба рабіць на гэта папраўку. Выклікаў багата. Шмат людзей адчуваюць, што іх не чулі апошнім часам. Хутка мы плануем рабіць відэастрымы, да якіх можна будзе далучыцца, задаць пытанне ці проста паразмаўляць на хвалюючыя тэмы. Я думаю, што такі жывы кантакт — гэта істотна.

— Днямі Святлана Ціханоўская заклікала ЕС прызнаць Аб’яднаны пераходны кабінет афіцыйным прадстаўніком беларускага народа. Наколькі гэта важна і як гэта адаб’ецца на працы кабінета?

— Палітычнае прызнанне дэ-факта вельмі важнае. Напрыклад, у нас была сустрэча з прэм’ер-міністрам Польшчы — першая сустрэча кабінета на найвышэйшым палітычным узроўні. Калі нас прызнаюць такія ўплывовыя арганізацыі і фігуры, то мы можам вырашаць самыя важныя пытанні на самым версе. Зараз вельмі проста пераводзіць асобныя напрамкі працы кабінета на профільныя міністэрствы. На гэтым тыдні я збіраюся ў Чэхію, дзе адбудзецца сустэча ў Міністэрстве культуры. Ёсць яшчэ ідэя па стварэнні праграмы нацыянальнай рэабілітацыі, бо апошнія гады траўмавалі ўсю краіну.

— А якім чынам можна рэабілітаваць беларусаў?

— Гаворка ідзе хутчэй пра псіхалагічную рэабілітацыю. Яна можа базавацца на досведзе Нямеччны пасля другой сусветнай вайны: яны адрабілі працу над памылкамі і разлічыліся са спадчынай нацызма. Нам таксама трэба будзе разабрацца з тым, што адбывалася ў Беларусі ў камуністычныя часы, прыняць пэўнае рашэнне, як трактаваць гэтае мінулае. Трэба будзе адчыніць архівы і стварыць беларускі інстытут гістарычнай памяці.

— Вяртаючыся да нацыянальнага адраджэння — колькі часу можа спатрэбіцца, каб яго можна было адчуць?

— Цяжка прадказаць, але, здаецца, для такіх якасных зменаў у нашым грамадстве патрэбныя два пакаленні — на адраджэнне мовы, гісторыі, культуры. На ўкараненне дэмакратычных прынцыпаў і павышэнне эканамічнага ўзроўня жыцця таксама недзе так, бо гэта база і без гэтага цяжка думаць пра нешта іншае. Але хуткія змены, я думаю, цалкам верагодныя цягам нават пяці гадоў.

Comments are closed.