Loading

Алену Баяраву слухачы радыё Ўнэт ведаюць па праграме «Літаратурныя ночы з Васілём». Аматары беларускіх аўдыёбукаў могуць пачуць яе голас у кнізе Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» – артыстка цяпер удзельнічае ў запісе беларускіх перакладаў пяцікніжжа нобелеўскай лаўрэаткі. Ну а сталічныя тэатралы памятаюць Алену перадусім па яе характарных вобразах, якія яна стварала цягам многіх гадоў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Пасля таго, як кіраўніцтва яе «скараціла», Алена вырашылася на эміграцыю. Цяпер жыве і працуе ў Варшаве і прызнаецца, што ў свае 50 памаладзела і пачала новае, цікавае, а галоўнае, насычанае і вельмі творчае жыццё.

Што б рабілі гераіні Алены ў той жыццёвай сітуацыі, у якой апынулася яна сама? Як актрыса шукае інтанацыі да сваіх новых роляў? І ці знайшла ў Варшаве месца, якое б нагадвала ёй родны Віцебск? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні слухайце ў нашай размове з актрысай.

«Гэты пераезд прынёс мне шмат адкрыццяў і работы над сабой. Я нават не ўяўляла, што магу рабіць некаторыя рэчы – напрыклад, працаваць у Музеі ў Каралеўскіх Лазенках. Я столькі даведалася па гісторыі, па культуры! А колькі тут цікавых людзей… Часамі нават фатаграфую іх вобразы, каб захаваць у сваю акцёрскую галерэю».

«Што б рабілі мае гераіні ў сітуацыі, у якой апынулася я сама? Цікавае пытанне… Думаю, што многія з іх нават не даехалі б сюды. Так бы і заставаліся на адным месцы да канца жыцця. А я даехала!»

«Канешне, быў боль. Нікуды не дзенешся. У Беларусі засталіся родныя. А я сумую нават не па Мінску – па Віцебску, дзе нарадзілася. Калі ведала, што з’язджаю, проста гадзінамі гуляла па горадзе. На жаль, тут мне нічога не нагадвае мой горад дзяцінства».

«Таму, хто застаецца ў Беларусі і баіцца пераязджаць, я магу сказаць: трэба. Гэта як эфект перарэзанага шланга – вось пераразаеш яго, і ў цябе адкрываюцца нейкія іншыя каналы. І зараз я магу сказаць, што я шчаслівая. У мяне пачалося новае жыццё, я адчуваю сябе маладзейшай. Я зразумела, што трэба рабіць па жыцці. Раз ты нарадзіўся беларусам – трэба распаўсюджваць нашую мову, нашую культуру. Нашая годнасць павінна нас аб’ядноўваць».

Comments are closed.