Loading

Георгій Нятупскі з 2011 па 2016 гады працаваў следчым у паліцыі Кіева. Затым звольніўся, займаў цывільныя пасады, а пасля заняўся ўласным бізнесам у сферы нерухомасці. В 2021 гаду з’ехаў у Ізраіль, дзе планаваў заставацца, бо там была добрая праца і перспектывы.

Фота з асабістага архіва героя.

Дзесьці ў студзені яму пачалі тэлефанаваць сябры, якія засталіся ў сілавых структурах МУС і СБУ. Яны раілі не вяртацца ва Украіну, бо чакалі наступу Расіі з боку Беларусі і пачатку вайны. Насуперак гэтым парадам Георгій дадому вярнуўся, бо там засталіся родныя, маёмасць і справы, якія патрабавалі асабістай прысутнасці.

Ён, як і многія іншыя, спадзяваўся, што вайны ўсё ж не будзе, але маральна быў да яе гатовы. Таму з пачаткам уварвання, першае, што зрабіў – эвакуяваў родных. Спачатку ў бацькоўскую хату на паўднёвую ўскраіну Кіева, а пазней за межы краіны.

Паўстала пытанне, што рабіць самаму? Спачатку былі думкі дзесьці схавацца і перачакаць. Але ўнутраныя пачуцці не дазволілі прыняць такое рашэнне. Сябры, былыя афіцэры паліцыі, параілі паехаць на Уладзімірскую, 15, у Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў па Кіеву, каб вярнуцца да службы ў паліцыі. Там усё было зачынена. Дзяжурны супрацоўнік на месцы адказаў, што з такім пытаннямі трэба звяртацца ў аддзел, з якога звальняўся. Аднак і там Нятупскага не чакалі. Выйсце адно – ехаць у ваенкамат.

Там ужо была чарга, чалавек пад дзвесце. Прастаялі некалькі гадзін, выйшаў афіцэр і паведаміў, што звычайныя людзі ім не патрэбныя, толькі афіцэры. Палова з прысутных адразу разышліся. Але і з тых, хто засталіся, сказалі патрэбныя толькі афіцэры з ваенным досведам у АТА. Прыйшлося ні з чым павяртацца дадому.

Праз некалькі дзён патэлефанавалі сябры, былыя саслужбоўцы, і прапанавалі ехаць у Закарпацце. Яны там знялі дом, ёсць запасы ежы і вады. Можна пажыць і перачакаць, пакуль усё скончыцца. Але Георгій адмовіўся, маўляў, не разумею, хлопцы, як маладому, здароваму афіцэру зараз можна хавацца, калі ў краіне такая навала.

Наступную спробу ўладкавацца на службу зрабіў у бліжэйшым да хаты аддзяленні паліцыі. Там сказалі, выбачай, але зараз нікога на працу не прымаюць ні на якіх умовах і параілі ісці да «партызан». Далі адрас, дзе іх можна знайсці.

«Партызанамі» аказаліся сілы мясцовай тэрабароны, якія тады пачыналі самастойна фармавацца. Там афіцэры былі дужа патрэбныя. Георгію адразу далі зброю і першае заданне – ахоўваць праход паміж дамамі. Трэба было спыняць падазроных і назіраць за парадкам і перамяшчэннем людзей. Пасля «дзіркі», жартуе Георгій, яго павысілі – паслалі ахоўваць дзверы, потым фортку, а затым і браму.

Праз пару тыдняў такой службы Георгій арганізаваў ахову аднаго з аб’ектаў крытычнай інфраструктуры. Яго прызначылі камандзірам аддзялення з дзевяці чалавек, якое поўнасцю забяспечвала на аб’екце патруляванне, вартаўнічую службу, расстаноўку нарадаў. Затым адбылося прызначэнне камандзірамам узвода з 32 чалавек.

У роце Нятупскага было тры такіх узводы. Ішоў трэці месяц вайны, калі Кіеўская вобласць была практычна вызваленая ад акупантаў. Хлопцы пабачылі, што асабістай патрэбы ў іх бясплатнай службе больш няма і патроху пачалі разбягацца. А тыя, што заставаліся, далучыліся да ўзводу Нятупскага.

У вайсковым паняцці ўзвод – гэта чатыры аддзяленні, па 5-6 чалавек. Агулам, каля 30 службоўцаў. У Георгія назбіралася каля 54. У такім складзе хлопцы прымкнулі да 112 вайсковай брыгады ТРА спачатку вайсковай часткі 7292, а пазней А7040.

Там Георгія Нятупскага прызначылі намеснікам баявой роты часткі. Удзельнікі ТРА, гэта звычайныя хлопцы, якія не патрапілі ў ваенкамат па розных прычынах. Каля 70% з іх ніколі ў жыцці не трымалі зброю і не мелі ўяўлення аб вайсковай справе. То бок, цалкам цывільныя людзі, узрост якіх хістаўся ад 16 да 60 гадоў. Але, калі прыйшла бяда і чалавек прыняў рашэнне змагацца, ён здольны ператварыцца ў сапраўднага змагара. Георгій пачаў навучаць сваіх хлопцаў адразу сам, а потым арганізаваў вышкалы на палігонах з інструктарамі і рознымі тактыкамі і тэхнікамі бою.

Фота з асабістага архіва героя.

У выніку ягоная рота аказалася самай кваліфікаванай і баяздольнай. Хлопцы навучыліся весці бой у гарадскіх, лясных умовах, штурмаваць будынкі і т.п. Таму шмат хто з мужчынаў пасля падпісалі кантракты з ЗСУ і адправіліся на фронт. З тымі, хто застаўся, Нятупскі так арганізаваў працу, каб хлопцы мелі магчымасць працаваць і несці службу па ахове аб’ектаў, якія ім даверылі. Кажа, што на вайне вельмі дапамагае трымацца пачуццё гумару. І хлопцы, якія на перадавой, не скардзяцца на цяжкія ўмовы, а жартуюць на імі. Так лягчэй.

Варта адзначыць, што дагэтуль ні сам Георгій, ні ягоныя хлопцы грошаў за сваю службу не атрымліваюць. Аднойчы толькі была разавая кампенсацыя, усё астатняе, у тым ліку абмундзіраванне і побыт, за свае сродкі. У іншых мясцовых грамадах сітуацыі розныя. Напрыклад, некаторыя ТРА фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў часткова альбо цалкам. Але з большага, гэта грамадскія ініцыятывы, якія існуюць на сродкі іх удзельнікаў і валанцёрскую дапамогу.

Нядаўна Георгій Нятупскі разам з некаторымі сваімі байцамі атрымалі медалі «За абарону Кіева». Гэта падзяка ад дзяржавы за першыя месяцы змагання з акупантамі, калі тыя намагаліся ўзяць Кіеў.

Георгій Нятупскі служыць па поклічу сэрца і кажа, што ягоная асабістая вайна скончыцца толькі калі Расія адыдзе да межаў 1991 года і верне Крым. Альбо ворага адкінуць да межаў 2104 года і скончыцца актыўная фаза вайны. Тады можна будзе перадыхнуць і па-магчымасці вярнуцца да службы ў паліцыю.

На час пасля перамогі Георгій глядзіць рэалістычна. Усведамляе, што ўкраінцаў чакае вялікая і цяжкая праца. Шмат людзей будзе з посттраўматычным сіндромам, як вайсковых так і цывільных. Шмат хто з мужчынаў знайшлі сябе пад час вайны ў якасці салдат і афіцэраў і ім прыйдзецца неяк нанова шукаць сябе ва ўмовах міру. Да таго ж людзі панеслі вялікія страты, якія таксама прыйдзецца неяк перажываць. Зруйнаванай краіне прыйдзецца адбудоўваць сябе нанова, і фізічна і ментальна.

Калі не атрымаецца пасля вайны аднавіцца ў паліцыі, Георгій плануе паехаць у Ізраіль на заробкі. Але ўсё роўна потым абавязкова вернецца ва Украіну. Каб будаваць уласны бізнес і жыць на зямлі, за свабоду якой зараз змагаецца разам з мільёнамі іншых сваіх суайчыннікаў.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.