Loading

Чарговая эскалацыя канфлікту паміж Ізраілем і тэрарыстычнымі групоўкамі ХАМАС, «Ісламскі джыхад» і іншымі. Ізраіль абвінавачваюць у нанясенні паветранага ўдару па шпіталі Аль-Ахлі ў Сектары Газа, у выніку якога загінула больш за 600 чалавек. Ізраіль абвінавачванні абвяргае і прадставіў доказы, што ў медыцынскую ўстанову патрапіла ракета, выпушчаная «Ісламскім джыхадам». Антыізраільскія дэманстрацыі прайшлі гэтай ноччу ў многіх краінах, пратэстоўцы грамілі амбасады, а ліванская Хезбала аб’явіла сераду «днём беспрэцэдэнтнага гневу» супраць Ізраіля.

На гэтым фоне прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адмяніў паездку ў Іарданію. А сама Іарданія адмяніла саміт па сітуацыі ў сектары Газа, які павінен быў прайсці сёння ў Амане (на яго чакалі лідараў ЗША, Егіпта і Палестыны).

Падаецца, што сітуацыя на Блізкім Усходзе яшчэ доўгі час будзе заставацца напружанай, таму Ізраіль ужо мабілізаваў больш за 300 тысяч рэзервістаў. Як апошнія два тыдні змянілі жыццё ізраільцян, радыё Ўнэт распавяла жыхарка горада Хайфа Ніколь.

— Жыццё простых людзей вельмі моцна змянілася, бо ўсе рэзервісты сыходзяць. Усе сябры, усе знаёмыя прызываюцца зноў. Усё зачынена, не можам нармальна працаваць, сірэны.

— Падаецца жыццё быццам паралізаванае. Якая-небудзь інфраструктура яшчэ працуе?

— Адкрытыя толькі аптэкі і першае, тое, што трэба, напрыклад ежа. І тое не ўвесь дзень, толькі з раніцы і да пяці гадзін. І адкрытыя бальніцы і паліклінікі. Вось і ўсё, у прынцыпе.

— Ты казала, што вы баіцеся мусульманскага насельніцтва і ў пачатку гэтай вайны прыходзілі паведамленні, што нават у самім Ізраілі, у Іерусаліме імамы ў мячэцях заклікалі мусульман атакаваць яўрэйскае насельніцтва. У вас у Хайфе такое таксама назіралася?

— Як ні дзіўна, ніякага разбою ў мяне ў Хайфе не было. У пятніцу ж казалі, што будзе сусветны дзень знішчэньня яўрэяў, яны гэта зробяць. Але ў асноўным ніхто нікуды не выходзіў, былі пустыя вуліцы. Ні крыкаў, нічога не было чуваць. Паліцыі дастаткова шмат было.

— З рэзервістамі ўсё зразумела, а што тычыцца прызыўнікоў, яны складаюць вялікую частку войска. Іх так сама адпраўляюць у зону баявых дзеянняў?

— Мае знаёмыя, якія зараз прызваліся на тэрміновую службу і служаць у войску, яны знаходзяцца практычна ўсё на поўдні, чакаюць. Ім кожны дзень гавораць рыхтавацца да самага горшага, што будзе наземная аперацыя, трэба будзе «заходзіць» і шмат людзей загіне.

— А вось гэтыя рэзервісты, гэта ўсё, хто раней служыў у войску, ці гэта нейкая асаблівая катэгорыя ваеннаабавязаных?

— Тут ёсць асобыя войскі, якія менавіта бяруць рэзервістаў. Ты падпісваеш дамову пасля таго, як ты завяршаеш тэрміновую службу, аб тым, што цябе могуць заклікаць у любы момант.

Comments are closed.