Горад Ашкелон знаходзіцца ўсяго за сем кіламетраў ад мяжы Ізраіля з Сектарам Газа. У ім жыве даволі шмат выхадцаў з Беларусі. Пра тое, што адбывалася ў Ашкелоне і ягоных ваколіцах з раніцы суботы і да вечара нядзелі, а таксама пра агульную сітуацыю ў краіне і стаўленне ізраільцян да вайны паразмаўлялі з жыхаром гэтага горада Барысам Балтэ.
— Раніцай а 6.28 пачаліся сігналы паветранай трывогі. Яны ішлі бясконца і бясконца былі выбухі. Абстрэлы ішлі ўсю раніцу і ўвесь дзень. З дзясятак ракет трапілі ў дамы ці ў зямлю ў радыусе 100 метраў вакол мяне, вакол дома, дзе я знаходжуся. Таксама ў панараме з вокнаў можна было назіраць некалькі дзясяткаў пажараў праз тое, што ракеты трапілі прама ў дамы ці ў нейкія аб’екты.
Гэта была вельмі вялікая хваля, такой хвалі раней не было чуваць. Але большую занепакоенасць, і нават шок, выклікаў той факт, што яны змаглі прарваць мяжу і тое, што яны там рабілі, калі яны захоплівалі паселішчы, кібуцы, уварваліся ў некаторыя гарады, рабілі там тэрор. Яны скрадалі людзей, здзекаваліся з людзей, білі іх, падпальвалі іх маёмасць, скрадалі рэчы, гвалтоўна гналі іх у Сектар Газа. І гэта такі шокавы факт, што выклікала ў большасці людзей дэпрэсію. Гэта, на маю думку, можа яшчэ адбіцца ў будучым, калі гэтая вайна скончыцца.
— Звычайна гэты Сектар Газа, дзе атабарыўся гэты Хамас, успрымаўся як пагроза. Няўжо там не было такіх сіл, якія здольныя былі стрымаць гэтых нападнікаў?
— Не, не было. Ёсць такія думкі, што гэта быў наўмысны сабатаж. У мяне доказаў няма, гэта толькі адрэцэпцыя фактаў, можна так гадаць, гледзячы на тое, што адбывалася. Усе думкі і факты можна пацвердзіць толькі, калі ўжо пасля вайны будзе створана нейкая следчая камісія. Але мне падаецца нават той адказ можа выклікаць у будучым вельмі жорсткі раскол ці нават яшчэ нешта больш дрэннае ў краіне.
— З’яўлялася інфармацыя, што гэтыя баевікі ўжо зайшлі ў Ашкелон.
— Не, гэта няпраўда.
— А сёння была інфармацыя, што яны намагаюцца да яго даехаць.
— Сёння сапраўды – яны знаходзіліся ў паселішчы, вакол якога былі службы бяспекі. Яны з гэтага кола змаглі вырвацца. Яны ўгналі некалькі аўто і напраўляліся ў кірунак Ашкелона. Яны праехалі Ашкелон і ўжо ля горада Ашдот яны былі ўсе знішчаныя.
— У Ашкелоне жыве не так мала беларусаў. Ёсць інфармацыя, што пацярпелыя ёсць сярод беларусаў. Ці ёсць там нейкія спосабы стасункаў паміж беларусамі ўнутры дыяспары і ці ведаеце Вы гэтую сітуацыю?
— Можа там нейкія чаты і ёсць. Але там у асноўным ідзе размова па-расейску і я не так актыўна ў іх удзельнічаю. А што датычыцца параненых людзей, то існуе агульны спіс параненых, агульны спіс загінулых. І ўжо глядзім па гэтым спісе. Пытанне – каго лічыць беларусам. Тут усе, хто з пашпартам Ізраіля – гэта грамадзяне Ізраіля. А тых, хто мае пашпарт Рэспублікі Беларусь, зафіксавана, што недзе каля 30 чалавек звярнуліся па дапамогу ў хуткую дапамогу. І два з іх сапраўды атрымалі нейкія моцныя параненні.
— Сёння пачалася актыўная фаза супраціву. Як гэта адбілася на тым, што адбываецца ў памежным рэгіёне?
— Сітуацыя зараз на вуліцы такая, што нібы зараз выходны дзень, асноўнае, што адрознівае ад звычайнага – тое, што працуе грамадскі транспарт. Людзей на вуліцы няма. Аўто на вуліцы вельмі мала. Большаць крамаў зачынена. Працуюць такія мінімаркеты, супермаркеты, дзе можна набыць усё. Нейкія спецыялізаваныя крамы зачыненыя.
Забаронена збірацца больш за 10 чалавек на адкрытым паветры і больш за 50 чалавек у закрытым памяшканні. Зачыненыя ўсе пляжы. Бо існуе верагоднасць таго, што яны могуць зрабіць марскі дэсант, што сёння таксама было – з Газы было некалькі марскіх дэсантаў. Але яны ўсе нават не дабраўшыся да берага былі знішчаныя. Але такая пагроза існуе.
Па ўсёй краіне адменена вучоба. Шмат паліцыі на вуліцы я не назіраю. Вельмі шмат ездзіць хуткай дапамогі і пажарных. Асабліва ўчора. Сёння ў асноўны толькі хуткая дапамога. Паліцыі таксама ўчора ездзіла шмат, але сёння ўжо не такая вялікая інтэнсіўнасць ракетных абстрэлаў, таму што працуюць нашыя ВПС, працуе наша артылерыя. І зараз абстрэлы ідуць у такіх самых блізкіх памежных рэгіёнах тыпу тых, дзе ўчора былі гэтыя бандыты і дзе на вечар нядзелі яны ўсё яшчэ працягваюць знаходзіцца.
— Калі казаць пра гэты «Жалезны купал» – усё роўна ён не дае стоадсоткавай гарантыі і пэўная частка ракет трапляе?
— Усе мадэрнізацыі робяцца для мінулай вайны. Тая мадэрнізацыя, якая была зроблена, яна была зроблена пасля падзеяў 2019 года, калі таксама вельмі вялікая хваля (абстрэлаў) была. І, калі б, такая ж хваля была зараз – стоадсоткава «Жалезны купал» бы спрацаваў. Але зараз хваля была ў некалькі разоў мацнейшая. Такога ніколі не было. Але большасць ён змог перахапіць.
— Як рэагуе на сітуацыю Плестынская нацыянальная адміністрацыя, якая мае ўладу на Заходнім беразе ракі Іардан?
— Яны ў цікавым стане. З аднаго боку яны ненавідзяць Хамас. Гэта іх ворагі. Таму што хамасаўцы, калі захапілі ўладу ў Газе, парэзалі ўсіх прыхільнікаў Абасу. Там рэальна адбываўся сапраўдны тэрор, арабы рэзалі арабаў. І гэта проста блакітная мара Абаса, каб Ізраіль сваімі рукамі знішчыў Хамас, ён бы павярнуўся панаваць у Сектар Газа.
З іншага боку, яны, канешне, не могуць такое казаць. Яны будуць казаць пра палестынскуюю салідарнасць, пра (патрэбу) змагацца з агрэсарам. Але яны будуць гэта рабіць так, каб не казаць слова «Хамас» і так, каб проста ўсё гэта перавесці на агульнапалестынскую справу.
— А наколькі гэты Абас і ягоная адміністрацыя ўвогуле дагавораздольныя? Наколькі яны выконваюць тыя Ослаўскія пагадненні і як увогуле яны супрацоўнічаюць з урадам Ізраіля?
— Гэта вельмі цяжкае супрацоўніцтва. Акрамя таго, нельга забываць таго, што ў склад гэтай адміністрацыі ўваходзяць таксама тэрарысты, людзі з крывёй на руках, сябры тэрарыстычных арганізацый. Там працягваецца прапаганда нянавісці да габрэяў. У школах там ідзе адмаўленне Халакоста, за што ў Еўропе можна атрымаць турэмны тэрмін.
І акрамя таго, гэты рэжым у Рамале, рэжым Абаса вельмі карумпаваны. І на гэтым гуляе Хамас, што «мы не карупцыянеры, а яны карупцыянеры», намагаючыся перахіліць на свой бок мясцовых арабаў. Сапраўды, карупцыя там вельмі вялікая. Туды прыходзяць вельмі вялікія грошы і з Амерыкі, і з Еўропы, і з Ізраіля, і з Арабскіх краін, але ўзровень жыцця там невысокі. Таму што ўсе гэтыя грошы проста раскрадаюцца – мільёны, калі не мільярды.
—Як людзі гэта ўсё ўспрымаюць, як яны ставяцца зараз да арабскага руху?
— Людзі, канешне, жадаюць помсты. Але ў краіне зараз ідзе такі працэс дэпрэсіі: як такое адбылося? Чаму мы думалі, што мы такія моцная, а яны прабілі мяжу? І гэта такая ж дэпрэсія, як была роўна 50 гадоў таму пасля «вайны Суднага дня». Што мяне непакоіць, гэта тое, што тая дэпрэсія прывяла да таго, што ў грамадстве сталі панаваць ультралевыя лозунгі. Тыпу таго, што, калі б мы аддалі ім нашыя землі, яны б на нас не напалі тады ў 1973 годзе.
Зараз, праз паўстагоддзя, магчыма будуць гучаць ужо нават не ўльтралевыя, і постсіянісцткія ці нават постгабрэйскія лозунгі. Што, калі б мы не былі габрэямі, ці, калі б у нас не было гэтай дзяржавы, яны б на нас не напалі. Таму што глеба для гэтага падрыхтавана. Напрыклад, ваяўнічымі атэістамі. Ці таксама шмат людзей з былога Савецкага Саюза, расійскамоўных. Нават, калі яны ходзяць са сцягам Украіны ці бел-чырвона-белым сцягам на аватарках, яны таксама настроены вельмі антырэлігійна і момантамі гэтая антырэлігінасць перарастае ў антыізраільскасць. Мяне непакоіць, што пасля вайны такія погляды могуць браць верх, таму што сапраўды шок у людзей вялікі.
Цалкам размову з выхадцам з Беларусі, які жыве ў памежным з Сектарам Газа Ашкелоне Барысам Балтэ слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.