Loading

Немагчымасць замяніць нацыянальны пашпарт ці працягнуць яго дзеянне праз дыпламатычныя місіі Беларусі ў іншых краінах застала беларусаў замежжа знянацку. Разам з тым, яны не выключаюць думкі, што такім чынам лукашэнкаўскі рэжым спрабуе вярнуць людзей на радзіму, каб потым прымяніць да іх рэпрэсіі. Аб гэтым распавялі радыё Ўнэт беларускія грамадзяне, якія жывуць у Германіі, Францыі і Ізраілі.

Інфармацыя, што цяпер консульскія аддзелы беларускіх пасольстваў не будуць працягваць ці абменьваць пашпарты выклікаў хвалю абмеркаванняў сярод беларусаў у Германіі, распавядае колішні жыхар Беларусі Андрэй, які з’ехаў з роднай краіны ў 2021 годзе з-за палітычнага пераследу. І хоць для яго асабіста гэтыя змены вялікага значэння не маюць, сітуацыю, якую стварыла лукашэнкаўская ўлада для беларусаў, ён называе неадэкватнай.

— Згодна з маім статусам я не магу нават прыходзіць на тэрыторыю беларускага консульства тут. Плюс мы ўсё сям’ёй памянялі пашпарты і яны ў нас да 2030 года. Таму асабіста мяне гэта сітуацыя не закранула. Тыя беларусы, якія выязджалі не «па палітыцы», а даўно тут жылі, ім, канешне, складаней, таму што ім зараз трэба ехаць у Беларусь. Але я думаю, што гэтае пытанне неяк вырашыцца. За кошт неадэкватнасці гэтай сітуацыі, бо як гэта дзяржава не дае магчымасць сваім грамадзянам па ўсім свеце памяняць пашпарты, бо не кожны можа прыехаць. Я думаю, што будзе знойдзена нейкае рашэнне. Я ведаю, што тут ёсць такі Reisepass, так званы пашпарт для вандровак, ён, канешне, не замяняе звычайны пашпарт, але калі ёсць від на жыхарства, то ён будзе даваць права перамяшчацца.

— Навошта ўвогуле гэтае новаўвядзенне, на вашу думку?

— Унутры краіны практычна прыціснуты тыя настроі, людзі запуганы. Нелегітымная ўлада іх крыху супакоіла, і яны цяпер для яе не ўяўляюць нейкай небяспекі – усіх запужалі, у турмы пасадзілі. І зараз наступны крок – узяцца за тых, хто за мяжой адкрывае рот, таму гэта такое запрашэнне на пакаранне.

У сваю чаргу колішняя магілеўчанка, якая з 2007 года жыве ва Францыі, распавядае, што раней існавала падобная сітуацыя з пашпартамі ў дачыненні да беларусаў замежжа.

«Я прыехала да Францыі ў 2007 годзе, дакументы на выезд я пачала збіраць яшчэ з 2006. І я помню, што тады сістэма была арганізавана такім чынам, што праз пасольства практычна нічога не магчыма было рабіць. То бок мне прыходзілася ездзіць у Мінск, а я не мінчанка, афармляць дакументы, афармляць апастыль, хадзіць у міністэрствы. Потым, калі нарадзілася дзіця, афармляць яму пашпарт РР таксама трэба было ў Беларусі, а не праз пасольства. Таму для мяне гэтая сітуацыя з гэтым новаўвядзеннем проста адкат назад. То бок мы вяртаемся ў тую сітуацыю, якая існавала 15-20 гадоў таму. Я ведала гэтую сітуацыя, тую сістэму, якая была раней. І тое, што было 5-10 гадоў, гэта было паслабленне і мы вяртаемся назад да закручвання шрубаў, якое існавала раней.

У маім выпадку, паколькі я жыву тут даўно і ў мяне ёсць французскае грамадзянства, то беларускі пашпарт мне не неабходны. Да таго ж у Беларусі ў мяне няма нейкіх асаблівых спраў, як, напрыклад, ёсць у людзей нерухомасць, магчыма, блізкія родзічы, якія патрабуюць дапамогі, у мяне не тая сітуацыя. Я дастаткова вольная ў гэтым сэнсе. І гэта ўсё ніяк мне не ўскладняе жыццё. То бок усё, што мне застаецца рабіць, гэта мяняць пашпарты для мяне і для майго дзіцёнка. А гэта можна рабіць раз на 10 гадоў і рабіць гэта, калі мы туды едзем. Але паколькі мы не збіраемся туды ехаць і, магчыма, увогуле ніколі туды не прыедзем, то гэтая праблема адпадае сама па сабе».

Праблема замены ці працяга дзеяння пашпарту на бліжэйшыя гады – да 2029 года не стаіць і для магілёўскага праваабаронцы, якія жыве ў Ізраіле і мае ізраільскае грамадзянства на падставе права на рэпатрыяцыю Барыса Бухеля. Разам з тым ён бачыць у дзеяннях лукашэнкаўскіх улад жаданне хоць якім-небудзь чынам нашкодзіць суайчыннікам, якія пражываюць за мяжой і ставяцца крытычна да цяперашніх парадкаў у Беларусі, а таксама, магчыма, прымяніць да іх рэпрэсіі.

— Канешне, гэта дрэнна, гэта нагода праверыць тэлефоны ў людзей – хто на што падпісаны.

— Калі дойдзе да 2029 года справа, ці вы бы паехалі змяняць пашпарт у Беларусь?

— Я б хацеў і раней вярнуцца ў Беларусь, але… Да таго часу, спадзяюся, будзе іншая палітычная сітуацыя, таму пытанне вырашыцца само па сабе.

— А пры захаванні гэтай сітуацыі?

— Сядаць у турму за «экстрэмізм», за «дзейнасць у незарэгістраваных арганізацыях» і іншае я б не хацеў. Калі дазволіць палітычная сітуацыя, канешне ж, прыеду.

— Для чаго гэтае новаўвядзенне прыдумана?

— Прымусіць людзей вярнуцца, асабліва апазіцыянераў, і пасадзіць іх. Стварыць больш праблем тым, хто не можа вярнуцца па палітычным прычынам.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.