Loading

Пра падрыў дамбы ў Новай Кахоўцы мы даведаліся, калі былі ў Запарожжы. У горадзе, дзе Саветы пабудавалі самую вялікую плаціну і гідраэлектрастанцыю на Дняпры. У горадзе, які ацалеў пасля падрыву дамбы ў жніўні 1941 года. Тады па асабістым загадзе Сталіна была ўзарвана Запарожская ГЭС. Воды Дняпра павінны былі спыніць наступленне нямецкай арміі. Насамрэч падрыў збудавання немцаў не спыніў, а вынікам гэтага злачыннага загаду стала гібель тысяч мірных жыхароў (магло загінуць да 100 тысяч чалавек). Вада затапіла савецкіх воінаў і іх тэхніку. Зразумела, дзесяцігоддзямі расійская прапаганда хлусіла, што за гэтае злачынства нясуць адказнасць немцы. Цяпер зноў Масква, насуперак відавочным фактам, спрабуе абвінаваціць Украіну ў падрыве дамбы ў Новай Кахоўцы. І напэўна знойдуцца тыя, хто зноў паверыць расійскай прапагандзе.

Цікава, што ў самой Маскве прапагандысты адкрыта выказваюць задавальненне падрывам дамбы і пагражаюць падарваць яшчэ адну пад Кіевам. На шчасце, яны яе не кантралююць, хоць у лютым 2022 года спрабавалі захапіць. Аднак няма сумневу, што Пуцін можа выкарыстаць любую зброю для дасягнення сваёй мэты. Наступствы падрыву Новай Кахоўкі жахлівыя і будуць адчувацца гадамі. Сярод іх найбольш небяспечныя тыя, якія тычацца сістэмы ахалоджвання Запарожскай АЭС у Энергадары. АЭС, якая таксама знаходзіцца пад кантролем расійскіх вайскоўцаў. Чарговая місія кіраўніка Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі ніякіх змен па гэтым пытанні не прынесла. Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што сітуацыя хоць і сур’ёзная, але ў той жа час стабільная, і на Запарожскай АЭС дастаткова вады для ахалоджвання рэактараў. Меў рацыю прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі, калі 1 лютага мінулага года, яшчэ перад поўнамаштабным расійскім уварваннем, заявіў у Кіеве, што жыццё побач з Расіяй – гэта жыццё ля падножжа вулкана. Расійская стабільнасць – гэта стабільнасць вулкана, што прачынаецца.

Магчыма, Масква сваім злачынствам у Новай Кахоўцы хацела паказаць, што можа дазволіць сабе ўсё што заўгодна ў выпадку ўкраінскага контрнаступу. Магчыма, што яна дасылае такі сігнал заходнім краінам, каб аслабіць іх падтрымку. Аналагічна як і пагроза размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. Украінцы, аднак, расійскіх пагроз не баяцца, бо ведаюць, што адзіны шанец, каб яны не спраўдзіліся, – гэта актыўны супраціў і барацьба. З Запарожжа я паехаў у Бахмут. Цяжка сказаць, ці пачалося ўжо ўкраінскае контрнаступленне, але тут баі не спыняюцца ні на хвіліну. Над прыфрантавымі вёскамі плыве дым ад выбухаў, паветра скалынаюць разрывы ракет і артылерыйскіх снарадаў. Нізка лётаюць украінскія СУ, выпускаючы ІЧ-пасткі і ўхіляючыся ад расійскай супрацьпаветранай абароны.

У той момант, калі я ўязджаў у Канстанцінаўку, на горад падалі расійскія ракеты. Нягледзячы на гэта, у мястэчку жыццё ішло сваёй хадой, якую можна назваць нармальнай: працавалі крамы і кавярні, на вуліцах гулялі маці з дзецьмі. Больш за ўсё мяне здзівілі людзі, якія касілі траву побач са сваімі дамамі. Здаецца, гэта, бадай, самы абсурдны занятак паблізу лініі фронту. Украінскі вайсковец, які суправаджаў мяне, пакрыўдзіўся на маю гучную рэпліку: «Гэта іх дамы і агароды. Яны жывуць тут і стараюцца жыць нармальна! Інакш яны могуць зварʼяцець». На наступны дзень на Канстанцінаўку зноў паляцелі ракеты: загінуў чалавек, які касіў траву на стадыёне.

На наступны дзень артылерыйскія снарады забілі дзіця. Уначы ракеты «Смерч» падалі на Дружкаўку. Разбураныя 17 дамоў. Цудам абышлося без ахвяр.

На адным з прыфрантавых камандных пунктаў Сіл спецыяльных аперацый я назіраю праз камеры беспілотнікаў за боем у лесе на ўскраіне Бахмута. Украінцы атакуюць раней выяўленую сістэму ўмацаванняў. Беспілотнік каардынуе агонь СПГ і мінамётаў. Украінская пяхота чакае знішчэння расійскіх пазіцый. Напачатку вокам дрона мы бачым, як па акопах свабодна ходзяць расійскія салдаты. Яны не ведаюць, што за імі назіраюць. Толькі калі пачынаюць падаць першыя снарады, яны спрабуюць укрыцца ў сховішчах. Працы ўкраінскіх дронаў спрабуе перашкодзіць расійская РЭБ (сістэма радыёэлектроннай барацьбы). Безвынікова – украінцы даўно прыдумалі, як з гэтым змагацца. Часам толькі выява становіцца троху скажонай. Расіяне спрабуюць знішчыць украінскія пазіцыі мінамётным агнём, але менавіта ўкраінскі снарад ідэальна залятае ва ўваход сховішча. За ім наступны. Дрон не перадае гуку. Відаць толькі клубы дыму і чарговы агонь ад выбухаў. Украінскія спецназаўцы знішчылі важную агнявую пазіцыю і склад боепрыпасаў. Праз некаторы час дым рассейваецца і відаць, што ўнутры разбуранага сховішча. Відаць загінулых і параненых рускіх салдат. Зараз у атаку ідзе ўкраінская пяхота. Захопленыя будуць чарговыя 150-200 метраў расійскіх пазіцый. «Гэта – за Новую Кахоўку», – каментуе паспяховую атаку адзін з украінскіх афіцэраў.

Ці гэта славутае контрнаступленне ці франтавая штодзённасць? Для ўкраінскіх вайскоўцаў гэтае пытанне, здаецца, не мае значэння. Яны ведаюць, што абараняюць сваю радзіму, яны не могуць сказаць, што стаміліся і з іх хопіць. Яны таксама ведаюць, што нават, калі яны сапраўды ўдзельнічаюць у буйным контрнаступленні, то іх яшчэ чакае доўгая барацьба. Іх не пужае ні разбурэнне дамбы ў Новай Кахоўцы, ні пагрозы прымянення ядзернай зброі. У іх проста няма іншага выйсця.

Аўтар: Павел Бабаловіч.

Comments are closed.