Loading

Поўнамаштабную вайну Расіі з Украінай, якая доўжыцца ўжо больш за год і з’яўляецца часткай дзевяцігадовай агрэсіўнай палітыкі Крамля, можна аналізаваць як у геапалітычным кантэксце, так і ў кантэксце двухбаковых стасункаў паміж Масквой і Кіевам. Цалкам падпарадкаваная Расіі Украіна павінна адыгрываць ключавую ролю ў дасягненні мэты Уладзіміра Пуціна па аднаўленні Расійскай імперыі. Імкненне да рэалізацыі гэтай мэты ўзаконена расійскімі ўладамі, якія выкарыстоўваюць супраць украінскага народа злачынныя сродкі, у тым ліку акты генацыду.

Значэнне Украіны для ролі Расійскай Федэрацыі на міжнароднай арэне

Адна з галоўных мэт геастратэгіі РФ пры Пуціне – аднаўленне ўплыву на яе перыферыях, страчаных у выніку распаду Савецкага Саюза. Аналізуючы дзеянні Расіі ў дачыненні да краін Усходняй Еўропы, варта адзначыць, што, нягледзячы на тое, што пасля распаду СССР прайшло больш за 30 гадоў, Расійская Фэдэрацыя па-ранейшаму імкнецца захаваць дамінуючае становішча на прасторы Усходняй Еўропы (у шырокім сэнсе Садружнасці Незалежных Дзяржаў) і што яна выкарыстоўвае для гэтага розныя сродкі (у тым ліку ваенную моц, як у выпадку з грузіна-расійскай вайной у жніўні 2008 года і вайной з Украінай, якая працягваецца з 2014 года). Асноўнымі мэтамі Расіі застаюцца імкненне да рэінтэграцыі постсавецкай прасторы і ўмацаванне пазіцый лідара ў рэгіёне. Такая пазіцыя звышдзяржавы заклікана забяспечыць Расійскай Федэрацыі выключны кантроль над постсавецкай прасторай і дазволіць ёй гуляць ролю аднаго з цэнтраў сілы ў новым шматпалярным, як хоча Расія, міжнародным парадку. У гэтым кантэксце тэрыторыя Усходняй Еўропы з’яўляецца традыцыйным рэгіёнам для Расіі – гістарычнай зонай яе жыццёвых інтарэсаў і выключнага ўплыву, а таксама зонай, якая з’яўляецца аб’ектам рэінтэграцыйнай палітыкі Крамля.

Больш за тое, Расійская Федэрацыя аперыруе сваім вызначэннем інтэграцыі, адрозным ад заходняга. Яно прадугледжвае ўсебаковое аднаўленне дамінавання Расіі на прасторы СНД і паглыбленне стратэгічнай залежнасці краін гэтага рэгіёну ад Расіі, асабліва ў сферы эканомікі і рэгіянальнай бяспекі. Такім чынам, гэты працэс не варта параўноўваць з інтэграцыяй у рамках Еўрасаюза, якая, наадварот, ідзе знізу ўверх і прадугледжвае супольныя каштоўнасці і інтарэсы, добраахвотнае ўступленне і сумесныя выгоды. Больш за тое, прыярытэтнае трактаванне праблематыкі постсавецкай прасторы ў знешняй палітыцы Расіі абумоўлена не толькі геапалітычнымі, але і культурна-гістарычнымі прычынамі, агульнымі інтарэсамі бяспекі, эканамічнымі сувязямі, неабходнасцю клопату аб рускай дыяспары і г.д.

Выключна важнымі для Расіі застаюцца і пытанні прэстыжу, якія заключаюцца ў яе жаданні адыгрываць ролю своеасаблівага моста паміж Азіяй і Еўропай. Больш за тое, прастора Усходняй Еўропы з’яўляецца пастаянным кампанентам культурнай ідэнтычнасці Расіі. Праява гэтага – перакананне саміх расіян аб непадзельнасці земляў, т.зв. Вялікай, Малой і Белай Русі, а таксама Закаўказзя, якія лічыліся адасобленай ад заходняй культурнай айкуменай. Значнасць гэтых земляў закранае саму сутнасць рускасці і ідэнтычнасці Расіі ў яе новых тэрытарыяльных умовах. У прыватнасці Украіна і Беларусь, якія зʼяўляюцца для Расіі натуральнай мяжой паміж Усходам і Захадам, разглядаюцца ёй як гарантыі статусу звышдзяржавы. Гэтыя краіны ўспрымаюцца як неад’емная частка Вялікай Расіі, як з моўнага, этнакультурнага, так і з гістарычнага пункту гледжання. Таму палітыка ў адносінах да т. зв «блізкага замежжа» грунтуецца на сталым перакананні, што іх незалежнасць павінна заставацца толькі часовым феноменам.

Кантэкст адносін Расіі з Еўрасаюзам

Варта адзначыць, што адносіны Расіі з ЕС азмрочаны вялікадзяржаўнай рыторыкай і палітыкай прыярытэтных кантактаў з вялікімі і ўплывовымі краінамі ў самім ЕС: Германіяй, Францыяй і Італіяй– пры гэтым ігнаруюцца астатнія сябры Саюза, у першую чаргу былыя краіны Усходняга блоку і краіны Балтыі. Таксама назіраецца грэблівае і варожае стаўленне да інтэграцыйных памкненняў краін Усходняй Еўропы (асабліва Украіны). Абапіраючыся на дамоўленасці з галоўнымі еўрапейскімі дзяржавамі, Расійская Федэрацыя беспрынцыпна выкарыстоўвае ўнутраныя расколы ўнутры ЕС і разглядае іх як інструмент палітычнага ўплыву. Больш за тое, у адносінах ЕС і Расіі існуе нямала элементаў патэнцыйнага суперніцтва. Найлепшым прыкладам гэтага застаюцца канфлікты інтарэсаў паміж Еўрапейскім саюзам, які палітычна пашыраецца і павялічвае сваю міжнародную вагу, і Расіяй, якая спрабуе захаваць былую сферу ўплыву ва Усходняй Еўропе. Такі складаны і амбівалентны характар адносін у сваю чаргу ўплывае на эфектыўнасць супрацоўніцтва паміж Расіяй і ЕС, якое знаходзіцца ў падвешанай фазе (санкцыі) пасля анексіі Крыма і канфлікту на Данбасе, які працягваецца з 2014 года, а таксама цяперашняй вайны.

Рэвізіянізм Расійскай Федэрацыі на міжнароднай арэне

Распад біпалярнай сістэмы прывёў да фарміравання парадку новага тыпу. Як адзначае Адам Д. Ротфельд, улада і моц у міжнародных стасунках носяць характар разрознены і поліцэнтрычны. У той жа час правілы і нормы, прынятыя ў мінулым, адлюстроўваюць міжнародную сітуацыю, якой больш не існуе, то бок яны адпавядаюць сітуацыі мінулага. Нормы і правілы патрабуюць адаптацыі да новай міжнароднай рэчаіснасці, сфарміраванай новымі сіламі (звышдзяржавамі). Такім чынам ствараецца своеасаблівы «вакуўм», якім і спрабуюць скарыстацца новыя цэнтры сілы.

Зараз мы назіраем сітуацыю, калі Расія ў аднабаковым парадку спрабуе навязаць свету новыя правілы гульні. Прыкладам такіх дзеянняў сталі адхіленыя Захадам прапановы заключэння дзвюх новых дамоў, вылучаныя Крамлём у снежні 2021 года ў дачыненні да ЗША і НАТА. У іх рамках Расія хацела «узаконіць» з дапамогай міжнароднага права сваю «традыцыйную сферу ўплыву», абавязаўшы Паўночнаатлантычны альянс не толькі не пашырацца на ўсход, але і падзяліўшы сябраў NATO на «старых» і «новых» (сярод іх Польшча і іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы). І хоць Крэмль выкарыстоўваў пры гэтым міжнародна-прававыя інструменты, ён рабіў гэта выключна з тэхнічных меркаванняў – для Масквы сістэма міжнароднага права ўяўляе сабой фактычна набор чыста працэдурных прававых рашэнняў без усялякай аксіялогіі і рэальнага значэння. Адпаведна, ілюстрацыяй такой «новай гульні без правілаў» зʼяўляецца спроба падпарадкаваць Украіну правілам «русского мира».

Увосень 2013 года ва Украіне пачаліся акцыі пратэсту пад назвай Еўрамайдан (або Рэвалюцыя Годнасці), якія прывялі да геапалітычных змен ва Усходняй Еўропе і, ускосна, да пачатку ўзброенага канфлікту паміж Расіяй і Украінай. Аднак цяжка зразумець прычыны ўкраінскага крызісу, не звяртаючыся да эвалюцыі знешняй палітыкі Расіі і яе ўспрымання міжнародных адносін у апошнія гады. Рычард Саква адзначае, што апошнім часам палітыка Расіі эвалюцыянавала ў бок рэвізіянізму, што прывяло да канфрантацыі ва Украіне (з пэрспэктывы 2023 году мы бачым, што гэта супрацьстаянне паміж Расіяй і ЗША і, шырэй, Захадам). На думку аўтара, змена расійскай палітыкі выклікана як мінімум чатырма прычынамі. Па-першае, на гэта паўплывала паступовае пагаршэнне стасункаў з ЕС. Па-другое, ключавым пытаннем быў паступовы дэмантаж агульнаеўрапейскай сістэмы бяспекі, у якой Расія выступала як аўтаномны партнёр у супрацы з Захадам. Па-трэцяе, Расія і многія іншыя набіраючыя моц дзяржавы, як Кітай, кінулі выклік амерыканскім прэтэнзіям на «выключнасць» і глабальнае лідарства. Па-чацвёртае, каталізатарам расійскага рэвізіянізму стала ідэалогія «дэмакратызму», якая адрозніваецца ад практыкі ўласна дэмакратыі. Таму Р.Саква лічыць, што Расія пераканана: прасоўванне Захадам дэмакратыі з’яўляецца прыкрыццём для дасягнення яго стратэгічных мэтаў. Можна сказаць, што існуе шэраг разыходжанняў паміж Расіяй і Еўрасаюзам у дачыненні да Усходняй Еўропы (спаборніцтва за тэрыторыю бліжэйшага суседства, энэргетычныя пытанні, правілы эканамічнага супрацоўніцтва ці пытанні дэмакратыі, правоў чалавека і грамадзянскіх свабод). Паўстае пытанне аб месцы Украіны ў адпаведнай канкурэнцыі звышдзяржаў за будучы баланс сіл у гэтай частцы Еўропы. Больш за тое, ці не стаў рэвізіянізм Расіі (з удзелам іншых дзяржаў, напрыклад Кітая) дзякуючы вайне ва Украіне і Сірыі прычынай працэсу станаўлення постаднапалярнага міжнароднага парадку?

Генацыд як элемент расійскай імперскай палітыкі

Падыход Расіі да міжнароднага права, як вынік яе геапалітычных памкненняў, мае глыбокія карані ў даўняй палітыцы Расійскай Федэрацыі ў адносінах да знешняга свету, якая назіралася з царскіх часоў і атрымала далейшае развіццё ў Савецкім Саюзе. Расія вызначае сябе як «імперскі субʼект міжнароднага права», надаючы толькі адпаведнага кшталту дзяржаве поўны суверэнітэт і магчымасць свабодна дзейнічаць на міжнароднай арэне. Дзяржавы з меншым размахам і ўплывам, наадварот, зводзяцца да статусу элементаў «традыцыйнай сферы ўплыву», і калі, яны адступаюць ад гэтага статусу, то павінны быць гатовыя да санкцый. Асабліва яскрава гэтая заканамернасць праявілася падчас кіраўніцтва Іосіфа Сталіна, калі, нягледзячы на фармальную фэдэратыўную структуру Савецкага Саюзу, асобныя рэспублікі разглядаліся як унутраныя калоніі Масквы.

Паводле аналізу гісторыка Мікалая Іванова, гэтая з’ява была ключавым элементам палітыкі генацыду сталінскага пэрыяду, дзе яна суіснавала з асабістай перадузятасцю і нават нянавісцю Іосіфа Вісарыёнавіча Джугашвілі да розных нацыянальнасцяў, якія пражывалі ў СССР, у тым ліку да ўкраінцаў і палякаў. Гэтыя фактары прывялі да масавых злачынстваў, такіх як Галадамор у Савецкай Украіне ў 1932–1933 гг. або да «польскай аперацыі», праведзенай НКУС у 1937–1938 гг. У цяперашні час гэтыя падзеі ацэньваюцца як праявы мэтанакіраванага генацыду. Аднак сам генацыд праяўляецца ў знішчэнні асоб украінскага паходжання выключна з прычыны іх ідэнтыфікацыі як украінцаў, а не як прадстаўнікоў «рускага свету» (як гэта было ў Ізюме ці Марыупалі). У дадатак да фізічных аспектаў, генацыд таксама ўключае акты псіхічных пытак да асоб украінскага паходжання, у тым ліку шырока распаўсюджаныя выпадкі гвалтавання. Больш за тое, украінскіх дзяцей масава дэпартуюць у Расію для выхавання ў адпаведнасці з прынцыпамі расійскага імперыялізму. Гэтыя формы гвалту ўяўляюць сабой прыклады фізічнага, псіхічнага і біялагічнага генацыду, зафіксаваныя ў міжнародным праве.

Апошняя рэзалюцыя Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, які выдаў ордэр на арышт, сярод іншых, прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна за стварэнне сістэмы выкраданняў украінскіх дзяцей (хоць гэта зараз класіфікуецца як ваеннае злачынства, аднак гэта можа быць зменена на падставе будучых доказаў), паказвае, што менавіта вышэйшае кіраўніцтва Крамля мае ўплыў на злачынную палітыку, якая праводзіцца супраць украінцаў.

Падсумаванне

Брутальная вайна пуцінскай Расіі супраць Украіны, якая вядзецца ўжо дзевяць гадоў – і больш за год у поўнамаштабным рэжыме – гэта больш, чым проста «капрыз» кіраўніка ў Крамлі. Гэта жаданне ўвайсці ў гісторыю як чарговы расійскі/савецкі лідар, які збірае «гістарычныя землі» у «традыцыйнай сферы ўплыву» Масквы, аднаўляючы статус Расійскай Федэрацыі як звышдзяржавы, здольнай фактычна змяніць правілы геапалітычнай гульні. У гэтым кантэксце здзейсненыя злачынствы, асабліва генацыд, выступаюць як адзін са сродкаў, які можа дазволіць адбудову і захаванне імперыі ў імя ідэі «русского мира», як гэта было з рускім натывізмам у царскія часы ці homo sovieticus у перыяд СССР. У гэтай перспектыве незалежная Украіна з асобнай нацыяй і моцнай ідэнтычнасцю з’яўляецца толькі перашкодай для рэалізацыі намераў Масквы.

Аўтар: Томаш Шчэпнеўскі.

Comments are closed.