Loading

Чым бліжэйшыя парламенцкія выбары ў Польшчы, тым больш у беларускай прапагандзе польскага кантэнту. Часам здаецца, што менавіта жыхары Беларусі будуць галасаваць: так падрабязна ў афіцыйных беларускіх СМІ расказваюць пра праграму кожнай партыі і ледзь не пра кожнага кандыдата. Беларускія ўлады занялі выразна анты ПіСаўскую пазіцыю, але і не прадэманстравалі відавочнай падтрымкі апазіцыі. Пакуль у Беларусі асцярожна спадзяюцца на перазагрузку стасункаў з Польшчай пасля выбараў.

Асноўны ўдар у беларускіх СМІ накіраваны супраць кіруючай партыі «Права і справядлівасць», таму што ў пагаршэнні беларуска-польскіх адносін тут вінавацяць менавіта польскі бок, які не ацаніў знакі рэжыму Лукашэнкі, а замест гэтага будуе на мяжы плот, мадэрнізуе войска і перакідвае ўсё бліжэй да Беларусі вайсковыя часці, а таксама прытуліў у сябе дзясяткі тысяч тых, каго ў Мінску вельмі жадаюць пасадзіць у турму. Польскія прэзідэнт і прэм’ер даўно сталі галоўнымі ворагамі афіцыйнага Мінска і ў беларускай прапагандзе з’явіўся нават устойлівы выраз – «рэжым Дуды-Маравецкага». І вось менавіта гэтыя людзі, паводле ацэнкі праўладных беларускіх экспертаў і палітолагаў, паспрабуюць выбары ў Польшчы сфальсіфікаваць. Для таго, каб не даць ім гэтага зрабіць беларускі рэжым нават адправіў аднаго са сваіх дэпутатаў, назіраць за выбарамі ў Польшчы і потым расказаць людзям усю праўду. Дзяніс Карась паспрабаваў патрапіць у Польшчу ў рамках місіі назіральнікаў парламенцкай асамблеі АБСЕ. Лукашэнкаўскі парламентарый ужо планаваў, як будзе ажыццяўляць назіранне ў Варшаве, але да польскай сталіцы так і не даехаў: польскія памежнікі не ўпусцілі яго ў краіну і разгарнулі на мяжы. Пасля гэтага ў дэпутата здарылася істэрыка на ўсё беларускае тэлебачанне, што чарговая рука сяброўства, працягнутая беларускім бокам, была палякамі праігнараваная, як і аднаўленне дыялогу па парламенцкай лініі. І ў цэлым, без прысутнасці назіральніка з Беларусі, «давер да выбарчага працэсу ў Польшчы падарваны, выклікае сумневы ў сумленнасці і празрыстасці выбараў».

Што беларуская ўлада гаворыць пра польскую апазіцыю? Тут заявы дастаткова асцярожныя, таму што не ведаюць, як павядзе сябе апазіцыя ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. Дональд Туск увесь час цытуецца, але толькі ў тых выпадках, калі ягоныя словы паўтараюць тэзісы беларускай улады. Напрыклад, у прапагандзе шырока разышліся яго заявы аб тым, што сцяна на мяжы дзіравая і не выконвае сваёй функцыі. Але трэба адзначыць, што ўсе гэтыя заявы толькі пра бягучы момант, пра будучыя беларуска-польскія адносіны ніхто пакуль не разважае. Сам Лукашэнка, каментуючы іх, заўважыў: «Калі да ўлады прыйдуць новыя сілы, то ёсць надзея, што адбудзецца нейкая перазагрузка». Калі б былі нейкія гарантыі ад апазіцыі ці надзея на змены пазіцыі Варшавы ў дачыненні да афіцыйнага Мінска, то пра іх тут жа паведамілі б.

У цэлым, у падтрымку Лукашэнкі ў Польшчы выказваюцца толькі дастаткова маргінальныя палітыкі, як напрыклад Кшыштоф Тальвінскі, які зараз зʼяўляецца частым госцем у беларускай прапагандзе і нават выконвае некаторыя іх замовы на тэрыторыі Польшчы, як напрыклад нядаўні пікет Беларускага дома ў Варшаве і патрабаванні выслаць з Польшчы апазіцыйнага палітыка Паўла Латушку.

Ці ёсць магчымасць у Беларускай прапаганды ўмяшацца ў польскія выбары? На ўзроўні Лукашэнкі прадэкларавана, што Беларусь гэтага рабіць не збіраецца. Але заявы афіцыйнага Мінска ўжо даўно трэба тлумачыць наадварот. У гібрыдных аперацыях, на думку аналітыка iSANS Яна Аўсеюшкіна не варта скідаць з рахункаў хакерскую групу UNC1151, афеляваную з беларускім міністэрствам абароны і, па некаторых дадзеных, з ГРУ. Іх заўважылі яшчэ ў 2016 годзе ў распаўсюджванні дэзінфармацыі аб НАТА і ў 2021 годзе хакеры запомніліся аперацыямі супраць Украіны і Польшчы. Па словах эксперта, UNC1151 могуць прыцягнуць да тэмы польскіх выбараў.

Што тычыцца непасрэдна беларускай прапаганды, то тая крытыка Польшчы, якая зараз гучыць з экрана беларускага тэлебачання, хутчэй разлічана на ўнутранага спажыўца ў Беларусі, чым на жыхароў Польшчы. Нават нягледзячы на тое, што ў беларускай прапагандзе зʼяўляецца ўсё больш кантэнту на польскай мове, які павінен палякам адкрыць вочы на тое, што адбываецца ў іх краіне, аўдыторыя гэтага кантэнту зусім нязначная – самае папулярнае відэа набрала каля дзвюх тысяч праглядаў у Інтэрнэце. І будзем сумленнымі, цяжка ўявіць жыхара Польшчы, для якога асноўнай крыніцай інфармацыі аб краіне будзе беларускае тэлебачанне. Таму, выключна беларусы вымушаныя слухаць вербальныя антыпольскія спаборніцтвы беларускіх прапагандыстаў, сярод якіх ёсць кантэнт наўпрост абразлівы, як нядаўні артыкул палітолага Вадзіма Ялфімава «Дуда і два парасяці», пра кіруючую і апазіцыйную партыі. Але трэба сказаць, што беларусы вельмі спецыфічныя спажыўцы кантэнту. Нягледзячы на антыпольскую істэрыю ў тэлевізары і афіцыйных газетах, сацыялагічныя апытанні ўнутры краіны не паказваюць росту антыпольскіх настрояў. Па дадзеных сацыёлага Алега Алампіева, беларусы па-ранейшаму лічаць палякаў «братамі» і сцвярджаюць, што з суседзямі трэба жыць мірна. Яскрава антыпольскія погляды мае нязначная частка насельніцтва, у асноўным гэта ядро электарату Лукашэнкі.

Comments are closed.