Loading

У Ізраілі рэзка адрэагавалі на артыкул у прапагандысцкай беларускай газеце «Мінская праўда», дзе атака ХАМАС на Ізраіль называецца «перамогай Масквы і Мінска». Артыкул, праўда, вельмі хутка выдалілі з сайта выдання, паколькі афіцыйны Мінск яшчэ не вызначыўся, чый бок займаць у канфлікце. Там чакалі ўказанняў з Масквы. І дачакаліся.

Пасля крывавага ўварвання ХАМАС у Ізраіль 7 кастрычніка ў беларускай праўладнай газеце «Мінская праўда» з’явілася калонка расійскага прапагандыста, рэдактара RT Ігара Молатава. Аўтар радуецца нападу баевікоў на прыгранічныя ізраільскія паселішчы, прадказвае «сцягі Палестыны над мячэццю Аль-Акса ў Іерусаліме» і называе тое, што адбылося «перамогай Масквы і Мінска». Артыкул правісеў на сайце выдання ўсяго некалькі гадзін, пасля яго выдалілі, але ў сеціве захаваліся скрыншоты. На публікацыю звярнулі ўвагу ізраільскія СМІ, у якіх яна выклікала жорсткую рэакцыю. Там падкрэслілі, што ў Беларусі карціна «не адрозніваецца» ад Расіі, дзе прапагандысты таксама падтрымліваюць ХАМАС, а над ізраільскай трагедыяй злараднічаюць.

Артыкул у «Мінскай праўдзе» стаў хутчэй выключэннем з паводзін прапаганды, чым вынікам нейкага трэнду. Бо ў першыя дні вайны, а гэта былі выходныя, афіцыйныя беларускія СМІ вельмі слаба адрэагавала на канфлікт у Ізраілі і захоўвалі маўчанне. Гэтаму ёсць тэхнічнае тлумачэнне – у выходныя яны не атрымалі ўказанняў зверху, што казаць і хто вінаваты. Кожная рэдакцыя павінна была вырашыць гэта самастойна, і каб не сказаць больш дазволенага і яшчэ, не дай Бог, таго, што не супадзе з лініяй партыі, прапаганда абмежавалася паведамленнямі інфармацыйных агенцтваў і заявамі беларускага МЗС аб тым, як ён ратуе суайчыннікаў з праблемнага рэгіёна. Таму і было прынятае рашэнне адыёзны артыкул з «Мінскай праўды» на ўсялякі выпадак выдаліць і пачакаць пакуль па пытанні выкажацца галоўны беларускі геастратэг і міратворац. Лукашэнка, дарэчы, нічога не сказаў да гэтага часу. Ён чакае рэакцыі і ўказанняў з Масквы, каб ісці з саюзнікам «у нагу». У сераду пасля заяваў Пуціна больш-менш стала зразумела, у якім ключы павінны быць беларускія афіцыйныя каментары: Ізраіль вайсковым шляхам захапіў спрадвечна палестынскія тэрыторыі, а ў эскалацыі канфлікту вінаватыя ЗША. Дарэчы выданне «Вёрстка» паведамляе, што расійскія дэпутаты атрымалі інструкцыі, як каментаваць палестына-ізраільскі канфлікт: рэкамендавана праяўляць стрыманасць, не падтрымліваць ніводны з бакоў, але пры гэтым асуджаць ЗША, якія распальваюць канфлікты на Блізкім Усходзе. Прадказальна, што падобныя наратывы мы пачуем і ўбачым у беларускай інфармацыйнай прасторы.

Пакуль беларускія афіцыйныя СМІ паўтараюць расійскія наратывы пра заходнюю зброю, якую Украіна нібыта прадала баевікам ХАМАС, пра дрэнны Ізраіль, які забівае бедных палестынцаў. Актыўна мусіравалася тэма, што з-за сітуацыі вакол Ізраіля Украіна больш не будзе ў цэнтры ўвагі сусветнай супольнасці, а значыць, стане атрымліваць менш зброі, менш фінансаў і застанецца ў баку са сваімі праблемамі, пра што яе папярэджвалі «мудрыя палітыкі» ў Маскве і Мінску. Адно з апошніх паведамленняў у прапагандысцкіх каналах аб тым, што 40 забітых ізраільскіх дзяцей гэта насамрэч выдумка журналістаў, таксама не застаўся незаўважаным у СМІ Ізраіля і выклікаў новы шквал крытыкі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска.

Лідэры дэмакратычнай Беларусі, якія зараз жывуць і працуюць у выгнанні, асудзілі тэрарыстаў з ХАМАС і дастаткова дакладна прадэкларавалі, што ў гэтым канфлікце яны на баку Ізраіля.

Comments are closed.