З 14 ліпеня 2021 года, вось ужо год і больш як два месяцы, улады Беларусі без якога-кольвек суду ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага за кратамі, у тым самым Пішчалаўскім замку – старой турме на цяперашняй вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя класік беларускай літаратуры Якуб Колас, зняволены расійскімі жандарамі, мусіў пісаць сваю паэму Новая зямля. Пра тое, як выпускнік філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта, літаратуразнаўца і дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча стаў праваабронцам і здолеў стварыць самы вядомы не толькі з Беларусі, але і далёка за яе межамі Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавядае даўні сябар Алеся Бяляцкага, таксама праваабронца, вясновец і паэт Сяржук Сыс.
З Алесем Бяляцкім я знаёмы больш за 40 гадоў. Нават не з універсітэта, а з падрыхтоўчых курсаў да яго. Гэта быў ліпень 1979 года. Я памятаю яго такога маладога. Трошкі насцярожанага. А пасябравалі мы з ім, калі ўжо былі на другім курсе. Таму што з першага курса Алесь быў стрыманы і трошкі быў закрыты. Я тады сябраваў з Эдуардам Акуліным, які, як і я, пісаў вершы.
«Ён вельмі шмат чытаў. У тым ліку забароненыя кнігі. Іх нехта здымаў на фотаапарат і яны былі на фотапаперы – таўстыя, цяжкія. З гэтага ягонае дысідэнцтва тады і пачалося».
У Алеся заўсёды было такое абвостранае пачуццё справядлівасці. Ён у бойку кідаўся за любую неапраўданую крыўду да кагосьці.
«Памятаю, ужо пасля маёй службы ў войску я патрапіў у адну непрыемную гісторыю і мне патрэбна была абарона. Мы пайшлі ў адвакацкую кантору. Адвакат каштаваў тады 30 ці 40 савецкіх рублёў. Гэта для нас была страшная сума. І Алесь сказаў: «Я буду тваім абаронцам». І ён у судзе вельмі дакладна, аргументавана паводле нейкіх там пунктаў, артыкулаў, якіх я ў тыя гады ўвогуле ведаць не ведаў, даказаў і тая справа супраць мяне развалілася. Ён у судзе проста паводзіўся як абаронца».
Потым нашыя жыццёвыя шляхі трошкі разыйшліся. Алесь быў у аспірантуры. Потым яго паводле конкурсу калектыў абраў дырэктарам Літаратуранага музея Максіма Багдановіча. І там выходзіла газета – ён даў памяшканне.
«Калі ў 1996 годзе адбыліся першыя масавыя затрыманні і шмат людзей завезлі на Акрэсціна, ён арганізаваў збор дапамогі. Гэта былі розныя там Ролтаны і іншае, што тады было. У музеі пакой быў гэтымі пакункамі завалены. І не толькі супрацоўнікі музея, але і іншыя людзі прыходзілі: фасавалі гэта ўсё і перадачы вазілі на Акрэсціна.»
І вось з гэтага мусіць, ён пайшоў да стварэння «Вясны». Але я заўжды ўзгадваў той выпадак, калі ён бараніў мяне ў Гомельскім судзе. І такім вядомым праваабаронцам ён стаў, таму што ён заўжды быў педантычны, мэтанакіраваны, і настойлівы ў дасягненні нейкіх мэтаў. Мы сябруем столькі часу, але яго цяжка ў чымсьці пераканаць. Калі ты хочаш пераканаць Алеся, ты мусіш быць досыць падрыхтаваны.
Шкада, што зараз ён знаходзіцца за кратамі. Але я перакананы, што Алесь з годнасцю пройдзе гэтае выпрабаванне.
«Я памятаю ягонае першае затрыманне ў 2011 годзе, першы ягоны тэрмін, які ён адбываў у Бабруйску. І менавіта гэтая ягоная педантычнасць, распланаванасць усяго, дазваляла яму і тады выжыць. Ён прыйшоў на волю энергічным і бадзёрым чалавекам. Ён у турме напісаў чатыры кнігі. І зараз, я ведаю, што ён піша кнігу ўспамінаў пра Літаратурны музей Максіма Багдановіча і нейкія эсэ».
Калі Алесь быў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, ён мне казаў, што ў яго ёсць каманда аднадумцаў. Я тады не ведаў, хто гэта. А гэта былі дзяўчаты, якія сёння ў праваабароне, некаторыя адыйшлі, але займаюцца культурна-грамадскай дзейнасцю. Потым падцягнуліся і маладыя хлопцы, якія працавалі юрасконсультамі на нейкіх прадпрыемствах, але былі ў Маладым Фронце і ў БНФ – Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч. Алесь заўважыў нейкае іх імкненне да справядлівасці, да свабоды і вычапіў з натоўпу і яны з’ядналіся вакол Алеся, пакідалі свае справы і пайшлі да гэтае хісткае-хісткае – на стварэнне тае «Вясны», якая цяпер такая вядомая.
«Я ўзгадваю адзін выпадак, які адбыўся яшчэ да таго, як я сам патрапіў у Вясну. Мне трэба было прыехаць з Гомеля ў сталіцу, а спыніцца не было дзе. Мы стэлефанаваліся з Алесем за дзень. І вось я выходжу з метро. А там бягуць людзі, бягуць нейкія вайскоўцы ў сіне-шэрай форме з дручкамі, лупцуюць людзей. І я пабёг. Прыходжу я на Вясну ў 10 вечара. А ў гэтых маленькіх пакойчыках чалавек 30 і ўсе нешта робяць: нейкія спісы пішуцца, нехта камусьці звоніць, нейкія пасылкі пакуюцца камусьці перадаваць. Тады была нейкая акцыя, мусіць Дзяды. Я паглядзеў на гэта і здзівіўся – нічога сабе Алесь стварыў сістэму».
Ад пачатку вялікай хвалі рэпрэсій Алесь ведаў, што яна не міне «Вясну». Пачыналася нават не з ліпеня, а з лютага, калі прайшла масавая хваля ператрусаў – 40 ці 50 ператрусаў у праваабаронцаў па ўсёй краіне было за два дні. Алесь тады пачаў працаваць на тое, каб зберагчы арганізацыю. Ён паступова, упрошваючы, нейкага выводзіў з-пад удару. Настаяў на тым, каб некалькі чалавек з’ехалі без аніякага яшчэ пераследу і ячэйку такую зрабілі недзе за межамі.
«Ён адчуваў усё, што чакае «Вясну», наперад. Дар празарлівасці ў яго таксама ёсць. За 4 дні да нашых затрыманняў мы сустракаліся ўжо не ў офісе, а ў нейкім скверы. Я бачыў у ягоных вачах вялікае задуменне і такую нейкую рашучасць. Ён да апошняга дня рабіў усё, каб захаваць арганізацыю. І варта дадаць, ведаючы Алеся так шмат гадоў, ён як жупел, як сцяг праваааброны – ён мусіў сесці. Канешне, ён мог з’ехаць. Але ён ведаў, што, калі ён з’едзе, ён здрадзіць сваёй справе, сваёй ідэі».
Слухайце цалкам размову пра Алеся Бяляцкага з Сяржуком Сысом.
Comments are closed.