5 і 6 жніўня ў горадзе Джыда ў Саўдаўскай Аравіі адбылася сустрэча дыпламатаў і дарадцаў кіраўнікоў дзяржаў па пытаннях нацыянальнай бяспекі з чатырох дзясяткаў краінаў. Асноўная тэма – абмеркаванне прапанаванай прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім формулы міру з 10 пунктаў. Гэта ўжо другая сустрэча падобнага фармату. Першая прайшла ў чэрвені ў Капенгагене. У адрозненне ад шматлікіх самітаў, дзе збіраюцца відавочныя саюзнікі Украіны, на гэтых сустрэчах прысутнічаюць і краіны так званага глабальнага Поўдня – Паўднёваафрыканскай рэспублікі, Саўдаўскай Аравіі, Бразіліі, Турцыі ды Індыі. Адметнасцю цяперашняй сустрэчы стала прысутнасць прадстаўніка Кітая, краіны, якая раней займала нейтральную пазіцыю і якую Расія лічыць сваім саюзнікам у гэтай вайне. Саму ж Расію на гэтую сустрэчу нават не запрасілі. Сустрэча праходзіла за зачыненымі дзвярыма, па яе выніках ніякай супольнай заявы не рабілася. Ва Украіне спадзяюцца, што яна можа стаць этапам у падрыхтоўцы правядзення ў падобным шырокім міжнародным прадстаўніцтве саміту ўжо кіраўнікоў дзяржаваў, якія б абмяркоўвалі мірныя прапановы Зяленскага на самым высокім міжнародным узроўні. Мы абмеркавалі гэтую сустрэчу з дырэктарам украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.
— Пакуль выглядае на тое, што асноўным дасягненнем сустрэчы дыпламатаў і дарадцаў у Саўдаўскай Аравіі стаў удзел у ёй прадстаўніка Кітая. Ці згодныя Вы з гэтым і якую ролю насамрэч адыгрывае далучэнне прадстаўніка Кітаю да гэтага фармату?
— Я мяркую, што гэта не адзіны поспех. Увогуле, той факт, што сабраліся прадстаўнікі каля 40 краінаў і абмяркоўвалі мірны план Украіны – гэта плюс. Гэта сведчыць пра тое, што Украіна прадэманстравала 20% сусветнай супольнасці, што яна хоча завяршэння вайны. У міжнародных стасунках гэта важна.
Важна дэманстраваць, што ў нас ёсць глабальнае бачанне. Калі мы не будзем дэманстраваць свае падыходы, то нам будуць так ці інакш іх навязваць. Таму што свету гэтая вайна не падабаецца. Не падабаецца, бо яна нішчыць эканоміку, не падабаецца, бо яна не дазваляе эфектыўна працаваць лагістычным схемам, бо яна стварае пагрозы для сусветнага харчовага рынку.
Таму свет хоча як мага хутчэйшага завяршэння вайны. А Украіна хоча перамогі. Пры гэтым мы мусім разумець, што перамога – гэта каштоўнасць найперш для Украіны, у меншай мерай – для яе саюзнікаў. Але, усё ж, аб’ектыўна, большая частка свету хоча завяршэння вайны, а не перамогі Украіны.
— Я так разумею, што асноўным прадметам абмеркавання і на Капенгагенскай сустрэчы, і на гэтай і Джыдзе, стала формула міру, прапанаваная прэзідэнтам Зяленскім. Ці можаце вы падрабязней акрэсліць, наколькі яе прымаюць удзельнікі гэтага перамоўнага фармату, сярод якіх, як вядома, і такія краіны, як Індыя, Інданэзія, ПАР, якія не ўваходзяць у заходні блок адназначных саюзнікаў Украіны?
— Давайце не забываць, што сустрэча праходзіла за зачыненымі дзвярыма і мы цяпер па кавалках складаем такі пазл пра тое, як яна адбывалася. Я магу пэўна сказаць, што гэта не апошняя сустрэча ў такім фармаце. Я мяркую, што будзе павялічвацца колькасць дзяржаваў, якія будуць браць у ёй удзел. Але сказаць напэўна, што адны будуць займацца тымі пытаннямі, а іншыя тымі, я, усё ж-такі, не вазьмуся.
Гэта моманты дастаткова тэхнічныя з аднаго боку, з іншага боку, нам трэба разумець, што Украіна мусіць быць не проста актыўным дыпламатычным гульцом, а падтрымліваць свае амбіцыі, падтрымліваць свае заявы і ўнутранымі зменамі. Таму што глядзіце: ва Украіне больш за палову нашых грамадзян не ведаюць, што гэта за мірны план Зяленскага. І гэта, на маю думку, вялікая праблема.
— Пра што кажа адсутнасць нават запрашэння Расіі на абмеркаванне ўкраінскай формулы міру?
— Я мяркую, гэта сведчыць пра то, што ў свеце дастаткова добра разумеюць, што з агрэсарам няма пра што размаўляць. І, калі гавораць, што адзін з вынікаў на чым сыйшліся ўсе ўдзельнікі сустрэчы, гэта павага да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, гэта сведчыць пра тое, што і псеўдарэферэндум 2014 года, і псеўдарэферэндумы 2022 году, які Расія праводзіла на акупаваных украінскіх тэрыторыях, яны граша ламанага не вартыя.
І ў Крамлі гэта мусяць усвядоміць як мага хутчэй. Таму што без гэтага ўсведамлення Расіі будзе ўсё цяжэй і цяжэй камунікаваць на міжнароднай арэне.
— Чаму апошнім часам да абмеркаванняў міру ва Украіне так актыўна далучаюца краіны Поўдню, якія нават чыста геаграфічна знаходзяцца дастаткова далёка ад Украіны і, у адрозненне ад краінаў Еўропы, не ўваходзяць, так бы мовіць, у зону рызыкі пашырэння расійскіх агрэсіўных апетытаў?
— Вельмі просты адказ: есці хочацца. Імідж Украіны як сусветнай жытніцы, ён, вядома ж, пацярпеў праз расійскую агрэсію, але ж паводле суадносінаў «цана-якасць» украінскае збожжа даволі канкурэнтназдольнае на сусветных рынках. І таму яны вымушаныя глядзець за гэтымі рэчамі. То бок, калі для, скажам, краін Цэнтральнай Еўропы – яны там не купяць украінскае збожжа ці будуць яго байкатаваць, а будуць купляць нейкае іншае ці рабіць стаўку на ўласных фермераў, то для шматлікіх краінаў Афрыкі адсутнасць належных запасаў збожжа можа прывесці да істотных палітычных дэстабілізацый.
— Прэзідэнт Зяленскі выказаў надзею, што саміт ужо кіраўнікоў дзяржаваў у такім фармаце можа прайсці ўжо ўвосень. Наколькі гэта рэальна і якіх вынікаў ад яго можна чакаць Украіне?
— Мабыць, пра гэта варта пытаць у самога прэзідэнта Зяленскага ці працаўнікоў ягонага офіса. Я на сённяшні момант такой дакладнай карэляцыі не бачу. Я разумею імкненне ўкраінскага кіраўніцтва правесці як мага глабальнейшы саміт міру, паказаць, што мы хочам міру. Гэта праўда – мы яго хочам.
Але пакуль не відавочным ёсць інструмент прымусу Расіі да завяршэння вайны. Як прымусіць дзяржаву такога вялікага маштабу і дзяржаву з ядзернай зброяй рабіць тое, што яна публічна адмаўляецца рабіць? Я на сённяшні момант гэтага рэцэпту не бачу.
— Але ці магчыма правядзенне гэтага саміту на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў у найбліжэйшы час?
— Усё залежыць ад таго, якія будуць удзельнікі і якія будуць рашэнні. Калі проста для таго, каб паставіць птушачку, што мы гэта правялі – магчыма. Калі не – то хуткага рашэння ў дадзеным выпадку я не бачу насамрэч.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.