Loading

Украіна рыхтуецца да контрнаступу. Дыверсійныя аперацыі актывізаваліся апошнім часам, што, напэўна, сведчыць аб яго хуткім пачатку. У Расіі на гэтым фоне адмяняюць ваенныя парады на 9 траўня, у рэгіёнах на захадзе Расіі забароненае выкарыстанне дронаў і нават бліжэйшы паплечнік Пуціна, Яўген Прыгожын, пагражаў, што баевікі яго незаконнага ўзброенага фармавання «Вагнэр» пакінуць пазіцыі пад Бахмутам. Нібыта з-за недахопу снарадаў.

А які настрой на фоне гэтых навін у байцоў Палка Каліноўскага? – радыё Ўнэт пагаварыла з ваяром-добраахвотнікам палка, мінамётчыкам батальёна «Волат» з пазыўным «Лахвіч».

Добраахвотнік адзначае, што ваяры гатовыя да контрнаступу і чакаюць толькі загаду. Па яго словах, інтэнсіўнасць абстрэлаў з расійскага боку не змяншаецца, але гэта не ўплывае на настрой байцоў.

«Гэтая інфармацыя пра недахоп снарадаў, хутчэй нейкая гульня, з боку «вагнераўцаў» супраць войскаў РФ ці Генштаба. У ворага, мне падаецца, што снарадаў хапае. Таму што гарады руйнуюцца, снарады ляцяць, гэтыя авіяўдары па ўсёй краіне і на фронце насамрэч пекла».

«Лахвіч» таксама звярнуўся да беларусаў. Ён заклікаў суайчыннікаў прыняць тое, што Расія з’яўляецца галоўным ворагам Беларусі, а таксама спыніць усялякія спрэчкі дзеля вызвалення нашай краіны.

«Хачу звярнуцца да беларусаў, таму што ўкраінцы ўжо ў большай колькасці зразумелі як вядзецца барацьба, як вядзецца гэтая вайна за волю. Беларусы, нам трэба зрабіць две высновы. Першая: Расія – вораг. Як бы гэта не адклікалася ў вашых пачуццях, Расія гэта вораг. Другая: мы ўсе розныя, мы маем рознае меркаванне, але нам трэба аб’ядноўвацца. Мы не павінны ганьбіць альбо Святлану Георгіеўну, альбо Зянона Станіслававіча, альбо кагосьці яшчэ. І вось калі мы зразумеем, што Расія гэта вораг, калі мы аб’яднаемся – перамога будзе хутчэй».

Добраахвотнік палка вядзе і свой ютуб-канал, на якім разважае на конт вайны, адказвае на пытанні і паказвае вайну вачыма беларускага добраахвотніка. Ён заклікае ўсіх беларусаў падпісвацца, пакідаць свае пытанні і абяцае на іх усе адказаць.

Поўную версію размовы слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.