Ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны ў 2014-2022 гадах суправаджаецца немілітарнымі дзеяннямі, важным складнікам якіх з’яўляецца інфармацыйная вайна. І на асноўныя пазіцыі тут выходзіць гісторыя. У расійска-ўкраінскім гістарычным канфлікце можна вылучыць пяць важных тэм: 1) гісторыя Кіеўскай Русі; 2) гісторыя казацтва і традыцыі гетманскай Украіны; 3) гісторыя вызваленчага руху 1917-1921 гг.; 4) гісторыя Другой Сусветнай вайны, 5) памяць пра злачынствы камуністычнага рэжыму. Усе гэтыя тэмы актыўна выкарыстоўвае расійская прапаганда.
Па першай тэме расійская гістарыяграфія і прапаганда спрабуюць прысвоіць сабе традыцыі Кіеўскай Русі, прадстаўляючы гэты перыяд як гісторыю Старажытнарускай дзяржавы. Са з’яўленнем незалежнай Украіны Масква павінна б была прызнаць гісторыка-культурны і цывілізацыйны прымат Кіева. Але гэта падрывае гістарычныя і прапагандысцкія міфы пра Расію як старэйшага брата/сястру ўкраінскага і беларускага народаў. Падобным чынам дзейнічае і Маскоўскі Патрыярхат, які прысвойвае праваслаўныя традыцыі Украінскай царквы. Адным з галоўных заступнікаў Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі з’яўляецца св. Аляксандр Неўскі – рускі князь, які перамог Тэўтонскі ордэн і зрабіў геапалітычны выбар на карысць Залатой Арды. Гэта адпавядае расійскаму антызаходняму прапагандысцкаму наратыву і пацвярджае еўразійскі шлях развіцця краіны. У Расіі вельмі часта князь Аляксандр Неўскі супрацьпастаўляецца князю Данілу Галіцкаму, які прыняў папскую карону і шукаў саюзнікаў на Захадзе. Ідэалогія «рускага міра» пашырае культ Неўскага, а другога князя лічыць антыгероем. У 2022 годзе паўстаў кафедральны сабор Узброеных Сіл Расіі, пабудаваны ў тым ліку і ў гонар Аляксандра Неўскага. Расія спрабуе прысвоіць спадчыну кіеўскіх князёў Уладзіміра Вялікага, хрысціцеля Русі, і Яраслава Мудрага, стваральніка Рускай Праўды. У 2009 г. патрульны карабель Балтыйскага флоту атрымаў імя Яраслава Мудрага, а ў 2017 г. падчас візіту ў Парыж Уладзімір Пуцін назваў Ганну, дачку кіеўскага князя і жонку французскага караля, русскай прынцэсай. Асноўны гістарычны міф, якім карыстаецца Масква, – гэта атаясамленне Русі з Расіяй, а князя Уладзіміра з расійскай дзяржавай. Расійскія ўлады арганізавалі ў краіне і за мяжой серыю выстаў, прысвечаных традыцыям праваслаўнай царквы і рускай/ расійскай дзяржавы, было знята некалькі фільмаў і адкрыта пяць помнікаў князю Уладзіміру. Расійская даследчыца Л. Шаўцова слушна заўважае, што, прачытаўшы гістарычную літаратуру, Пуцін усвядоміў важнасць Украіны ў працэсе легітымізацыі расійскай дзяржавы і праваслаўя, якія адсылаюць да традыцый Кіеўскай Русі.
Экзістэнцыяльныя дылемы імперскай палітыкі Расіі абумовілі выкарыстанне на інфармацыйнай вайне паняццяў «Святая Русь» і «рускі мір». Вышэйзгаданыя канцэпцыі выкарыстоўваліся для апраўдання ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў 2014-2022 гадах. Спасылаючыся на міф пра «Святую Русь», свецкая ўлада (У. Пуцін) і царкоўная (патрыярх Кірыл) прадстаўляюць украінцаў і рускіх як адну нацыянальную супольнасць (рускіх), а руска-ўкраінскую вайну як братазнішчальную і як унутраную справу «рускага міра». Прапагандысцкі наратыў прадстаўляе Маскву і, адпаведна, расійскія ўлады, спадкаемцамі традыцыі «збірання земляў рускіх», а Расію – моцнай і цэнтралізаванай дзяржавай, якая бярэ пачатак ад імперыі Рурыкавічаў і нібыта мае гістарычнае права на страчаныя землі былой імперыі.
Наяўнасць існуючых і стварэнне новых гістарычных міфаў праявілася ў т.зв «крымскай прамове» (2014), у якой Пуцін казаў пра Крым як пра калыску рускай нацыі, дзяржаўнасці і цывілізацыі. У артыкуле «Аб гістарычным адзінстве расійскага і ўкраінскага народаў» ад 2021 года Пуцін наўпрост кажа пра тэрыторыю дзвюх дзяржаў як адну гістарычную і духоўную прастору, пра адзіны рускі народ, аб’яднаны дынастыяй Рурыкавічаў і адной праваслаўнай верай. Жанглюючы паняццямі прэзідэнт сцвярджае, што «у нейкі момант гістарычнага развіцця цэнтрам прыцягнення і кансалідацыі тэрыторый Старажытнай Русі магла стаць Русь Літоўская і ўжо досыць моцная ў той час Русь Маскоўская. Гісторыя вырашыла, што цэнтрам аб’яднання, прадаўжальнікам традыцый Старажытнарускай дзяржавы стала Масква. Маскоўскія князі – нашчадкі князя А. Неўскага – пазбавіўшыся знешняга іга, пачалі збіраць гістарычныя рускія землі».
Падчас расійскага ўварвання ва Украіну ў кастрычніку 2022 году Патрыярх Кірыл замест таго, каб асудзіць агрэсію адной праваслаўнай дзяржавы супраць іншай, заклікаў людзей у Маскве, Кіеве і Мінску маліцца за «Святую Русь» і «рускі мір». У наратыве маскоўскага патрыярха ва ўсім вінаваты Захад, бо вядзе вайну супраць «Святой Русі» рукамі ўкраінцаў, і самі ўкраінцы, бо спрабуюць вырвацца з кола «рускага міра».
Яшчэ адно поле канфлікту гістарычнай памяці – перыяд казацтва і гетманскай Украіны. Расійская гістарыяграфія і савецкая прапаганда казалі пра вызвалення праваслаўных украінцаў з-пад улады каталіцкай Польшчы, а Пераяслаўская Рада падавалася як акт аб’яднання «брацкіх народаў». Нягледзячы на складанасць гэтага перыяду ўкраінскай гісторыі, расійская прапаганда працягвае маніпуляваць фактамі, робячы ўхіл на падпарадкаванне казацтва расійскаму цару, і нічога не кажучы пра пратэктарат і аўтаномію казацтва. Расія супраціўляецца пашырэнню гістарычнай праўды для ўкраінцаў, асабліва той, што тычыцца барацьбы з Маскоўскай дзяржавай, прадстаўляе ў негатыўным святле Гадзяцкую ўнію і Канатопскую бітву. Узгаданыя падзеі сведчаць пра сумесныя дзеянні гетманскай Украіны і Польшчы супраць Масквы. Выгоўскі трактуецца ў Расіі як «гетман-здраднік». У 2009 годзе Расія выказала незадаволенасць тым, што ва Украіне адзначалі 350-годдзе перамогі ў бітве пад Канатопам. Расійская гістарыяграфія і прапаганда называюць гэтую перамогу выпадковай, якая не паўплывала на лёс украінскай дзяржаўнасці, а далейшае развіццё падзей, на думку прапагандыстаў, сведчыць, што Украіна выбрала Маскву, а не Варшаву. Казакі, якія змагаюцца за незалежнасць, у расійскіх прапагандысцкіх СМІ выстаўляюцца як здраднікі, што плятуць змову з Польшчай і Швецыяй (Захад) супраць праваслаўнай Масквы, прыроўненай да «Святой Русі». Класічным прыкладам расійскай прапаганды ў гэтым кантэксце зʼяўляецца фарміраванне надзвычай негатыўнага вобраза Івана Мазепы як сімвала ўкраінскай здрады. Сутнасць пытання адлюстроўваюць загалоўкі расійскіх прапагандысцкіх СМІ: «Чаму Мазепа здрадзіў рускім і Пятру» («Вячэрняя Максва» 7 VII 2014), «Як гетман Мазепа здрадзіў цару Пятру» («Комсомольская правда» 28 VIII 2022), «Мазепа – гісторыя здрады» («Архівы Расіі»). У той жа час прапаганда ігнаруе некаторыя гістарычныя факты, якія выстаўляюць Расію ў нявыгадным святле, або называе іх украінскімі фэйкамі. На фоне расійскіх ваенных злачынстваў ва Украіне ў 2022 годзе (Буча, Гастомель, Барадзянка, Ірпень) узгадвалі расправу царскага войска над Батурыным у 1708 годзе. У красавіку 2022 года «Расійская газета» апублікавала артыкул пад назвай «Батурынская разня: галоўны ўкраінскі фэйк 18 стагоддзя».
Грунтуючыся на гістарычных міфах і шматгадовай практыцы савецкай прапаганды, Расія стварае сучасны прапагандысцкі наратыў на раней выпрацаваных клішэ:
а) «аб’яднанне брацкіх народаў»,
б) Масква як абаронца праваслаўнай веры і народу маларускага,
в) Захад, у тым ліку і Польшча, як пагроза і прыгнятальнікі праваслаўнай меншасці,
г) украінская справа як сепаратысцкі рух, што падзяляе «рускі мір» і ўкраінцаў, якія становяцца здраднікамі ідэй «Святой Русі».
Расійскія палітыкі вельмі часта спасылаюцца на гэты гістарычны перыяд, каб абгрунтаваць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Украіны. Словы Уладзіміра Жырыноўскага пра падзел Украіны прапагандысцкія СМІ у кантэксце вайны назвалі прароцкімі. Падобную думку выказвае Пуцін, калі, абгрунтоўваючы свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Украіны, кажа, што яна ўвайшла ў склад Расіі ў 1654 г. у складзе трох абласцей.
Яшчэ адно поле канфлікту памяці тычыцца спроб атрымання Украінай незалежнасці ў 1917-1921 гг., якія ў расійскай гісторыяграфіі называюць грамадзянскай вайной. Стварэнне УНР і Украінскай дзяржавы ў выніку Першай Сусветнай вайны ў Расіі былі пададзена як чарговая порцыя ўкраінскага сэпаратызму і здрады. Больш за тое, ідэі стварэння ўкраінскай дзяржавы прыпісваліся аўстрыйцам, палякам і немцам, якія імкнуліся разваліць Расійскую імперыю. Прапаганда СССР стварыла стэрэатып украінскага буржуазнага нацыяналіста. У гэтую групу ўваходзілі нязручныя Маскве ўкраінскія дзеячы, незалежна ад іх палітычных поглядаў. Галоўны антыгерой у гэтым наратыве – Сімон Пятлюра, які, паводле расійскай прапаганды, здрадзіў Маскве і ўкраінскаму народу, калі пайшоў на саюз з Польшчай. Вышэйзгаданы наратыў быў выкарыстаны і падчас святкавання 100-годдзя пагаднення Пілсудскага-Пятлюры, і быў спробай перашкодзіць стратэгічнаму партнёрству паміж Польшчай і Украінай. Гетмана Скарападскага з аднаго боку называлі калабарацыяністам і нямецкім халуем, а з іншага – хвалілі за разумны падыход да двухмоўя Украіны. Сучасная расійская прапаганда паказвае УНР і Украінскую дзяржаву як няўдалыя спробы стварэння ўкраінскай дзяржаўнасці насуперак інтарэсам Расіі. На гэтай падставе ўзнікае сцвярджэнне, што сувэрэнітэт Украіны магчымы толькі ў саюзе з Расіяй. Іншы міф – Украіну як дзяржаву стварылі бальшавікі.
Прапаганда Расіі працуе на тое, каб зменшыць гістарычную памяць украінцаў пра «белы» і «чырвоны» тэрор або падаць яго ў катэгорыях гістарычнай неабходнасці ў барацьбе за захаванне адзінства расійскай дзяржавы. Расійскі наратыў супрацьстаіць фарміраванню ўкраінскай гістарычнай памяці, заснаванай на подзвігу кіеўскай моладзі ў барацьбе з бальшавікамі (бітва пад Крутамі). Даставіўшы парэшткі Дзянікіна ў Расію, Пуцін санкцыянаваў палітыку адаптацыі традыцыі «белага» руху да сучаснай расійскай памяці. Папулярызуецца палітычнае меркаванне рускага генерала, які ў звароце да маларосаў пісаў пра адзінства рускага народа, называючы Украіну расійскімі губернямі, украінскую дзяржаву – прыдумкай немцаў, а ўкраінскую нацыянальна-вызваленчую вайну – братазнішчальнай бойкай.
У дачыненні да згаданага гістарычнага перыяду расійская прапаганда сфармавала два асноўныя наратывы: а) Захад (Германія і Польшча) прыдумаў Украіну як «анты-Расію» і б) украінскую дзяржаву стварыў Ленін, які падараваў Украіне спрадвечна рускія землі.
Яшчэ адным важным полем інфармацыйнай бітвы застаецца гісторыя Другой Сусветнай вайны, якую ў Расіі называюць Вялікай Айчыннай. Слупом расійскай прапаганды ў гэтым кантэксце з’яўляецца культ герояў вайны і свята Вялікай Перамогі, які даведзены да такой ступені, што частка назіральнікаў называюць гэтую зʼяву «варʼяцтвам перамогі». Расійская прапаганда выкарыстоўвае вышэйзгаданы культ для падтрымання міфа аб Расіі як краіне, якая змагаецца за мір з нацызмам/фашызмам у свеце. Расія нават патрабуе ад іншых краін, асабліва на постсавецкай прасторы, прыняць расійскі прапагандысцкі наратыў як гістарычную праўду. Разгляд падзей у іншым ракурсе ўспрымаецца як фальсіфікацыя гісторыі і русафобія. Каб захаваць сферу ўплыву расійскі «пераможны ўгар» планавалася перанесці і на ўкраінскае грамадства. Адразу пасля расійскай агрэсіі Украіна ў 2016 годзе змяніла акцэнты ў святкаванні 9 траўня, адмовіўшыся ад Дня Перамогі (у Вялікай Айчыннай вайне) на карысць Дня Перамогі над нацызмам у Другой Сусветнай вайне, а 8 траўня пачалі адзначаць як Дзень памяці і прымірэння. Расійская прапаганда адрэагавала адназначна: «Украіна адмаўляецца ад Дня Перамогі» або «Захад хоча адмяніць Дзень Перамогі над нацысцкай Германіяй». Элементамі расійскай прапаганды падчас святкавання Дня Перамогі, акрамя ваенных парадаў у Маскве, сталі акцыі «Бессмяротны полк» і «Георгіеўская стужка». Культ Вялікай Перамогі Расія выкарыстоўвае як у сваёй унутранай палітыцы, так і на міжнароднай арэне. Ён служыць для апраўдання агрэсіўнай палітыкі і мілітарызацыі дзяржавы і прадстаўляецца як барацьба за мір і дэнацыфікацыя. Гэтая рыторыка ўпісваецца ў формулу «абарончага імперыялізму» Расіі і таксама служыць апраўданнем вайны, развязанай супраць Украіны. Для мабілізацыі грамадства і легітымізацыі агрэсіўнай вайны расійская прапаганда вельмі часта выкарыстоўвае правераныя клішэ «свяшчэнная вайна» і «айчынная вайна». Незаконную анэксію ўкраінскіх тэрыторый у 2022 годзе назвалі «вяртаннем зямель рускіх». Расійская прапаганда адаптавала да цяперашніх умоў інфармацыйнай вайны створаны яшчэ Савецкім Саюзам вобраз украінскага нацыяналіста/фашыста. І таму кожны незалежны ад Расіі палітычны рэжым Украіны, асабліва пасля 2014 году, называюць «фашысцкай хунтай» або «нацысцкім рэжымам». Навязваючы свой наратыў, расійская прапаганда нават не звяртае ўвагі на тое, што ўкраінскія нацыяналістычныя групоўкі падчас парламенцкіх выбараў не здолелі пераадолець выбарчага парогу, а ўкраінскую дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт яўрэйскага паходжання, роднай мовай якога зʼяўляецца руская. Прапаганда Расіі спрабуе скрыць факты пра ваенныя злачынствы Чырвонай Арміі ў 1939-1941 гадах і наадварот апублічыць такія даныя ў кантэксце злачынстваў АУН і УПА на Валыні ў 1943-1947 гадах. З аднаго боку, Расія зневажае постаць Бандэры як аднаго з герояў Украіны, а з іншага, без усялякага сораму адраджае культ Сталіна. Расійскім прапагандысцкім наратывам (Вялікая Айчынная вайна / Чырвоная Армія / Георгіеўская стужка / Сталін) украінскі бок супрацьпастаўляе ўласныя наратывы (Другая Сусветная вайна / Чырвоныя макі/ УПА / Бандэра).
Зыходзячы з вышэйнапісанага, можна зрабіць выснову, што на полі інфармацыйнай вайны сфармуляваны наступныя наратывы:
а) украінскі нацыяналізм / фашызм адрадзіўся ва Украіне, а Расія мае маральны абавязак змагацца з фашызмам;
б) Расія – міралюбівая краіна і па вызначэнні не можа быць агрэсарам;
в) Захад і Украіна перапісваюць гісторыю, у тым ліку і Другой Сусветнай вайны, а Расія адстойвае гістарычную праўду.
Злачынствы камуністычнага рэжыму – яшчэ адна важная вяха расійска-ўкраінскага гістарычнага канфлікту. У гэтым полі расійская прапаганда асабліва супрацьстаіць украінскай гісторыі, звязанай з Галадаморам і сталінскімі рэпрэсіямі. Узорны набор клішэ на гэтую тэму з’явіўся ў лісце прэзідэнта Мядзведзева У. Юшчанку. Расійскі прэзідэнт называе трагедыю так званым «галадаморам» і ўказвае на ўзнікненне голаду ў 1932-1933 гадах і ў іншых раёнах СССР. Акрамя таго, ён адмаўляе наўмысныя дзеянні Масквы супраць украінскага народа, указваючы на нібыта неўраджай. Ён заклікае Украіну ўстрымацца ад дзеянняў па прызнанні гэтых падзей злачынствам супраць украінскага народа як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. У расійскіх прапагандысцкіх СМІ пачалі з’яўляцца матэрыялы пад шматзначнымі загалоўкамі: «Галадамор – украінскі фэйк» або «Як міф пра Галадамор ператварыўся ў свята нянавісці да расіян».
Прапагандысцкая дзейнасць Расіі адносна гэтай эпохі была сканцэнтравана на трох асноўных пытаннях. Па-першае, апраўдаць рэпрэсіўную сталінскую палітыку неабходнасцю захавання моцы і адзінства Расійскай дзяржавы. Па-другое, замаўчаць гістарычную памяць пра рэпрэсіі і злачынствы камуністычнага рэжыму. Па-трэцяе, супрацьстаяць дэкамунізацыі Украіны і захаваць агульную памяць пра СССР.
Расійская прапаганда інтэнсіўна выкарыстоўвае згаданыя перыяды і гістарычныя моманты падчас інфармацыйнай вайны супраць Украіны ў дзвюх асноўных мэтах. Першая – не дапусціць утварэння ва Украіне кансалідаванай нацыянальнай дзяржавы са сваёй гісторыяй. Другая – апраўдаць ваенныя дзеянні супраць Украіны. Дзеянні расійскай прапаганды аб’ядноўвае заява Пуціна пра Украіну як пра дзяржаву, якая не сфарміравался. Гісторыя, аднак, любіць пажартаваць і, прэзідэнт Расіі атрымаў адваротны вынік у выглядзе ўкраінскай нацыі і дзяржавы, якія эфектыўна супрацьстаяць расійскай агрэсіі, у тым ліку на полі гістарычнай памяці і інфармацыйнай вайны.
Валянцін Балук
Walenty Baluk
Comments are closed.