Loading

Беларусы, якія жывуць ва Украіне амаль у адзін голас кажуць, што за больш як паўтара года паўнамаштабнай вайны з Расіяй, якая пачалася ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, не сутыкаліся нажыва з хэйтам на свой адрас ад звычайных украінцаў. Але вось у інтэрнэце часам узнікаюць сапраўдныя цкаванні ўсіх без разбору ўладальнікаў беларускага пашпарту. Ці ёсць гэта пашыранай думкай ва ўкраінскім грамадстве? Украінская журналістка, якая даследавала тэму хэйту беларусаў ва Украіне Наталля Пазняк-Хаменка сцвярджае, што гэтыя хвалі хэйту запускаюцца з-за ўсходняй мяжы і Украіны, і Беларусі і маюць на мэце пасварыць украінцаў з найбліжэйшымі суседзямі. Сваімі высновамі спадарыня Наталля падзялілася з нашым радыё. 

З аднаго боку зразумець прыроду гэтага хэйту магчыма. Таму што, калі ў нас пачалася вайна і калі, асабліва летась, пачаліся рэгулярныя абстрэлы з боку Беларусі і менавіта тое, што на Кіеў (расійскія) войскі зайшлі з боку Беларусі, што Лукашэнка на той час цалкам падтрымаў дзеянні Пуціна і стаў ягоным памагатым, цалкам надаў сваю тэрыторыю для вайсковых дзеянняў, таму гэтае стаўленне да назвы Беларусь неяк аўтаматычна адбілася і на саміх беларусах. 

Але разам з тым хачу сказаць, што вайна – гэтае паўнамаштабнае ўварванне, пачалася ў нас 24 лютага. А вось гэтая хваля хэйту пачалася недзе ў траўні-чэрвені. Я за гэтым назірала, і ў мяне склалася трывалае пачуццё, што гэта мэтанакірваная такая, як зараз модна казаць, інфармацыйна-псіхалагічная спецаперацыя (ІПСА), адмыслоўцы якой, мы самі разумеем, сядзяць ці на Лубянцы, ці яшчэ недзе, але дакладна не ва Украіне і не ў Беларусі. 

Прычым, цікава, што я стасавалася на гэтую тэму са сваімі сябрамі, якія нібыта нармальныя, адэкватныя, патрыятычныя і не схільныя да такіх маніпуляцыяў. Але яны таксама былі схільныя ўсіх беларусаў лічыць аднолькавымі. 

Я пачала даследаваць гэтую тэму. І пачала адасабляць: разумееце, калі ў каментарах, калі ў аргументах людзей паўтараюцца практычна даслоўна адныя і тыя самыя фразы, адныя і тыя самыя фармулёўкі, то ты пачынаеш думаць, што гэта ўсё не выпадкова, што гэта не думка чалавека, а гэта недзе пачутае, і яно проста рэтранслюецца. 

Хачу сказаць, што такія хвалі спрэчак былі і з украінскага боку, і з беларускага – хвалі ўзаемных прэтэнзіяў. З беларускага боку, напрыклад, былі прэтэнзіі, што «вы ўвесь час працавалі з Лукашэнкам, у 2019 годзе 67% украінцаў падтрымлівалі Лукашэнку і лічылі яго эфектыўным прэзідэнтам, вы ў 2020 годзе, калі ў нас пачаліся такія рэпрэсіі, усё адно не спынілі з ім стасункі, працягвалі гандляваць» і гэтак далей. З боку Украіны было тое, што «вось у вас не такая была рэвалюцыя, не такія былі пратэсты, вось мы свайго дамагліся, а вы свайго не дамагліся» і гэтак далей і да таго падобнае. 

І бачна, што гэта разганяецца штучна. Я зразумела: каму гэта выгадна, каму выгадна пасварыць нас? Адназначна, што гэта ўсё была інфармацыйна-псіхалагічная спецаперацыя, якая запускалася з Масквы праз дасяжныя ім сродкі. І, паколькі мы, асабліва беларусы, а украінцы таксама, знаходзяцца практычна ў адным інфармацыйным полі дагэтуль з расійцамі, вельмі шмат такіх укідаў, якія ідуць праз Тэлеграм, праз Вайбер, праз іншыя дадаткі, яны так ці інакш працуюць. 

Зараз гэтая хваля сцішылася. Калі ў яе няма такога штучнага падсілкавання ў інтэрнэце, людзі спакойна стасуюцца. Людзі ў нас ведаюць і пра Полк Каліноўскага, і пра загінулых беларускіх герояў – у нас імёнамі беларускіх герояў называюць вуліцы, мы ведаем пра Жызьнеўскага, які ёсць Героем Украіны. Мы шануем сапраўдных беларусаў, якія змагаюцца, якія ваююць за сваю незалежнасць. І мне здаецца, што, усё ж, мы навучіліся трошачкі адасабляць беларусаў, якія выходзяць пад бел-чырвона-белымі сцягамі, і, як у вас кажуць, лукашыстаў, якія ходзяць пад дзяржаўнымі зялёна-чырвонымі сцягамі з вышыўкаю – савецкімі. 

Таму мы шчыра зычым вам, каб, усё ж, і мы адолелі свайго ворага, і вы адолелі свайго ворага. Таму што вораг у нас адзін. Гэта тое, што, мне здаецца, разумеюць усе. 

Цалкам размову з Наталляй Пазняк-Хаменка слухайце ў плэеры ніжэй:


Comments are closed.